Áåëàðóñü . Ôàêòû

Прыярытэтныя накірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь

Беларусь, якая прытрымліваецца адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі, у той жа час, як і любая іншая дзяржава, канцэнтруе свае знешнепалітычныя намаганні на шэрагу найбольш важных і перспектыўных вектараў. 

Сярод іх – дзяржавы-суседзі, перш за ўсё, Расійская Федэрацыя, супрацоўніцтва з якой будуецца на саюзнай аснове. Паслядоўна адстойваючы ідэі інтэграцыі, Беларусь займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў аб’яднальных структурах на постсавецкай прасторы – Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).
 
Еўрасаюз – аб’ектыўна важны для Беларусі партнёр у гандлёва-эканамічнай сферы і крыніца інвестыцыйных рэсурсаў.
 
На якасна новы ўзровень выходзіць супрацоўніцтва з краінамі сусветнага Поўдня. Беларусь паслядоўна выступае за нармалізацыю адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Важным напрамкам знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі з’яўляецца шматбаковая дыпламатыя, супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый.
 
Расійская Федэрацыя
 
Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў максімальнай рэалізацыі патэнцыялу стратэгічнага партнёрства ў адносінах з
Расійскай Федэрацыяй як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. Цеснае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў абумоўлена геаграфічнымі, геапалітычнымі, гістарычнымі фактарамі, узаемадапаўняльнасцю эканомік, кааперацыйнымі сувязямі паміж прадпрыемствамі.
 
Будуючы ўзаемакарыснае супрацоўніцтва з Расіяй, Беларусь няўхільна прытрымліваецца прынцыпу безумоўнага захавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, адказнага выканання імі сваіх міжнародных абавязкаў.
 
Прастора СНД
 
Абапіраючыся на агульнасць гісторыі, створаныя эканамічныя і гуманітарныя сувязі, Беларусь імкнецца развіваць шматпланавае ўзаемадзеянне і з іншымі дзяржавамі на постсавецкай прасторы як на двухбаковым узроўні, так і ў інтэграцыйных аб’яднаннях –
Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскім эканамічным саюзе, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Намаганні афіцыйнага Мінска сфакусаваны на падтрыманні канструктыўнага палітычнага дыялогу, нарошчванні аб'ёмаў узаемнага гандлю, наладжванні кааперацыйных сувязяў, пашырэнні навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва з краінамі Садружнасці і Грузіяй.
 
Беларусь падтрымлівае працэсы развіцця інтэграцыйнага патэнцыялу СНД, у першую чаргу, у эканамічнай сферы. Паспяховасць узаемадзеяння у такіх галінах, як энергетыка, транспарт, прамысловасць, развіццё інавацыйных тэхналогій, рэалізацыя палажэнняў Дагавора аб зоне свабоднага гандлю, якія накіраваны на ліквідацыю існуючых бар’ераў, з’яўляецца залогам росту дабрабату і якасці жыцця народаў у складзе СНД.
 
Прынцыпова новыя перспектывы для нацыянальных інтарэсаў дзяржаў-удзельніц адкрывае Еўразійскi эканамічны саюз. Уступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года Дагавора аб ЕАЭС — гэта якасны крок наперад па фарміраванні заснаванага на нормах і прынцыпах СГА агульнага рынку з насельніцтвам больш за 182 млн. чалавек з высокім навуковым, вытворчым і тэхналагічным патэнцыялам.

У ЕАЭС будуць створаны дадатковыя ўмовы для мадэрнізацыі і ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі за кошт забеспячэння свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, рэалізацыі ўзгодненай (адзінай) палітыкі ў ключавых сектарах эканомікі, рэалізацыі сумесных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, адзіных правілаў канкурэнцыі, стандартаў і патрабаванняў да тавараў і паслуг, доступу да паслуг натуральных манаполій і рынку дзяржаўных (муніцыпальных) закупак.
 
Рэспубліка Беларусь садзейнічае умацаванню Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па ўсіх напрамках яе дзейнасці (палітычнаму, ваеннаму, ваенна-тэхнічнаму, інфармацыйнаму); развіццю супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю; прадухіленню надзвычайных сітуацый; умацаванню каардынацыі дзеянняў дзяржаў-удзельніц Арганізацыі; наладжванню канструктыўнага ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі міжнароднымі аб’яднаннямі.
 
Еўрапейскі саюз
 
Прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусi на еўрапейскiм вектары з’яўляецца інтэнсіфікацыя партнёрства з краiнамi
Еўрасаюза ў сферах узаемнай цікавасці зацікаўлення: гандаль і інвестыцыi, транспарт, транзіт, трансгранічнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, энергетыка, ахова навакольнага асяроддзя.
 
Беларусь – надзейны партнёр Еўрасаюза не толькі з пункту гледжання падтрымкі стабільнасці ў рэгіёне, але і па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага значэння: забеспячэння ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьбы са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй.
 
Адмена ў лютым 2016 г. большасці абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі адкрывае якасна новыя магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам і яго краінамі-членамі.

