В Беларусь без визы

Главная / Карысная інфармацыя / Аб прымяненні Пагаднення з Ізраілем

Аб прымяненні Пагаднення з Ізраілем

Асаблівасці ўезду грамадзян Рэспублікі Беларусь у Ізраіль

Ва ўсіх выпадках грамадзянін Беларусі, які ўязджае ў Ізраіль на тэрмін да 90 сутак на працягу паўгода, абавязаны мець нацыянальны пашпарт, сапраўдны на працягу не менш за шэсць месяцаў з моманту ўезду.

Міграцыйныя ўлады Ізраіля ў пункце пропуску ўпаўнаважаны праводзіць асабістую гутарку (і, як правіла, гэта робяць) з асобамі, якія прыбылі. У ходзе гэтай працэдуры беларускі грамадзянін павінен дакладна растлумачыць характар паездкі (турыстычная, гасцявая, дзелавая) і зазначыць тэрміны свайго візіту ў Ізраіль. Пры гэтым, каб пазбегнуць праблем, рэкамендуецца дакументальна пацвердзіць прадстаўленую інфармацыю. На практыцы гэта можна зрабіць прад’явіўшы зваротныя квіткі з фіксаванай датай, поліс медыцынскага страхавання на ўвесь тэрмін паездкі, фінансавыя сродкі ў дастатковым аб’ёме (наяўныя грошы, трэвел-чэкі, банкаўскія карткі). Акрамя таго, можа быць запатрабавана пацверджанне браніравання месцаў у гасцініцы на названыя тэрміны, альбо ваўчар турфірмы (калі мэта паездкі турызм). Для наведвання сваякоў, знаёмых, ізраільскіх арганізацый або бізнес-партнёраў неабходна мець ліст-запрашэнне з указаннем асабістых даных асобы, якая запрашае, і асобы, якую запрашаюць, мэты і тэрмінаў візіту, адрас, па якім будзе пражываць запрошаны (ксеракопію пашпарта/ID). Калі мэта візіту — лячэнне, прадастаўляецца ліст з медыцынскай установы.

Прадстаўнікі ізраільскіх пагранічных службаў матывуюць правядзенне сумоўя неабходнасцю гарантыі інтарэсаў бяспекі. У задачы супрацоўнікаў ўваходзіць выяўленне асоб, якія ўтойваюць сапраўдныя мэты свайго ўезду ў Ізраіль. У прыватнасці, гаворка ідзе перш за ўсё аб магчымых намерах нелегальна працащладкавацца і застацца на пастаяннае жыхарства.

У тым выпадку, калі грамадзянін паведаміў ілжывыя звесткі пра сябе службовай асобе, якая праводзіць сумоўе, апошняя можа прыняць рашэнне аб адмове iншаземцу ва ўездзе ў Ізраіль. Пры гэтым, як сведчыць практыка, гэтае рашэнне фактычна немагчыма ніякім чынам абскардзіць.

Акрамя таго, неабходна ўлічваць, што ў адпаведнасці з артыкулам 1 Пагаднення, грамадзяне абедзвюх дзяржаў, уладальнікі сапраўдных нацыянальных пашпартоў, вызваляюцца ад неабходнасці атрымання прадугледжаных законамі і правіламі дзяржавы знаходжання віз для ўезду на тэрыторыю або выезду з тэрыторыі кожнай дзяржавы з мэтай візіту або знаходжання, які не перавышае 90 дзён на працягу 6 месяцаў з даты першага ўезду. Мэтай паездкі можа з’яўляцца турызм, дзелавая паездка, наведванне сваякоў ці знаёмых, лячэнне ў медыцынскай установе. Зыходзячы з кантэксту Пагаднення і яго мэтаў, бязвізавы рэжым можа быць абмежаваны ў пэўных выпадках.

У прыватнасці, у артыкуле 2 Пагаднення сказана: «Грамадзяне дзяржавы аднаго Боку, якія маюць намер знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы другога Боку на працягу перыяду звыш 90 (дзевяноста) дзён альбо ажыццяўляць працоўную, камерцыйную ці іншую дзейнасць, якая прыносіць даход, абавязаны загадзя атрымаць візы». У дадзеным выпадку пад ажыццяўленнем працоўнай, камерцыйнай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, разумеецца дзейнасць, якая прадугледжвае атрыманне даходу на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Напрыклад, камандзіроўка не падпадае пад сферу дзеяння дадзенага артыкула, бо атрыманне даходу ажыццяўляецца на тэрыторыі дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці.

Таксама, у асобных выпадках неабходна атрымліваць візы для ажыццяўлення паездак з мэтай адукацыі (за выключэннем кароткатэрміновых курсаў), паколькі навучальны працэс займае досыць працяглы перыяд часу і, як правіла, перавышае 90-дзённы тэрмін.

Абмежаванне тэрміну знаходжання ў Ізраілю 90 днямі ў 6-месячны перыяд варта прымаць пад увагу і грамадзянам, якія збіраюцца ў Ізраіль на працяглае па часу лячэнне або рэабілітацыю.