Áåëàðóñü . Ôàêòû

Еўрапейскі саюз

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і ЕС былі ўсталяваны ў жніўні 1992 года. У сакавіку 1995 года ў г.Брусэлі было падпісана Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве (ППС) паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Пазней Еўрасаюз прыпыніў ратыфікацыю ППС па палітычных матывах, а таксама ўвеў супраць Рэспублікі Беларусь шэраг абмежавальных мер, у тым ліку забарону на кантакты на найвышэйшым і высокім узроўнях, замарожванне тэхнічнага садзейнічання і практычнага супрацоўніцтва ў розных сферах. Таксама былі ўведзены візавыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх службовых асоб.

У 2008-2010 гадах Беларусь і Еўрасаюз вялі актыўны даялог па пошуку шляхоў нармалізацыі адносін. У Мінску было адкрыта Прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей (са снежня 2009 года – Прадстаўніцтва ЕС). У 2009 годзе Рэспубліка Беларусь стала поўнапраўнай краінай-удзельніцай ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства” (УП).

Разам з тым у 2011 годзе Еўрасаюз, кіруючыся ўласнымі палітызаванымі ацэнкамі ходу прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і падзей, што адбыліся пасля іх, узнавіў і пашырыў дзеянне візавых абмежаванняў супраць беларускіх службовых асоб. Былі таксама ўведзены абмежаванні на фінансавыя аперацыі з шэрагам беларускіх прадпрыемстваў і забарона на пастаўку ў Беларусь некаторых тавараў і паслуг вузкаспецыяльнага прызначэння.

У сувязі з гэтым беларускі бок паслядоўна звяртае ўвагу ЕС на контрпрадуктыўнасць палітыкі санкцый і абмежаванняў і заклікае вырашаць усе спрэчныя пытанні шляхам дыялога на аснове роўнапраўя і ўзаемнай павагі. Як добры сусед Беларусь імкнецца развіваць узаемавыгаднае прагматычнае супрацоўніцтва з ЕС і краінамі, што ўваходзяць у яго склад.

Напрыканцы 2012 года аднавіліся кантакты высокага ўзроўню паміж афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі, еўраструктур і краін-членаў ЕС. На працягу 2013-2015 гадоў Еўрасаюз часткова скараціў санкцыйныя спісы беларускіх фізічных асоб і кампаній.

Нягледзячы на абмежаванні, Рэспубліка Беларусь працягвае ўдзел у шматбаковым вымярэнні ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. Міністр замежных спраў Беларусі У.У.Макей узяў удзел у трэцім і чацвёртым самітах УП у г.Вільнюсе (28-29 лістапада 2013 г.) і г.Рызе (21-22 мая 2015 г.).

У рамках “Усходняга партнёрства” прадстаўнікі Беларусі актыўна ўдзельнічаюць у чатырох шматбаковых платформах (“Дэмакратыя, эфектыўнае кіраванне і стабільнасць”, “Эканамічная бяспека і збліжэнне з галіновай палітыкай ЕС”, “Энергетычная бяспека”, “Кантакты паміж людзьмі”). Беларусь таксама ўдзельнічае ў флагманскіх ініцыятывах УП па грамадзянскай абароне, кіраванню граніцамі, развіццю малых і сярэдніх прадпрыемстваў, энергетыцы.

Беларусь праводзіць лінію на актывізацыю практычнай дзейнасці УП у інтарэсах краін-партнёраў. Сумесна з іншымі краінамі Беларусь прапануе распрацоўку канткрэтных праектаў, скіраваных на развіццё сеткі энергетычных і транспартных камунікацый, узмацненне рэгіянальнай энергетычнай бяспекі, супрацьдзеянне экалагічным пагрозам, павышэнне эфектыўнасці аховы граніц і мытнага афармлення гандлю паміж краінамі-партнёрамі і ЕС.

