Áåëàðóñü . Ôàêòû

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну не толькі ў якасці новай суверэннай дзяржавы, што з’явілася ў выніку распаду СССР, але і як еўрапейская краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці.

Полацкае, Тураўскае, Пінскае і іншыя княствы (IХ-ХIV стст.), якія ўзніклі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, створанае імі Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (сярэдзіна ХIII-ХVIII стст.) былі актыўнымі суб’ектамі міжнародных зносін. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (1919 – 1991 гг.) увайшла ў лік дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, паўнапраўным членам якой БССР з’яўлялася на працягу ўсяго часу ўласнага існавання.

З прыняццем Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і наданнем ёй 25 жніўня 1991 года статуса канстытуцыйнага закона распачаўся якасна новы перыяд у развіцці краіны. Рэалізаваўшы сваё права на самавызначэнне, Рэспубліка Беларусь, якая атрымала гэтую афіцыяльную назву па рашэнні Вярхоўнага Савета БССР ад 19 верасня 1991 года, пачала весці самастойную знешнюю палітыку.

Фарміраваць свой міжнародны курс Беларусі давялося ў складаных умовах. Свет перажываў стадыю кардынальных геапалітычных, эканамічных, грамадскіх і іншых трасфармацый, для якіх былі характэрныя высокая інтэнсіўнасць і дынамічнасць. Станаўленне новых цэнтраў уплыву суправаджаецца абвастрэннем саперніцтва паміж дзяржавамі і канкурэнцыяй паміж мадэлямі развіцця.

Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, Рэспубліка Беларусь пасля атрымання незалежнасці змагла пабудаваць адносіны са знешнім светам, не паступіўшыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта дазволіла нашай краіне ўпэўнена і эфектыўна прасоўваць і адстойваць свае знешнепалітычныя мэты і прыярытэты.

Беларусь сёння – гэта суверэнная еўрапейская дзяржава, якая праводзіць самастойную і міралюбівую знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, уносіць значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці.
 
Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 174 дзяржавамі свету i на сённяшні дзень прадстаўлена замежнымі ўстановамі ў 56 дзяржавах свету. У 2014 годзе адкрыты амбасады нашай краіны ў Аўстраліі, Катары, Манголіі, Пакістане, Эквадоры і генеральнае консульства ў Мілане (Італія).

Замежныя дзяржавы прадстаўлены ў Беларусi 45 пасольствамі, 4 аддзяленнямі пасольстваў, 2 гандлёвымі прадстаўніцтвамі, 35 консульскімі ўстановамі (у тым ліку ганаровымі консуламі); міжнародныя арганізацыі – 15 прадстаўніцтвамі. Па сумяшчальніцтву акрэдытавана 88 замежных дыппрадстаўніцтваў.