В Беларусь без визы

Экспартны кантроль і нераспаўсюджванне

Распаўсюджванне зброі масавага знішчэння (ЗМЗ) – ядзернай, хімічнай і біялагічнай, а таксама сродкаў яе дастаўкі прадстаўляе пагрозу для міжнароднага міру і бяспекі. 
 
У гэтай сувязі Беларусь паслядоўна падтрымлівае намаганні міжнароднай супольнасці па прадухіленні распаўсюджвання ЗМЗ, недапушчэнню яе пападання ў рукі тэрарыстаў.
 
Беларусь падтрымала прыняцце рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1540 (2004) па процідзеянні распаўсюджванню ЗМЗ і прадставіла ў Савет Бяспекі ААН адпаведныя даклады аб мерах якія прымаюцца на нацыянальным узроўні. 
У 2012 годзе Міністэрства замежных спраў ва ўзаемадзеянні з Цэнтрам па прадухіленню канфліктаў АБСЕ, Упраўленнем ААН па пытаннях раззбраення і Камітэтам Савета Бяспекі ААН 1540, сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі распрацавала, нацыянальны рамачны дакумент «дарожную карту» аб дадатковых мерах па імплементацыі рэзалюцыі 1540.
 
Прымаючы да ўвагі неабходнасць паляпшэння каардынацыі намаганняў па прадухіленні пападання ЗМЗ у рукі тэрарыстычных фармаванняў на нацыянальным, субрэгіянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, наша краіна актыўна прасоўвае рэзалюцыю 1540 у рэгіянальным фармаце. 15 – 17 студзеня 2013 г. у Мінску  Міністэрства замежных спраў Беларусі пад эгідай Выканаўчага камітэта СНД, Упраўлення ААН па пытаннях раззбраення, Цэнтра па прадухіленні канфліктаў АБСЕ арганізавала семінар па пытаннях выканання рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1540 (2004).
 
Беларусь прызнае ролю міжнародных рэжымаў экспартнага кантролю як аднаго з інструментаў па стрымліванні незаконнага распаўсюджвання ядзерных матэрыялаў, абсталявання і тэхналогій. З'яўляючыся з 2000 года членам Групы ядзерных пастаўшчыкоў, Беларусь прытрымліваецца кіруючых прынцыпаў Групы пры прыняцці рашэнняў аб пастаўках прадукцыі, якая кантралюецца. У 2010 годзе было аформлена членства Беларусі ў яшчэ адным рэжыме экспартнага кантролю – Камітэце Цангера. Беларусь падтрымлівае мэты і прынцыпы трох другіх міжнародных рэжымаў экспартнага кантролю – Рэжыму кантролю за ракетнай тэхналогіяй, Васенаарскіх дамоўленасцей і Аўстралійскай групы – наша краіна імплементавала патрабаванні гэтых рэжымаў у сваё нацыянальнае заканадаўства. 
 
Наша краіна з'яўляецца адной з дзяржаў – сузаснавальніц Гаагскага кодэкса паводзін супраць распаўсюджвання балістычных ракет, і на рэгулярнай аснове рыхтуе штогадовыя дэкларацыі аб адсутнасці ракетнай праграмы і ўдзеле ў міжнародных намаганнях па нераспаўсюджванні ЗМЗ і сродкаў яе дастаўкі. У 2012 годзе беларускі бок далучыўся да сумеснай міністэрскай заявы з нагоды дзесяцігоддзя Гаагскага кодэкса
 
Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Ініцыятывы па бяспецы ў галіне распаўсюджвання (ІБГР) і станоўча ацэньвае намаганні дзяржаў-ўдзельніц ІБГР, накіраваныя на недапушчэнне распаўсюджвання зброі масавага знішчэння, матэрыялаў для яе вырабу і сродкаў яе дастаўкі.