В Беларусь без визы

Беларусь і міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне аднаўляльнай энергетыкі

Важнасць актыўнага ўкаранення і выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі шырока прызнана міжнароднай супольнасцю. Гэта дазваляе панізіць у агульным энергетычным балансе ўсіх краін свету частку неаднаўляльных крыніц энергіі, якія выкарыстоўваюцца, і, тым самым, паменшыць нагрузку на навакольнае асяроддзе, процідзейнічаць кліматычным зменам, захаваць экасістэму Зямлі для будучых пакаленняў.

Тэхналогіі, якія дазваляюць выкарыстоўваць у якасці крыніц энергіі вецер, сонечнае выпраменьванне, марскія хвалі, біямасу, чысты вугаль, «захоп» вугляродных газаў, існуюць і эфектыўна выкарыстоўваюцца ў асноўным у развітых краінах. Аднак, відавочна, што рашэнне энергетычных і экалагічных праблем, сучасных задач развіцця нашай цывілізацыі немагчыма ажыццявіць паўнавартасна без паўнамернага ўцягвання дзяржаў, якія развіваюцца. У сувязі з гэтым перад сусветнай супольнасцю стаіць задача забяспечыць укараненне новых тэхналогій і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў дзяржавах, якія развіваюцца.

Развіццё аднаўляльнай энергетыкі з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Беларусь дасягнула пэўных поспехаў у гэтай галіне ўнутры краіны. Адначасова Рэспубліка Беларусь імкнецца садзейнічаць умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

У прыватнасці, у 2007 годзе ў рамках 62-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Беларусь выступіла з ініцыятывай стварэння глабальнага механізму перадачы тэхналогій новых і аднаўляльных крыніц энергіі для краін, якія развіваюцца, і краін з пераходнай эканомікай.

Магчымым варыянтам яе рэалізацыі магло б стаць стварэнне ў рамках ААН адзінага глабальнага фонду, заснаванага за кошт добраахвотных узносаў з боку дзяржаў, грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара, праз які ажыццяўлялася б набыццё тэхналогій новых і аднаўляльных крыніц энергіі ў уласнікаў і іх перадача зацікаўленым дзяржавам.

Важным уяўляецца таксама ўзмацненне ролі групы «ААН-энергетыка» ў ажыццяўленні каардынацыі ў гэтай галіне ў рамках сістэмы ААН. Новыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі з'яўляюцца адной з трох тэм мандата Групы (разам з энергаэфектыўнасцю і доступам да энергіі).
Беларусь выступае за аб'яднанне намаганняў усіх шматлікіх форумаў, якія займаюцца энергетыкай – Група Дваццаці, Форум найбуйнейшых эканомік па энергетыцы і клімаце, Міжнароднае агенцтва па аднаўляльных крыніцах энергіі, Рамачная канвенцыя ААН па змяненні клімату – у адзіны кансультацыйны механізм пад эгідай групы «ААН-энергетыка».

Пашырэнне мандата групы «ААН-энергетыка» было б мэтазгодна ажыццявіць праз прыняцце адпаведнай рэзалюцыі ЭКАСАС або Генеральнай Асамблеі ААН. У рамках створанага механізму можна было б арганізаваць адзіную базу дадзеных тэхналогій новых і аднаўляльных крыніц энергіі.
Акрамя дапамогі дзяржавам, якія развіваюцца, у доступе да новых энергетычных тэхналогій праз стварэнне глабальнага механізму, выключна важна стварыць умовы для развіцця іх інавацыйнага супрацоўніцтва з развітымі дзяржавамі і паміж сабой. Сістэма міжнародных і нацыянальных стымулаў для інвесціравання ў гэтай галіне эканомікі дзяржаў, якія развіваюцца, як замежнымі, так і ўнутранымі інвестарамі, павінна набыць новы якасны ўзровень.

У прыватнасці, Беларусь бачыць неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва паміж існуючымі цэнтрамі перадачы тэхналогій і цэнтрамі, якія ствараюцца на міжнародным, рэгіянальным і двухбаковым узроўнях. Беларускі бок прымае непасрэдны ўдзел у праекце стварэння рэгіянальнага цэнтра перадачы тэхналогій дзяржаў-удзельніц ЕўрАзЭС, які рэалізуе ў цяперашні час ЮНІДО. Гэты рэгіянальны праект дасць магчымасць умацаваць як узаемадзеянне ў рамках ЕўрАзЭС па абмене тэхналогіямі, так і супрацоўніцтва гэтай структуры з іншымі міжнароднымі партнёрамі.

Дэлегацыя Рэспублікі Беларусь традыцыйна прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы і ўзгадненні праекта рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН «Садзейнічанне распаўсюджванню выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі».