В Беларусь без визы

Міжнародная і рэгіянальная бяспека

Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку ў сферы міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджання зброі масавага знішчэння, раззбраення і кантролю над узбраеннямі.

Рэспубліка Беларусь прыняла шэраг міжнародных абавязкаў у сферы раззбраення і кантролю над узбраеннямі.
 
Наша краіна – першая дзяржава, якая добраахвотна адмовілася ад валодання ядзернай зброяй, што засталася пасля распаду СССР.
 
У якасці неядзернай дзяржавы Беларусь стала членам Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ў 1993 годзе.
 
Далучыўшыся да Дагавору аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў пасродкам Лісабонскага Пратакола ад 23 мая 1992 года, Рэспубліка Беларусь выканала свае міжнародныя абавязацельствы і ў лістападзе 1996 года завяршыла вывад ракетна-ядзернай зброі з тэрыторыі краіны.
 
Пасля падпісання ў 1992 годзе Дагавору аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці наша краіна вывела са сваёй тэрыторыі 584 ракеты сярэдняй і меншай дальнасцi з наступнай ліквідацыяй на палігонах былога СССР. Беларусь таксама ўдзельнічае ў Гаагскім кодэксе паводзін супраць распаўсюджання балістычных ракет.
 
У 1995 годзе Беларусь падпісала Пагадненне аб гарантыях з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ), далучылася да канвенцый пад эгідай МАГАТЭ аб фізічнай абароне ядзернага матэрыялу і аб ядзернай бяспецы.
 
Беларусь прызнае ролю міжнародных рэжымаў экспартнага кантролю як аднаго з інтрументаў па стрымліванні незаконнага распаўсюджання ядзерных матэрыялаў, абсталявання і тэхналогій. З’яўляючыся з 2000 года членам Групы ядзерных пастаўшчыкоў, Беларусь прытрымліваецца асноўных прынцыпаў Групы пры прыняцці рашэнняў аб пастаўках прадукцыі, якая падлягае кантролю. У 2010 годзе было аформлена членства Беларусі ў яшчэ адным рэжыме экспартнага кантролю – Камітэце Цангера.
 
Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Дагавор аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў 13 мая 2000 года і выступае за яго хутчэйшае ўваходжанне ў сілу.
 
Зброя масавага знішчэння (ЗМЗ) не павінна трапіць у рукі тэрарыстычных арганізацый; у сувязі з гэтым Беларусь паслядоўна падтрымлівае намаганні міжнароднай супольнасці па прадухіленні распаўсюджання ЗМЗ, недапушчэнні таго, каб яна патрапіла ў рукі тэрарыстаў.
 
Беларусь падтрымала прыняцце рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1540 (2004) па процідзеянні распаўсюджання ЗМЗ і прадставіла ў Савет Бяспекі адпаведныя нацыянальныя даклады аб мерах, якія прымаюцца на нацыянальным узроўні.
 
У рамках ААН Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці Камітэта Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях міжнароднай бяспекі і раззбраення. Наша краіна не проста ўдзельніца, яна яшчэ і аўтар шэрагу рэзалюцый Генеральнай Асамблеі ААН аб забароне распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі, а таксама суаўтар шэрагу рэзалюцый, прысвечаных найбольш надзённым праблемам сферы міжнароднай бяспекі, у тым ліку рэзалюцыі, ініцыянаваныя Рухам недалучэння.
 
ААН праводзіць спецыялізаваныя форумы па пытаннях раззбраення і міжнароднай бяспекі – гэта Канферэнцыі па разбраенні (праводзяцца ў Жэневе) і Камісіі ААН па раззбраенні (Нью-Ёрк). Беларусь прымае актыўны ўдзел у працы гэтых форумаў, а ў 2010 годзе Канферэнцыя па раззбраенні прайшла пад яе старшынствам.
 
Наша краіна з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці, назапашвання і выкарыстання хімічнай зброі і аб яе знішчэнні і Канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашванняў бактэрыялагічнай (біялагічнай) і таксічнай зброі і аб яе знішчэнні. У Рэспубліцы прыняты заканадаўчыя акты па ўкараненні адзначаных Канвенцый, а таксама створаны нацыянальны орган па выкананні Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі, функцыі якога ўскладзены на Міністэрства замежных спраў.
 
Выконваючы свае абавязкi па міжнародных пагадненнях, Беларусь знішчыла вялікую колькасць узбраенняў і ваеннай тэхнікі. Шляхам скарачэння запасаў звычайных узбраенняў яна зрабіла значны ўклад у замацаванне міру і стабільнасці ў Еўропе.
 
Па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) знішчана 1773 баявых танка, 1341 баявая браніраваная машына і 130 баявых самалётаў, што склала больш за 10 адсоткаў узбраенняў і ваеннай тэхнікі, ліквідаваных усімі трыццаццю краінамі-ўдзельніцамі ДЗУСЕ. Беларусь прымае актыўны ўдзел у працэсе адаптацыі ДЗУСЕ да новых геапалітычных рэалій і першая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ.
 
У верасні 2003 года Рэспубліка Беларусь далучылася да Канвенцыі аб забароне выкарыстання, назапашвання, вытворчасці і перадачы проціпяхотных мін і аб іх знішчэнні. Важнейшым абавязкам па дадзенай канвенцыі з’яўляецца знішчэнне запасаў, якімі валодае краіна ў цяперашні час. Валодаючы сёмым у міры арсеналам проціпяхотных мін, Беларусь прадпрымае мэтанакіраваныя высілкі па іх знішчэнню.
 
Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі аб забароне або абмежаванні выкарыстання канкрэтных відаў зброі, якія могуць лічыцца надзвычай шкоднымі або мець невыбіральнае дзеянне, і ўсіх яе Пратаколаў. Удзел у дадзеных дакументах з’яўляецца адлюстраваннем таго факта, што Беларусь цалкам раздзяляе гуманітарныя прынцыпы абароны грамадзянскага насельніцтва ад уздзеяння канкрэтных відаў звычайных узбраенняў, а таксама камбатантаў ад прычынення ім пакут, якія з’яўляюцца надзвычайнымі ў адносінах да дасягнення законнай ваеннай мэты.
 
Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе актыўнае ўзаемадзеянне ў сферы агульнаеўрапейскай бяспекі з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У рамках асноўнага перагаворнага органа Арганізацыі па ваенна-палітычнай праблематыцы – Форума АБСЕ па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі (ФСБ АБСЕ) – Беларусь прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы такіх дакументаў, як Дакумент АБСЕ аб лёгкай і стралковай зброі (2000 год) і Дакумент АБСЕ аб запасах звычайных боепрыпасаў (2003 год). У 2005 годзе ФСБ АБСЕ прайшоў пад старшынствам Беларусі.
 
Адным з асноўных элементаў умацавання агульнаеўрапейскай бяспекі і кантролю над узбраеннямі з’яўляецца развіццё мер даверу і бяспекі на рэгіянальным і субрэгіянальным узроўнях.
 
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь абвясціў стратэгію па фарміраванні “пояса добрасуседства і бяспекі” уздоўж сваіх меж. У рамках стратэгіі Беларусь заключыла дамоўленасці аб дадатковых мерах даверу і бяспекі ў ваенна-палітычнай сферы з Украінай і Літвой (у 2001 годзе), Латвіяй і Польшчай (у 2004 годзе). Гэтыя меры забяспечваюць важны для ўсіх суседзей перыметр даверу і бяспекі.
 
Беларусь з’яўляецца адным з прыхільнікаў далейшай адаптацыі Венскага дакумента 1999 года перагавораў па мерах даверу і бяспекі.
 
Беларусь таксама з’яўляецца адным з бакоў Дагавора па адкрытым небе, які садзейнічае замацаванню даверу ў рэгіёне і Еўропе ў цэлым. У 2008 годзе пад старшынствам Рэспублікі прайшла Кансультатыўная камісія па адкрытым небе, якая з’яўляецца працоўным органам па разгляданні ўсіх пытанняў, звязаных з выкананнем Дагавора па адкрытым небе.
 
Канструктыўная лінія, якая праводзіцца Беларуссю ў сферы міжнароднай бяспекі, кантролю над узбраеннямі, процідзеяння новым выклікам і пагрозам сучаснасці, з’яўляецца рэальным укладам ва ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і садзейнічае рэалізацыі канцэпцыі “пояса добрасуседства” па перыметры нашых меж.
 
Разам з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь пытаннямі забеспячэння рэалізацыі Рэспублікай міжнародных дагавораў па кантролі над узбраеннямі займаецца Нацыянальнае агенцтва па кантролі і інспекцыях – дэпартамент Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.