В Беларусь без визы

Праграма развіцця ААН

Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН) з’яўляецца важнейшым органам аператыўнай дзейнасці ААН па прадастаўленні дапамогі (фінансавай, тэхнічнай і інш.) на мэты развіцця. ПРААН створана ў лістападзе 1965 года.

Агульнае кіраўніцтва Праграмай ажыццяўляе Выканаўчы камітэт у складзе 36 членаў, якія прадстаўляюць як краіны ў стадыі развіцця, так і развітыя дзяржавы. Узначальвае ПРААН Адміністратар, які прызначаецца Генеральным сакратаром ААН пасля кансультацый з Выканаўчым камітэтам на тэрмін у чатыры гады. Яго прызначэнне зацвярджаецца Генеральнай Асамблеяй ААН. З красавіка 2009 года пост Адміністратара займае Хелен Кларк (Новая Зеландыя).
 
Мэтаю ПРААН з’яўляецца садзейнічанне краінам у стадыі развіцця і краінам з пераходнай эканомікай ва ўмацаванні патэнцыялу развіцця. Фінансавыя сродкі ПРААН фарміруюцца з добраахвотных узносаў дзяржаў-членаў ААН, устаноў сістэмы ААН, няўрадавых арганізацый і прыватнага сектара (у 2009 годзе – 4,7 млрд долараў у год).
 
ПРААН мае офісы ў 136 краінах. Гэта самая буйная сетка прадстаўніцтваў на месцах з усіх арганізацый сістэмы ААН, якія аказваюць дапамогу ў мэтах развіцця. Праз гэтыя прадстаўніцтвы Праграма падтрымлівае намаганні ў сферы развіцця ў 166 краінах шляхам супрацоўніцтва з урадамі і грамадскімі арганізацыямі.
 
Кіраўнікі прадстаўніцтваў Праграмы звычайна сумяшчаюць пасаду рэзідэнта-каардынатара аператыўнай дзейнасці ААН і прадстаўляюць іншыя структуры Арганізацыі на месцах. Гэта таксама датычыцца і Прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь Антоніуса Брука (Нідэрланды). Брук сумяшчае гэтую пасаду з выкананнем функцый Рэзідэнта-каардынатара ААН у Беларусі.
 
Прыярытэтнымі напрамкамі працы ПРААН з’яўляюцца садзейнічанне ў дасягненні праграмнымі краінамі Мэт развіцця тысячагоддзя, ліквідацыя галечы, умацаванне нацыянальных інстытутаў у сферы макраэканамічнага кіравання, абарона навакольнага асяроддзя, садзейнічанне занятасці, паляпшэнне становішча жанчын, барацьба з распаўсюджаннем ВІЧ/СНІД і інш.
 
Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і ПРААН пачалося ў 1992 годзе з адкрыцця ў г. Мінску пастаяннага Прадстаўніцтва ААН/ПРААН і распрацоўкі Кароткатэрміновай праграмы для Беларусі на 1992-1994 гг. У рамках гэтай праграмы для вырашэння сацыяльна-эканамічных задач Рэспубліцы Беларусь выдзелена 1,5 млн долараў ЗША.
 
У далейшым суппрацоўніцтва ажыццяўлялася ў сферы развіцця чалавечых рэсурсаў, умацавання патэнцыялу дзяржаўнага кіравання, рэструктурызацыі прамысловасці, канверсіі ваенных гарадкоў , мінімізацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
 
У перыяд 1999-2001 гг. і 2005-2007 гг. Рэспубліка Беларусь уваходзіла ў склад Выканаўчага савета ПРААН. У перыяд 2001-2005 гг. у Беларусі ажыццяўляліся дзве праграмы ПРААН: Другія краінавыя рамкі супрацоўніцтва (КРС) і Праграма рэгіянальнага супрацоўніцтва ПРААН для краін Еўропы на 2002-2005 гады.
 
Па лініі КРС ПРААН аказвала падтрымку Беларусі галоўным чынам у сацыяльна-эканамічным развіцці, пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС і ахове здароўя. У перыяд 2001-2004 гг. у краіне рэалізавана 28 праектаў тэхнічнай дапамогі ПРААН з аб’ёмам фінансавання каля 6 млн долараў. Да найбольш значных з іх можна аднесці: “Садзейнічанне Ураду Рэспублікі Беларусь у фарміраванні і рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця”, “Умацаванне механізмаў партнёрства і мабілізацыя рэсурсаў у мэтах памяншэння негатыўных наступстваў чарнобыльскай катастрофы”, “Удасканаленне інфраструктуры інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, “Падтрымка і развіццё малага прадпрымальніцтва”.
 
