В Беларусь без визы

Беларусь і ядзернае раззбраенне

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца важным удзельнікам агульнасусветных намаганняў па ядзерным нераспаўсюджванні і раззбраенні ў кантэксце Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ).
 
Беларусь упершыню заявіла аб сваім намеры зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай у 1990 годзе ў Дэкларацыі «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь». Падпісаўшы ў 1992 годзе Лісабонскі пратакол, Беларусь аформіла членства ў Дагаворы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ). Дадзены крок быў неразрыўна звязаны з прыняццем найважнейшага палітычнага рашэння аб далучэнні Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй.
 
У ліпені 1993 года Беларусь афіцыйна далучылася да ДНЯЗ і стала першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасці валодання ядзернай зброяй, якая засталася пасля распаду СССР. Трэба падкрэсліць, што Беларусь адмовілася ад валодання самым сучасным ваенным ядзерным патэнцыялам без усялякіх папярэдніх умоў і агаворак. Тым самым наша краіна фактычна распачала працэс урэгулявання пытанняў ядзернага раззбраення на постсавецкай прасторы ў інтарэсах міжнароднага міру і бяспекі. Вітаючы факт далучэння Беларусі да ДНЯЗ у якасці няядзернай дзяржавы Вялікабрытанія, Расія і ЗША далі Беларусі гарантыі бяспекі, якія былі зафіксаваны ў Будапешцкім мемарандуме ад 5 снежня 1994 года.
 
Вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі быў завершаны ў лістападзе 1996 года. 
 
Беларусь разглядае абавязацельства ядзерных дзяржаў у рамках артыкула VI ДНЯЗ весці перамовы аб эфектыўных мерах па ядзерным раззбраенні ў якасці галоўнай стратэгічнай мэты Дагавора. Мы падтрымліваем збалансаваны і паэтапны падыход да ядзернага раззбраення. Беларусь вітала падпісанне Расіяй і ЗША 8 красавіка 2010 г. новага Дагавора аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў у якасці чарговага кроку на шляху да скарачэння ядзерных узбраенняў. Лічым неабходным працягваць намаганні на нацыянальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях па дасягненню мэты ўсеагульнага ядзернага раззбраення.
 
Захоўвае актуальнасць праблема гарантый неўжывання ядзернай зброі супраць дзяржаў – удзельніц ДНЯЗ, якія не валодаюць такой зброяй. Недвухсэнсоўныя гарантыі бяспекі з'яўляецца індыкатарам даверу і прадказальнасці ў міжнародных адносінах і садзейнічаюць умацаванню рэжыму ядзернага нераспаўсюджвання ў рамках ДНЯЗ. Беларусь плануе працягваць работу над атрыманнем юрыдычна абавязковых гарантый, якія маглі б быць аформлены ў выглядзе асобнага міжнароднага дакумента. 
 
Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі даў аснову міжнароднай сістэмы гарантый, якая выключае прымяненне мірнай ядзернай энергіі ў ваенных мэтах. Такая сістэма функцыянуе пад эгідай Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі.
 
У адпаведнасці са сваімі абавязацельствамі па ДНЯЗ у 1996 годзе Беларусь заключыла з МАГАТЭ Пагадненне аб прымяненні гарантый. Верыфікацыйная дзейнасць Агенцтва, якая ажыццяўляецца на аснове гэтага Пагаднення, пацвярджае выкананне Беларуссю абавязацельстваў па выключна мірным выкарыстанні ядзернага матэрыялу і ўстановак. У 2005 годзе Беларусь і МАГАТЭ падпісалі Дадатковы пратакол да Пагаднення аб прымяненні гарантый. Гэты дакумент значна пашырае магчымасці МАГАТЭ ў ажыццяўленні праверачнай дзейнасці.
 
Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі гарантуе права дзяржаў на ажыццяўленне мірных ядзерных праграм пры ўмове выканання абавязацельстваў па нераспаўсюджванні. Гэта асабліва актуальна ў сувязі з тым, што зараз назіраецца рост увагі сусветнай супольнасці да развіцця ядзерных тэхналогій, у першую чаргу да стварэння нацыянальных праграм ядзернай энергетыкі. У гэтай сувязі Беларусь зацікаўлена ў тым, каб замацаваныя ў Дагаворы права дзяржаў – удзельніц былі рэалізаваны ў поўнай меры і на недыскрымінацыйнай аснове.
 
У маі 2010 года ў Нью-Ёрку адбылася Канферэнцыя па разглядзе дзеяння ДНЯЗ (праводзіцца кожныя пяць год), у якой прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя. Канферэнцыя завяршылася прыняццем заключнага дакумента з вывадамі і рэкамендацыямі. Беларуская дэлегацыя прымала актыўны ўдзел у рабоце канферэнцыі, у прыватнасці, у распрацоўцы зацверджанага заключным дакументам плана дзеянняў у галіне ядзернага раззбраення. Пункт 8 плана дзеянняў вызначыў абавязацельства ядзерных дзяржаў прытрымлівацца гарантый, дадзеных Беларусі ў адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам 1994 года. Згаданы дакумент быў зарэгістраваны ААН 13 лістапада 2012 г. у якасці міжнароднага дагавора.
 
На сённяшні дзень ідзе падрыхтоўка да Канферэнцыі па разглядзе дзеяння 2015 года.