Для развіцця структураванага палітычнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам створаны новы кансультатыўны фармат — Каардынацыйная група Беларусь-ЕС, першае паседжанне якой адбылося ў красавіку 2016 г. ў г. Бруселе.
 
Краіны
Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі
 
Беларусь мае намер умацоўваць і пашыраць дальнюю “знешнепалітычную дугу” саюзнікаў і партнёраў у Азіі, Лацінскай Амерыцы, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, выводзіць супрацоўніцтва з яе апорнымі кропкамі на ўзровень стратэгічнага партнёрства.
 
Дыверсіфікацыя гандлю, паглыбленне эканамічнай кааперацыі з краінамі названых рэгіёнаў планеты з’яўляюцца важнай перадумовай росту экспартаарыентаванай беларускай эканомікі.
 
Асноўныя напрамкі развіцця адносін – актывізацыя палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння з традыцыйнымі партнёрамі (ААЭ, Аргентына, Бразілія, Венесуэла, В’етнам, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай, Куба, ПАР, Сірыя, Японія), наладжванне дыялога і актыўны выхад і замацаванне на рынках дзяржаў, якія маюць значны патэнцыял для ўзаемакарыснага супрацоўніцтва (Ангола, Аўстралія, Балівія, Інданезія, Камбоджа, Катар, Калумбія, Лаос, Малайзія, Мазамбік, Манголія, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Перу, Сірыя, Судан, Шры-Ланка, Эквадор, Эфіопія і іншыя).
 
Злучаныя Штаты Амерыкі
 
Рэспубліка Беларусь выступае за развіццё канструктыўнага і раўнапраўнага дыялога з
ЗША, пашырэнне поўнафарматнага двухбаковага супрацоўніцтва па актуальных глабальных пытаннях (барацьба з гандлем людзьмі, абарона ядзерных аб’ектаў, нераспаўсюджванне ЗМЗ, процідзеянне распаўсюджванню наркатычных і псіхатропных рэчываў, кіберзлачынствам і распаўсюджванню дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце), заснаванага на ўзаемным уліку інтарэсаў. 
 
Нягледзячы на складаныя палітычныя адносіны, Беларусь працягвае прыкладаць намаганні для нармалізацыі супрацоўніцтва па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння.
 
Шматбаковая дыпламатыя
 
Рэспубліка Беларусь садзейнічае замацаванню цэнтральнай ролі ААН у вырашэнні сусветных праблем; падтрымлівае палітыку ААН у галіне захавання міжнароднага міру і бяспекі, умацавання і развіцця сучасных міжнародных рэжымаў па прадухіленні распаўсюджвання зброі масавага знішчэння, змяншэння і ліквідацыі яго арсеналаў, барацьбы з міжнародным тэрарызмам; выступае за збалансаванае рэфармаванне ААН з мэтай адаптацыі Арганізацыі да новых рэалій.
 
Прыярытэтнай задачай з’яўляецца прасоўванне асноўных беларускіх ініцыятыў у межах ААН: аб актывізацыі міжнародных намаганняў па супрацьдзеянні гандлю людзьмі; аб абароне інстытута сям'і і прасоўванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў; аб прасоўванні ў ААН інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу;
аб запуску пры падтрымцы ААН новага этапу міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва, нацэленага на дасягненне Мэтаў ўстойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах праз партнёрства, інавацыі і інвестыцыі; аб прызнанні шматлікасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця ў якасці каштоўнасці чалавечай цывілізацыі; аб недапушчальнасці практыкі ўжывання аднабаковых прымусовых мер для аказання палітычнага ціску на суверэнныя дзяржавы; аб процідзеянні палітызацыі праваахоўнай тэматыкі ў ААН; аб фарміраванні комплекснай энергетычнай павесткі ААН; аб прадухiленнi незаконнага абароту органаў чалавека.
 
Інтарэсам Беларусі адпавядае ўмацаванне значэння Руху недалучэння (РН) як уплывовага суб’екта міжнародных зносін; актывізацыя дыялога і супрацоўніцтва паміж РН і іншымі магутнымі цэнтрамі палітычнай і эканамічнай сілы; інтэнсіфікацыя двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязей з удзельнікамі Руху.
 
Беларусь выступае за захаванне і далейшае ўмацаванне Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, садзейнічанне яе комлекснаму рэфармаванню з мэтай знішчэння недахопаў і перакосаў у дзейнасці і ператварэнне АБСЕ ў эфектыўную, транспарэнтную структуру, якая дзейнічае на карысць усіх краін-удзельніц.
 
Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў паглыбленні партнёрства з краінамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, энергетычнай, транспартнай, навуковай і ваенна-тэхнічнай галінах, актывізацыі ўзаемадзеяння па пытаннях рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, у сферах барацьбы з тэрарызмам і наркатрафікам, процідзеяння гандлю людзьмі. У якасці назіральніка Беларусь мае намер актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці ШАС па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.