В Беларусь без визы

Сусветная гандлёвая арганізацыя

Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА) — гэта міжнародная эканамічная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі шматбаковага рэгулявання гандлю таварамі, паслугамі і інтэлектуальнай уласнасцю.

СГА — гэта форум, на якім у працэсе калектыўных абмеркаванняў і перамоў фарміруюцца правілы міжнароднага гандлю і разглядаюцца пытанні скарачэння бар'ераў на яе шляху.
 
Арганізацыя з'яўляецца пераемніцай Генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі (ГАТТ), якое было падпісана 23 краінамі ў Жэневе ў кастрычніку 1947 года.
 
Афіцыйная дата стварэння СГА — 1 студзеня 1995 года.

Функцыі:
  • Кантроль за выкананнем гандлёвых пагадненняў.
  • Вырашэнне гандлёвых спрэчак паміж членамі.
  • Назіранне за гандлёвай палітыкай членаў арганізацыі.
  • Арганізацыя і забеспячэнне гандлёвых перамоў па новых правілах СГА.
  • Прыём новых членаў.
 
Шляхам зніжэння імпартных мытных пошлін, ГАТТ паклала пачатак лібералізацыі гандлю таварамі. Сёння правілы шматбаковых гандлёвых пагадненняў ГАТТ/СГА выкарыстоўваюцца як аснова рэгулявання экспартна-імпартных узаемаадносін больш за 150 краін.
 
На 1 студзеня 2010 года паўнапраўнымі ўдзельнікамі СГА з'яўляліся 153 дзяржавы. Яшчэ 27 дзяржаў маюць статус назіральніка СГА. Пераважная большасць з іх, у тым ліку і Рэспубліка Беларусь, вядуць перамовы аб далучэнні да дадзенай арганізацыі.
 
Вышэйшым кіруючым органам СГА з'яўляецца Міністэрская Канферэнцыя (Ministerial Conference). Яна склікаецца не радзей аднаго разу ў два гады, як правіла, на ўзроўні міністраў гандлю або міністраў замежных спраў членаў СГА. Канферэнцыя валодае паўнамоцтвамі прымаць рашэнні па найбольш прынцыповых пытаннях, напрыклад, якія тычацца новых раўндаў шматбаковых перамоў.
 
У перыяд паміж Міністэрскай канферэнцыяй кіраванне дзейнасцю арганізацыі ажыццяўляе Генеральны савет (General Council). Ён збіраецца некалькі разоў у год у Жэневе. Члены СГА прадстаўлены ў Генеральным савеце, як правіла, на ўзроўні паслоў.
 
Генеральны савет кантралюе дзейнасць падпарадкаваных органаў:

  • Савета па гандлі таварамі;
  • Савета па гандлі паслугамі;
  • Савета па інтэлектуальнай уласнасці.
 
У сваю чаргу вышэйпералічаныя органы курыруюць дзейнасць вузкаспецыялізаваных камітэтаў і рабочых груп.
Нараўне з Генеральным саветам дзейнічае яшчэ два важных сістэмаўтваральных органы СГА: Орган па вырашэнні спрэчак (суд СГА) і Орган па аглядзе гандлёвай палітыкі («радар» гандлёвых мер СГА).
 
Вялікае значэнне мае часовы орган СГА — Камітэт па гандлёвых перамовах, які адказвае за перамовы Доха-раўнда. Улічваючы значнасць Камітэта, яго старшынёй прызначаны Генеральны дырэктар СГА. Перамовы Доха-раўнда нацэлены на ўдасканаленне гандлёвых правілаў і далейшае зніжэнне гандлёвых бар'ераў паміж членамі СГА з акцэнтам на забеспячэнне інтарэсаў развіцця.