В Беларусь без визы

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) заснавана ў 1967 годзе. 

ЮНІДА з'яўляецца цэнтральным каардынуючым органам ААН у галіне садзейнічання прамысловаму развіццю. 

Асноўныя мэты ЮНІДА – садзейнічанне прамысловаму росту і тэхналагічнаму прагрэсу, найбольш эфектыўнае выкарыстанне чалавечых рэсурсаў, справядлівае развіццё на аснове індустрыялізацыі, прамысловае развіццё і ахова навакольнага асяроддзя, міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне прамысловых інвестыцый і тэхналогій. 

Работа ЮНІДА ажыццяўляецца ў трох асноўных формах: каардынуючы цэнтр па прамысловых тэхналогіях, пасярэдніцтва ў сферы прамысловага супрацоўніцтва, збор і сістэматызацыя інфармацыі па прамысловых пытаннях. 

Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў дзейнасці ЮНІДА з 1985 года. Супрацоўніцтва з ЮНІДА накіравана на рашэнне нацыянальных задач палітычнага і эканамічнага характару. 

У рамках блока палітычных задач Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел у рабоце дырэктыўных органаў ЮНІДА – Генеральнай канферэнцыі (праводзіцца раз у два гады), Савета па прамысловым развіцці (засядае не меней аднаго разу ў год) і Камітэта па бюджэтных і праграмных пытаннях (засядае не менш аднаго разу ў год). 

На пляцоўцы ЮНІДА прасоўваецца адна з беларускіх ініцыятыў па стварэнні ў рамках ААН механізма доступу да альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энергіі.  

Сродкі рэгулярнага бюджэту ЮНІДА, які фармуецца за кошт штогадовых узносаў дзяржаў-членаў, на 95% выкарыстоўваюцца на фінансаванне дзейнасці сакратарыята і прадстаўніцтваў гэтай міжнароднай арганізацыі. Праграмная дзейнасць ЮНІДА практычна цалкам ажыццяўляецца за кошт мэтавых рэсурсаў міжнародных фінансавых донараў, якія прадастаўляюцца пад канкрэтныя праекты па лініі ЮНІДА. У якасці донараў традыцыйна выступаюць Праграма развіцця ААН (ПРААН), Манрэальскі Пратакол па рэчывах, што разбураюць азонавы слой, Глабальны экалагічны фонд (ГЭФ), Еўрапейская камісія, а таксама некаторыя краіны Заходняй і Усходняй Еўропы. 

У рамках прасоўвання эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь наша краіна супрацоўнічае з ЮНІДА па выкананні праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі за кошт мэтавых рэсурсаў фінансавых донараў. 

У 2001-2004 гадах па лініі ЮНІДА ажыццяўляўся праект «Удасканаленне інфраструктуры падтрымкі інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». У рамках гэтага праекта створаны Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій (РЦТТ), адкрыты рэгіянальныя аддзяленні ў Брэсце, Гомелі, Гродне і Наваполацку, ажыццяўлялася падрыхтоўка больш за 600 беларускіх спецыялістаў у розных сферах інавацыйнага менеджменту

У стадыі выканання з 2006 па 2010 гады знаходзіўся сумесны праект урада Беларусі з ЮНІДА і ПРААН «Удасканаленне нацыянальнай сістэмы трансферу тэхналогій у Рэспубліцы Беларусь на аснове інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій». 

Забяспечаны ўдзел у сумесным праекце ЕўрАзЭС і ЮНІДА «Стварэнне адзінай сеткі офісаў ЮНІДА па садзейнічанні інвестыцый і перадачы тэхналогій (ITPO) у дзяржавах-членах ЕўрАзЭС (2010-2013 гады)». Ініцыятыва аб правядзенні праекта была вылучана Рэспублікай Беларусь і ўзгоднена з усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі ЕўрАзЭС. 

Выконваецца Рамкавая праграма супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНІДА на 2013-2017 гады, уключаючы шэраг сумесных праектаў па мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі і развіцці навукова-тэхнічнай галіны.