В Беларусь без визы

Арганізацыя Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва

Чарнаморскае эканамічнае супрацоўніцтва (ЧЭС) як міждзяржаўнае аб'яднанне заснавана ў 1992 годзе ў г.Стамбуле на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Чарнаморскага рэгіёна. У 1998 годзе было прынята рашэнне аб пераўтварэнні ЧЭС у Арганізацыю Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЧЭС). У склад АЧЭС уваходзяць 12 краін: Албанія, Арменія, Азербайджан, Балгарыя, Грузія, Грэцыя, Малдова, Румынія, Расія, Сербія, Турцыя і Украіна.

Асноўнай мэтай АЧЭС з'яўляецца стымуляванне ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі рэгіёна ў наступных галінах: гандаль і эканамічнае развіццё; банкаўская справа і фінансы; сувязь; энергетыка; транспарт; сельская гаспадарка; ахова здароўя і фармацэўтыка; ахова навакольнага асяроддзя; турызм; навука і тэхніка; абмен статыстычнымі дадзенымі і эканамічнай інфармацыяй; мытная дзейнасць; барацьба з арганізаванай злачыннасцю, незаконным зваротам наркотыкаў, зброі і радыёактыўных матэрыялаў, тэрарызмам і нелегальнай міграцыяй. Па гэтых напрамках у арганізацыі сфарміраваны адпаведныя рабочыя групы.

У кастрычніку 2005 года на пасяджэнні міністраў замежных спраў АЧЭС у г.Кішынёве было прынята рашэнне аб прадастаўленні Беларусі статуса назіральніка. У рамках гэтага статуса Беларусь прымае ўдзел у дзейнасці кіруючых органаў АЧЭС – Камітэта старшых службовых асоб і Савета міністраў замежных спраў, а таксама профільных рабочых груп.

На сесіі Парламентскай асамблеі АЧЭС (ПАЧЭС) у г.Тыране 23-24 лістапада 2005 г. статус назіральніка быў нададзены Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода рэгулярна прымаюць удзел у пленарных сесіях ПАЧЭС.

Найвялікшую цікавасць для беларускага боку ўяўляе ўзаемадзеянне з АЧЭС у галіне транспарту і камунікацый, энергетыкі, мытных працэдур, турызму, навукі і тэхналогій, барацьбы са злачыннасцю, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Рашэннем Савета міністраў замежных спраў АЧЭС ад 29 чэрвеня 2017 г. статус назіральніка для Рэспублікі Беларусь падоўжаны на чарговыя два гады.