У рамках Праграмы рэгіянальнага супрацоўніцтва ажыццяўляліся праекты з удзелам Беларусі ў сферы барацьбы з галечай, забеспячэння роўных моў у развіцці, правядзення адкрытай падсправаздачнай антыкарупцыйнай палітыкі.
 
У цэлым дзейнасць ПРААН у Беларусі стала прыкметным фактарам, які садзейнічае вырашэнню сацыяльна-эканамічных задач пераходнага перыяду. Шмат у чым гэта абумоўлена непалітызаваным падыходам ПРААН да вырашэння сучасных праблем, арыентаванасцю Прадстаўніцтва на прыярытэты развіцця і патрэбы нашай краіны. За 1994-2005 гг. (12 гадоў супрацоўніцтва) па лініі ПРААН у краіну прыцягнута больш за 30 млн долараў.
 
Трэцяя краінавая праграма ПРААН для Беларусі на 2006-2010 гг. зацверджана выканаўчым саветам ПРААН/ЮНФПА на студзеньскай сесіі 2006 года. У распрацоўцы праграмы прымалі ўдзел органы дзяржаўнага кіравання Беларусі, што дазволіла ўключыць у яе напрамкі супрацоўніцтва, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам краіны.
 
У рамках праграмы ў цяперашні час рэалізуюцца больш за 20 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў пяці прыярытэтных сферах:
 
-                    эканамічны рост і павышэнне жыццёвага ўзроўня грамадзян;
 
-                    эфектыўнае і адказнае дзяржаўнае кіраванне;
 
-                    экалагічная ўстойлівасць;
 
-                    рэабілітацыя і ўстойлівае развіццё тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС;
 
-                    трансмежнае супрацоўніцтва.
 
Першапачаткова праграма прадугледжвала мабілізацыю рэсурсаў для рэалізацыі праектаў у памеры больш за 33 млн долараў ЗША. З рэгулярнага бюджэта ПРААН запланавана выдзяленне 4,1 млн долараў. Рэсурсы ў памеры 28 млн долараў планавалася прыцягнуць з іншых устаноў сістэмы ААН і ад міжнародных донараў. Каля 2 млн долараў было запланавана атрымаць з нацыянальных крыніц. Разам з тым, на практыцы атрымалася значна пераўзысці запланаваныя паказчыкі па прыцягненні сродкаў. Агульны аб’ём сродкаў , якія будуць асвоены ў рамках праграмы, на снежань 2010 года будзе складаць каля 70 млн долараў ЗША. Толькі за 2010 год для гэтых мэт былі выкарыстаны сродкі ў памеры амаль 20 млн долараў ЗША.
 
Самыя буйныя праекты ажыццяўляліся ва ўзаемадзеянні з Глабальным фондам для барацьбы са СНІД, туберкулёзам і малярыяй. Яны звязаны з прафілактыкай і лячэннем ВІЧ/СНІД і падтрымкай Дзяржаўнай праграмы “Туберкулёз”.
 
Буйныя праекты пры падтрымцы і фінансаванні Еўрапейскай камісіі і іншых міжнародных донараў ажыццяўляюцца ПРААН у Беларусі ў сферы павышэння энергаэфектыўнасці эканомікі і энергазберажэння, сацыяльна-эканамічнага і экалагічнага аднаўлення тэрыторый, пацярпелых у выніку чарнобыльскай катастрофы, пашырэння мікрафінансавання і мікракрэдытавання, процідзеяння гандлю людзьмі і іншых важных сферах.
 
У 2010 годзе Урадам Беларусі сумесна з Прадстаўніцтвам ПРААН распрацаваны праект чацвёртай краінавай праграмы ПРААН для Рэспублікі Беларусь на перыяд 2011-2015 гг. з запланаваным аб’ёмам фінансавання праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі звыш 80 млн долараў ЗША. У верасні 2010 года ён быў зацверджаны выканаўчым саветам ПРААН/ЮНФПА.
 
З 2011 года пачнецца рэалізацыя новай краінавай праграмы. Яна будзе праходзіць у рамках вызначаных пры распрацоўцы чатырох прыярытэтных тэматычных сфер:
 
-                    эканамічнае развіццё і сацыяльная ахова;
 
-                    энергазберажэнне і ахова навакольнага асяроддзя;
 
-                    прадухіленне распаўсюджання ВІЧ/СНІД і прафілактыка туберкулёзу;
 
-                    эфектыўнае і адказнае дзяржаўнае кіраванне і бяспека чалавека.
 
Падчас рэалізацыі праграмы магчымы карэктывы, з тым, каб забяспечыць яе поўную арыентацыю на падтрымку выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг.