В Беларусь без визы

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь


Міністэрства замежных спраўМіністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і падпарадкоўваецца Ураду Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Палажэннем аб Міністэрстве замежных спраў, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, МЗС ажыццяўляе дзяржаўную палітыку ў сферы знешніх сувязей і каардынацыю знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці нашай краіны.
 
У сістэму МЗС уваходзяць цэнтральны апарат, дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы за мяжой, а таксама Інфармацыйнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн”.
 
МЗС забяспечвае выкананне комплекса задач у сферы міжнароднай дзейнасці, у тым ліку забеспячэнне праў і інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у міжнародных адносінах; абарону праў і інтарэсаў беларускіх грамадзян і арганізацый за мяжой; стварэнне спрыяльных умоў для прасоўвання нашых эканамічных інтарэсаў за мяжой; збор і аналіз інфармацыі аб фактарах і тэндэнцыях міжнароднага развіцця; падрыхтоўку прапаноў па стратэгічных напрамках знешнепалітычнага і знешнеэканамічнага курса Рэспублікі Беларусь і інш.
 
МЗС таксама каардынуе супрацоўніцтва дзяржаўных органаў Беларусі з адпаведнымі органамі замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый і міждзяржаўных утварэнняў; вядзе падрыхтоўку і ўдзельнічае ў ажыццяўленні візітаў дзяржаўных і ўрадавых дэлегацый Рэспублікі Беларусь за мяжу; праводзіць перагаворы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый і міждзяржаўных утварэнняў; прымае ўдзел у арганізацыі міжнародных форумаў у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой і інш.
 
Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 177 дзяржавамі свету i на сённяшні дзень прадстаўлена замежнымі ўстановамі ў 59 дзяржавах свету. У 2014 годзе адкрыты дыпмісіі нашай краіны ў Аўстраліі, Катары, Манголіі, Пакістане, Эквадоры і генеральнае консульства ў Мілане (Італія), у 2016 годзе — у Грузіі і Іспаніі, у поўным аб’ёме адноўлена дзейнасць пасольства ў Швецыі.

Замежныя дзяржавы прадстаўлены ў Беларусi 45 пасольствамі, 4 аддзяленнямі пасольстваў, 2 гандлёвымі прадстаўніцтвамі, 35 консульскімі ўстановамі (у тым ліку ганаровымі консуламі); міжнародныя арганізацыі – 15 прадстаўніцтвамі. Па сумяшчальніцтву акрэдытавана 88 замежных дыппрадстаўніцтваў.
 
Беларусь ажыццяўляе выкананне каля 3,9 тысяч міжнародных дагавораў. З іх больш за 2200 – двухбаковыя, каля 1700 – шматбаковыя.
 
Падрабязную інфармацыю аб знешняй палітыцы Беларусі, нашых адносінах з асноўнымі партнёрамі за мяжой і дзейнасці беларускага боку ў рамках міжнародных арганізацый вы знойдзеце ў адпаведных раздзелах меню злева.