В Беларусь без визы

Кантроль над звычайнымі ўзбраеннямі

Выконваючы свае абавязкі па міжнародных пагадненнях, Беларусь знішчыла вялікую колькасць узбраенняў і ваеннай тэхнікі. Шляхам скарачэння запасаў звычайных узбраенняў яна ўнесла значны ўклад ва ўмацаванне міру і стабільнасці ў Еўропе. 
 
Па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) Беларуссю знішчана 1773 баявых танка, 1341 баявая браніраваная машына і 130 баявых самалётаў, што склала болей за 10 адсоткаў узбраенняў і ваеннай тэхнікі, ліквідаваных усімі трыццаццю краінамі – удзельніцамі ДЗУСЕ. Беларусь прымала актыўны ўдзел у перамовах па адаптацыі Дагавора да новых геапалітычных рэалій і ў ліпені 2000 года першай ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, якое падпісалі падчас Стамбульскага саміту АБСЕ ў лістападзе 1999 года. Аднак дадзенае пагадненне так і не ўступіла ў сілу па прычыне таго, што шэраг дзяржаў – удзельніц ДЗУСЕ звязалі магчымасць яго ратыфікацыі з выкананнем Расійскай Федэрацыяй абавязацельстваў, якія не маюць прамога дачынення да кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі.
 
Усведамляючы, што дзеючы ДЗУСЕ вычарпаў сябе напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя і не адпавядае сучаснай ваенна-палітычнай сітуацыі на еўрапейскім кантыненце, Рэспубліка Беларусь выступае за мадэрнізацыю і аднаўленне жыццяздольнасці агульнаеўрапейскага рэжыму кантролю над узбраеннямі без якіх-небудзь папярэдніх умоў і далучэнне да яго ўсіх зацікаўленых дзяржаў – удзельніц АБСЕ.
 
У верасні 2003 года Рэспубліка Беларусь далучылася да Канвенцыі аб забароне прымянення, накаплення запасаў, вытворчасці і перадачы проціпяхотных мін і аб іх знішчэнні. Галоўным абавязацельствам па дадзенай канвенцыі з'яўляецца знішчэнне наяўных запасаў мін. Валодаючы сёмым у свеце арсеналам проціпяхотных мін, Беларусь прадпрымае мэтанакіраваныя намаганні па іх знішчэнню.
 
Беларусь цалкам падзяляе гуманітарныя прынцыпы абароны грамадзянскага насельніцтва ад уздзеяння канкрэтных відаў звычайных узбраенняў, а таксама камбатантаў ад прычынення ім пакут, якія з'яўляюцца празмернымі дзеля дасягнення законнай ваеннай мэты. Зыходзячы з гэтага, Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў зброі, якія могуць нанасіць празмерныя пашкоджанні або якія маюць ня выбарчае дзеянне (Канвенцыі аб «негуманнай» зброі / КНЗ), і ўсіх яе Пратаколаў. Беларусь у 2011-2012 гадах выконвала функцыі старшыні Пятай канферэнцыі дзяржаў – удзельніц Пратакола аб выбухованебяспечных перажытках вайны да КНЗ (Пратакола V да КНЗ) – кіравала работай дадзенага аўтарытэтнага міжнароднага форума, дапамагала пашырэнню колькасці дзяржаў –удзельніц Пратакола V да КНЗ.
 
Беларусь ажыццяўляе актыўнае ўзаемадзеянне ў сферы агульнаеўрапейскай бяспекі з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). У рамках асноўнага перамоўнага органа Арганізацыі па ваенна-палітычнай праблематыцы –  Форума АБСЕ па супрацоўніцтву ў галіне бяспекі (ФСБ АБСЕ) – Беларусь прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы такіх дакументаў як Дакумент АБСЕ аб лёгкай і стралковай зброі (2000 год) і Дакумент АБСЕ аб запасах звычайных боепрыпасаў (2003 год). У 2005 годзе Беларусь старшынствавала на ФСБ АБСЕ.
 
Беларусь лічыць, што адным з галоўных элементаў умацавання агульнаеўрапейскай бяспекі і кантролю над узбраеннямі з'яўляецца развіццё мер даверу і бяспекі на рэгіянальным і субрэгіянальным узроўнях. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь абвясціў стратэгію па фармаванню «пояса добрасуседства і бяспекі» уздоўж сваіх межаў. У рамках стратэгіі Беларусь заключыла дамоўленасці аб дадатковых мерах даверу і бяспекі ў ваенна-палітычнай сферы з Украінай і Літвой (у 2001 годзе), Латвіяй і Польшчай (у 2004 годзе). Гэтыя меры забяспечваюць важны для ўсіх суседзяў перыметр даверу і бяспекі. 
 
Беларусь з'яўляецца адным з прыхільнікаў далейшай мадэрнізацыі Венскага дакумента 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі.
 
Беларусь з'яўляецца таксама бокам Дагавора па адкрытым небе, які дапамагае ўмацаванню даверу ў Еўропе. У верасні – снежні 2008 года наша краіна старшынствавала ў Кансультатыўнай камісіі па адкрытым небе, якая з'яўляецца рабочым органам па разглядзе ўсіх пытанняў, звязаных з выкананнем Дагавора па адкрытым небе.