В Беларусь без визы

Беларусь і Рух недалучэння

Рух недалучэння (РН) створаны ў 1961 годзе ў мэтах адстойвання інтарэсаў краін, якія развіваюцца, ва ўмовах канфрантацыі халоднай вайны. У першыя тры дзесяцігоддзі пасля стварэння Рух выконваў важную ролю ў садзейнічанні працэсам дэкаланізацыі, станаўленні новых незалежных дзяржаў, дэмакратызацыі міжнародных адносін.

На сённяшні дзень РН налічвае 120 краін-членаў, або 60 працэнтаў колькаснага складу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Рух недалучэння імкнецца займаць нішу палітычнага аб'яднання, якое супрацьстаіць на міжнароднай арэне аднабаковым падыходам і дзеянням Захаду ў дачыненні да краін, якія развіваюцца.

Ацэнка пераважнай большасцю дзяржаў-членаў РН міжнароднай сітуацыі адрозніваецца аб'ектыўнасцю, комплекснасцю. Сярод характарыстык цяперашняй міжнароднай сітуацыі Рух вылучае наяўнасць сур'ёзных выклікаў эканамічнаму развіццю і сацыяльнаму прагрэсу, міжнароднаму міру і бяспецы, вяршынству міжнароднага права, абмежаванага доступу да рэсурсаў, выкарыстання розных мер націску.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам Руху недалучэння з 1998 года. З моманту ўступлення ў Рух і да XVI Міністэрскай канферэнцыі (травень 2011 г., Інданезія), Беларусь з'яўлялася адзінай еўрапейскай краінай-ўдзельніцай Руху (Азербайджан прыняты ў члены РН на вышэйпаказанай Канферэнцыі).

Узаемадзеянне з Рухам недалучэння ў цэлым, а таксама з яго ключавымі дзяржавамі з'яўляецца важным кампанентам забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

З’яўляючыся ўдзельнікам РН, Беларусь атрымлівае палітычную падтрымку дзяржаў-аднадумцаў на міжнароднай арэне, у тым ліку і ў органах сістэмы ААН. Фактар гэтай падтрымкі асабліва важны з улікам таго, што многія ключавыя рашэнні органаў сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прымаюцца ў выніку галасавання.

Менавіта з дапамогай партнёраў па РН Беларусі ўдаецца паспяхова прасоўваць і абараняць свае знешнепалітычныя інтарэсы на міжнароднай арэне і шматбаковых пляцоўках. Самы яркі прыклад, які стаў класічным, – патэнцыял Руху быў рэзультатыўна выкарыстаны Беларуссю на Генеральнай Асамблеі ААН восенню 2004 года ў нанясенні паражэння (упершыню ў гісторыі ААН) ініцыяванаму ЗША і падтрыманаму усімі заходнімі краінамі праекту рэзалюцыі, які меў ў дадзеным выпадку антыбеларускі характар.

У апошнія гады недалучаныя краіны з'яўляюцца самымі надзейнымі партнёрамі Рэспублікі Беларусь па прасоўванні буйных знешнепалітычных ініцыятыў – разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця, стварэнне глабальных партнёрстваў, барацьба з гандлем людзьмі і іншыя. Беларускія ініцыятывы былі адлюстраваны ў шэрагу стратэгічных дакументаў Руху, напрыклад, у выніковым дакуменце XV саміту РН (Егіпет, 2009 год) і XVI міністэрскай канферэнцыі Руху (Інданезія, 2011 год).

Беларусь актыўна адстойвае ў рамках Руху прыярытэт міжнароднага права і імкнецца прасоўваць не толькі свае нацыянальныя інтарэсы, але і актыўна ўдзельнічае ў працэсах умацавання самога РН і яго ролі ў сучасных геапалітычных рэаліях. Такая пазіцыя, безумоўна, служыць умацаванню аўтарытэту нашай краіны сярод недалучаных дзяржаў.

Відавочны выгады, атрыманыя Рэспублікай Беларусь ад членства ў Руху і ў эканамічным кантэксце. Нягледзячы на тое, што эканамічная павестка ў РН не можа пераважаць у сілу палітычнага характару яго канструкцыі, гандлёва-эканамічныя сувязі з краінамі-удзельніцамі Руху пастаянна і ўпэўнена пашыраюцца. З 1998 года Беларусь стала ўпэўнена выходзіць на рынкі недалучаных партнёраў у Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы. Узаемадзеянне з гэтымі краінамі шмат у чым служыць рашэнню такой важнай задачы, як забеспячэнне энергетычнай бяспекі праз дыверсіфікацыю крыніц энергарэсурсаў, якія паступаюць у Беларусь. Прысутнасць на рынках краін-удзельніц РН дапамагае Беларусі выходзіць на рынкі суседніх з імі дзяржаў.

З 1998 года Беларусь прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах Руху і прыносіць у яго дзейнасць прыкметную дадатковую вартасьць. Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік самых актыўных дэлегацый Руху недалучэння, задаючы тон і тэмп на шматлікіх перамовах, самітах і іншых мерапрыемствах з удзелам Руху.

У 2011 годзе Рух недалучэння адзначыў сваё 50-годдзе. З нагоды юбілейнай даты быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, у ходзе якіх ўвага, акрамя падвядзення вынікаў дзейнасці Руху недалучэння, надавалася пастаноўцы задач на будучыню.

У канцы траўня ў Інданэзіі адбылася XVI міністэрская канферэнцыя дзяржаў-членаў РН, а ў пачатку верасня сталіца Сербіі стала месцам правядзення іншай міністэрскай сустрэчы, непасрэдна прысвечанай паўвекавой даце з дня заснавання Руху.
Дадзеныя мерапрыемствы беларускі бок выкарыстоўваў для давядзення да іх удзельнікаў свайго бачання ролі і месца РН у свеце. Прынцыповыя падыходы Беларусі замацаваны ў адпаведных выніковых дакументах. У прыватнасці, беларускія прапановы сталі часткай амбіцыйнай доўгатэрміновай праграмы дзеянняў Руху пад назвай «Наша агульнае бачанне на наступныя 50 гадоў», ухваленай у Інданэзіі.

Танальнасць юбілейных сустрэч паказвае на тое, што дзяржавы-ўдзельніцы РН бачаць неабходнасць садзейнічання станаўленню справядлівага шматпалярнага свету, а таксама канцэнтрацыі агульных намаганняў на адстойванні ўласных інтарэсаў ва ўмовах імклівай глабалізацыі эканамічнага супрацоўніцтва, нарастання канфліктных фактараў ў палітычных адносінах, непрыхаванага саперніцтва шэрага сусветных цэнтраў сілы за энергетычныя рэсурсы і рынкі збыту.