В Беларусь без визы

Савет Еўропы

Савет Еўропы – еўрапейская міжурадавая арганізацыя, створаная 5 мая 1949 г. Яна аб'ядноўвае ў цяперашні час 47 дзяржаў. Штаб-кватэра размешчана ў г.Страсбургу (Францыя).

Кіруючыя органы Савета Еўропы: Камітэт міністраў, Парламенцкая асамблея, Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад.

16 верасня 1992 г. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) дала статус «спецыяльна запрошанага» Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь.

12 сакавіка 1993 г. Рэспубліка Беларусь падала заяўку на ўступленне ў Савет Еўропы. Аднак у студзені 1997 года Бюро ПАСЕ прыняло рашэнне аб прыпыненні статусу «спецыяльна запрошанага» Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго разгляд заяўкі Рэспублікі Беларусь аб уступленні ў Савет Еўропы быў прыпынены. Нягледзячы на гэта, узаемадзеянне з Саветам Еўропы працягвае развівацца па цэлым шэрагу кірункаў.

18 кастрычніка 2016 г. Камітэт міністраў Савета Еўропы прыняў План дзеянняў СЕ для Беларусі на 2016-2017 гг. 24 лістапада 2017 г. беларускі бок пагадзіўся з прапановай Савета Еўропы падоўжыць тэрмін дзеяння гэтага дакумента на 2018 год.

Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграмы Савета Еўропы і Еўрасаюза «Партнерства дзеля якаснага кіравання», якая ахоплівае супрацоўніцтва з краінамі «Усходняга партнерства» ў 2015-2020 гг. у розных сферах (барацьба з карупцыяй, кіберзлачыннасцю, пытанні судовай сістэмы і інш.).

З 2010 года Беларусь прымае ўдзел у пасяджэннях Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) у статусе асацыяванага члена.

Беларусь ўдзельнічае ў сямі кіруючых камітэтах Савета Еўропы (па культуры, спадчыне і ландшафту; па адукацыйнай палітыцы і практыцы; па моладзі; па пытаннях Сусветнага антыдопінгавага агенцтва; па спорту; па процідзеянні гандлю людзьмі; Бернскай канвенцыі) і ў шэрагу іншых камітэтаў Савета Еўропы ў якасці назіральніка.

Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам чатырнаццаці нарматыўна-прававых інструментаў Савета Еўропы (у сферах культуры, адукацыі, права, барацьбы з карупцыяй, спорту). 

У прыватнасці, Рэспубліка Беларусь з 1993 года з'яўляецца ўдзельнікам Еўрапейскай культурнай канвенцыі. У 2014 годзе Беларусь далучылася да Канвенцыі СЕ аб процідзеянні гандлю людзьмі, у 2015 годзе – да Дадатковага пратакола да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю. 17 лістапада 2017 г. Рэспублiка Беларусь ратыфікавала Дадатковы пратакол да Канвенцыі супраць прымянення допінгу.

Вядзецца праца па афармленні ўдзелу Беларусі ў Канвенцыі СЕ па кантрафактнай медыцынскай прадукцыі і аналагічнай злачыннай дзейнасці, якая прадстаўляе пагрозу для аховы здароўя. Прапрацоўваецца мэтазгоднасць далучэння да шэрагу іншых канвенцый СЕ, адкрытых для краін, якія не з'яўляюцца членамі Савета Еўропы.

У апошнія гады назіралася пазітыўная дынаміка дыялогу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). Беларускія дэпутаты працягваюць браць удзел у слуханнях аб сітуацыі ў Беларусі Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, а таксама ў тэматычных канферэнцыях ПАСЕ.

27 чэрвеня 2017 г. ПАСЕ прыняла даклад «Сiтуацыя ў Беларусi». Гэты дакумент адлюстроўвае неабходнасць «працягваць сваю дзейнасць i падтрымлiваць кантакты высокага ўзроўню з беларускiмi ўладамi», рэгулярнага запрашэння парламентарыяў Беларусi на паседжаннi Камicii ПАСЕ па палiтычных пытаннях i дэмакратыi.

У снежні 2008 года Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы надаў статус назіральніка Савету па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Удзел прадстаўнiкоў Савету па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакiравання пры Савеце Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у дзейнасці Кангрэсу спрыяе атрыманню iнфармацыi аб развiццi мясцовага самакiравання ў краiнах-членах Савета Еўропы, а таксама азнаямленню замежных партнёраў з лепшымi практыкамi Беларусi ў гэтай галiне.

Па ўзаемнай дамоўленасці Беларусі і Савета Еўропы з 2009 года у г.Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працуе Інфармацыйны пункт СЕ. Асноўнай задачай Інфапункта СЕ ў г.Мінску з'яўляецца інфармаванне дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, СМІ, ВНУ і грамадзян краіны аб Савеце Еўропы, яго каштоўнасцях, прававых інструментах, дасягненнях і прыярытэтах, а таксама садзейнічанне ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў.

Нацыянальныя паркі «Белавежская пушча» і «Бярэзінскі біясферны запаведнік» валодаюць Еўрапейскімі дыпломамі ахоўных прыродных тэрыторый СЕ.

Лабараторыя фармакапейнага і фармацэўтычнага аналізу РУП «Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя» Міністэрства аховы здароўя Беларусі мае статус асацыяванага члена ў Еўрапейскай сеткі Афіцыйнага медыцынскага кантролю лабараторый (OMCL).

Беларусь таксама актыўна ўдзельнічае ў праграмах Савета Еўропы «Песталоцы» і ENIC Network, якія прадугледжваюць абмен перадавым вопытам у сферы адукацыі і накіраваны на палягчэнне працэдур прызнання дакументаў аб адукацыі адпаведна.

Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў развіцці прагматычнага супрацоўніцтва з Саветам Еўропы і яго статутнымі органамі, уключаючы далейшае пашырэнне ўдзелу ў нарматыўна-прававых інструментах СЕ.