В Беларусь без визы

Прынцыпы, мэты і задачы Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне

Асноўныя прынцыпы, мэты і задачы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь заканадаўча замацаваныя ў Законе «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» ад 14 лістапада 2005 г. № 60-З.

Міжнародная актыўнасць Беларусі накіравана, у першую чаргу, на забеспячэнне бяспекі дзяржавы і абарону нацыянальных інтарэсаў ад любых знешніх выклікаў і пагроз, садзейнічанне фарміраванню спрыяльных умоў для стабільнага эканамічнага развіцця краіны і павышэння дабрабыту грамадзян.

Важнай умовай з’яўляецца раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусветную палітычную, эканамічную, культурную прастору. Прынцыповае значэнне для нашай дзяржавы мае забеспячэнне абароны правоў і свабод яе грамадзян за мяжой, захаванне беларускага этнасу па-за тэрыторыяй краіны.

Геаграфічнае становішча Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі якой зыходзяцца найбольш важныя транспартныя шляхі паміж Еўропай і Азіяй, і няпростая гісторыя краіны, якая адчула на сабе разбуральныя вынікі шматлікіх еўрапейскіх войнаў і канфліктаў, абумовілі курс на шматвектарнасць нашай знешняй палітыкі як яе фундаментальны прынцып, які азначае развіццё збалансаваных канструктыўных адносін з партнёрамі ў розных рэгіёнах свету. На шляху наладжвання дыялогу і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва з імі Беларусь кіруецца прынцыпамі прагматызму і паслядоўнасці, узаемнай павагі, раўнапраўя, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, адмовы ад націску і прымусу.