Па ініцыятыве Беларусі ў 2011 годзе быў створаны Бізнес форум УП у якасці платформы для дыялога і супрацоўніцтва паміж бізнес-коламі і эканамічнымі структурамі краін-партнёраў і ЕС. У 2014 годзе Беларусь выступіла з прапановай па запуску новай флагманскай ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў ЕС і краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”.

Беларусь выступае за рэалізацыю на практыцы фундаментальных прынцыпаў УП на аснове роўных правоў і недыскрымінацыі, а таксама бóльшай дыферэнцыяцыі ў дачыненні да краін-партнёраў з мэтай уліку іх імкненняў, прыярытэтаў і патрэбаў.

З улікам важнасці недапушчэння новых раз’яднальных ліній у рэгіёне беларускі бок паслядоўна прасоўвае ва УП ідэю “інтэграцыі інтэграцый”, якая ў перспектыве можа стаць асновай для гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў у рамках Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама стварэння агульнай эканамічнай і гуманітарнай прасторы “ад Уладзівастока да Лісабона”.

У 2014 годзе пачаліся перамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам па заключэнню пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі, а таксама кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі для вызначэння ўзаемапрымальнай формы будучага супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЕС у гэтай галіне.

Працягваецца экспертны дыялог з Еўрапейскай камісіяй на ўзроўні беларускіх ведамстваў у сферы навакольнага асяроддзя, па эканамічных і фінансавых пытаннях. Развіваецца супрацоўніцтва ў галіне мытні і транспарту. Узаемадзеянне ў пагранічный і энергетычнай сферах будуецца ў тым ліку на падставе падпісаных у 2009 годзе дакументаў: Мемарандума аб наладжванні практычнага супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным пагранічным камітэтам і Еўрапейскім агенцтвам па ахове знешніх граніц “Фронтэкс” і Дэкларацыі аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцяў у галіне энергетыкі. У мае 2015 года Беларусь і Еўракамісія падпісалі Дамоўленасць аб супрацоўніцтве па механізму папярэдняга папярэджвання ў энергетычнай галіне. Беларусь была таксама прынята ў Балонскі працэс і атрымала статус назіральніка ў Паўночным вымярэнні.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва па лініі міжнароднай тэхнічнай дапамогі. За кошт сродкаў ЕС ажыццяўляецца ўладкаванне дзяржаўнай граніцы Беларусі, мадэрнізацыя нацыянальнай пагранічнай і мытнай інфраструктуры, абмен перадавым вопытам і рэалізацыя пілотных праектаў у энергетычнай, транспартнай, аграхарчовай, прыродаахоўнай, адукацыйнай, культурнай і іншых прыярытэтных галінах.

У рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства ў 2007-2013 гг. для Беларусі было вылучана каля 71,6 млн. еўра на праграмы і праекты ў сферах энергаэфектыўнасці, навакольнага асяроддзя, стандартызацыі, медыцыны, регіянальнага развіцця. Па лініі праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС “Польшча — Украіна — Беларусь”, “Латвія — Літва — Беларусь” і “Рэгіён Балтыйскага мора” рэалізаваны праекты на суму каля 55 млн. еўра. Беларусь прыняла актыўны ўдзел у тэматычных праграмах ЕС ТЭМПУС, ЭРАЗМУС МУНДУС, ТАЙЕКС і іншых.

У 2014 годзе Еўрасаюз прыняў Нацыянальную індыкатыўную праграму для Беларусі на 2014-2017 гг., якая прадугледжвае фінансаванне праектаў і мерапрыемстваў па прыярытэтах сацыяльнай палітыкі, навакольнага асяроддзя і развіцця рэгіёнаў. Ажыццяўляецца працэс фарміравання ўмоваў для ўдзелу Беларусі ў новых рэгіянальных і трансгранічных праграмах ЕС у рамках Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гг. Больш падрабязная інфармацыя размешчана на сайце Нацыянальнага каардынацыйнага бюро