Áåëàðóñü . Ôàêòû

Аб візіце Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў Іспанію

14-06-2017

13-14 чэрвеня 2017 г. адбыўся рабочы візіт Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея ў Каралеўства Іспанія.

Фота Сената Іспаніі

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства быў прыняты Старшынёй Сената Каралеўства Іспанія Піа Гарсія Эскудэра.

Фота Сената Іспаніі

На сустрэчы бакі абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-іспанскага міжпарламенцкага супрацоўніцтва, пытанні аказання парламенцкай падтрымкі будучым двухбаковым праектам гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

Фота Міністэрства замежных спраў і супрацоўніцтва Іспаніі

Падчас знаходжання ў Іспаніі адбыліся перагаворы Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Каралеўства Іспанія Альфонса Дасцісам Кеседам. Міністры разгледзелі ўвесь комплекс двухбаковых адносін, абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, абмеркавалі перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім саюзам, а таксама ўзаемадзеянне ў рамках ААН, АБСЕ і Савета Еўропы.

Фота Міністэрства замежных спраў і супрацоўніцтва Іспаніі

Кіраўнікі дэлегацый падпісалі Канвенцыю паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Іспанія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненнi да падаткаў на даходы і капітал, а таксама Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў і супрацоўніцтва Каралеўства Іспанія аб двухбаковых кансультацыях.

У.Макей правёў сустрэчу з Дзяржаўным сакратаром па гандлі Іспаніі Марыяй Луісай Панселай, у ходзе якой бакі падкрэслілі зацікаўленасць у далейшым развіцці беларуска-іспанскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Фота Іспанскай канфедэрацыі прамысловых арганізацый

Па выніках перагавораў падпісаны Мемарандум паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Каралеўства Іспанія аб эканамічным і прамысловым супрацоўніцтве, які прадугледжвае стварэнне Сумеснай міжурадавай беларуска-іспанскай камісіі па эканамічным і прамысловым супрацоўніцтве.

Фота Іспанскай канфедэрацыі прамысловых арганізацый

Бакі дамовіліся аб правядзенні першага пасяджэння камісіі ў г.Мінску восенню 2017 года. Правядзенню пасяджэння будзе папярэднічаць работа па вызначэнні найбольш перспектыўных сфер і кірункаў двухбаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

Фота Іспанскай канфедэрацыі прамысловых арганізацый

Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у адкрыцці III Беларуска-іспанскага бізнес-форуму, на якім прысутнічала больш за 60 прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Іспаніі. У.Макей звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства з прывітальным словам, у якім адзначыў важнасць актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы паміж дзвюма краінамі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі, прамысловасці і канкурэнтаздольнасці Іспаніі, Іспанская канфедэрацыя прамысловых арганізацый, Гандлёвая палата Іспаніі і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Іспанія.

Падчас Форуму адбыліся сустрэчы У.Макея з шэрагам вядучых іспанскіх кампаній, зацікаўленых у рэалізацыі праектаў у сферах энергетыкі, інфраструктуры, транспарту, сельскай гаспадаркі, здабычы і перапрацоўкі карысных выкапняў, турызму і іншых. Дасягнуты дамоўленасці аб прапрацоўцы прапаноў па рэалізацыі камерцыйных праектаў у галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, падтрымцы далейшых кантактаў.

Міністр замежных спраў, Старшыня Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі У.Макей правёў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якія пражываюць у Іспаніі, прыняў удзел у прэзентацыі кнігі «Згукі маёй Бацькаўшчыны» — зборніка вершаў Максіма Багдановіча, выдадзенага на беларускай і іспанскай мовах.

У.Макей падзякаваў беларускай дыяспары за ініцыятыву ў выданні твораў класіка беларускай літаратуры і выказаў упэўненасць, што публікацыя зборніка будзе спрыяць папулярызацыі беларускай культуры ў Іспаніі. Шэрагу прадстаўнікоў беларускай дыяспары і іспанскім дзеячам культуры былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Адбылася сустрэча У.Макея з Ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Алікантэ Альфонса Хурада Меса. У межах сустрэчы абмяркоўвалася садзейнічанне Ганаровага консула ў развіцці рэгіянальных сувязей у эканамічнай і гуманітарнай сферах.

русская версия      English version