В Беларусь без визы

Расія і Саюзная дзяржава

Стратэгічнае партнёрства, развіццё саюзніцкіх адносін з Расійскай Федэрацыяй абумоўлены геаграфічнай і культурна-гістарычнай блізкасцю нашых краін і народаў, узаемадапаўняльнасцю эканомік, цеснымі кааперацыйнымі сувязямі беларускіх і расійскіх кампаній.

Прававой асновай беларуска-расійскай інтэграцыі з’яўляецца падпісаны 8 снежня 1999 года кіраўнікамі Беларусі і Расіі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

У адпаведнасці з Дагаворам Беларусь і Расія паставілі перад сабой шэраг важных арыентыраў: забеспячэнне мірнага і дэмакратычнага развіцця народаў дзвюх дзяржаў; стварэнне адзінай эканамічнай і мытнай прасторы; забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця; правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі і палітыкі ў сферы абароны; фарміраванне адзінай прававой сістэмы; правядзенне ўзгодненай сацыяльнай палітыкі; забеспячэнне бяспекі і барацьба са злачыннасцю.

Дасягненне адзначаных мэт ажыццяўляецца паэтапна, з улікам прыярытэтнага вырашэння эканамічных і сацыяльных пытанняў. Наша партнёрства ажыццяўляецца на прынцыпах безумоўнага захавання дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнаці, адказнага выканання бакамі сваіх міжнародных абавязкаў.

Расія традыцыйна з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі і буйнейшым экспартным рынкам для беларускіх тавараў.

Па выніках 2014 г. узаемны тавараабарот склаў 37,6 млрд. долараў ЗША, экспарт у Расію – 15,3 млрд. долараў ЗША, iмпарт з Расіі – 22,3 млрд. долараў ЗША. На долю Расіі прыходзіцца 48,8 адсоткаў аб'ёму знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь. Наша краіна уваходзіць ў пяцёрку асноўных гандлёвых партнёраў Расіі, дзе знаходзіцца адразу пасля Кітая, Нідэрландаў, Германіі і Італіі.

Беларусь і Расія эфектыўна развіваюць супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы. Беларусь добрасумленна выконвае свае абавязкi па транспартыроўцы энергарэсурсаў у еўрапейскія краіны і тым самым робіць значны ўклад у забеспячэнне рэгіянальнай энергетычнай бяспекі.

Разам з узаемадзеяннем у межах “двойкі” Беларусь і Расія выступаюць за паглыбленне супрацоўніцтва ў калектыўным фармаце, актыўна ўдзельнічаюць у іншых інтэграцыйных праектах на постсавецкай прасторы.

У якасці аднаго з найбольш “прасунутых” інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы бакі разглядаюць Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), які адкрые нашым краінам шлях да стварэння жыццёва неабходных умоў для вольнага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў, працоўнай сілы, аднолькавых умоў і гарантый для суб’ектаў гаспадарання, а таксама дае дадатковыя перадумовы для далейшага паглыблення двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння.

Беларусь і Расія эфектыўна каардынуюць свае дзеянні на міжнароднай арэне у адпаведнасці з Праграмай ўзгодненых дзеянняў у сферы знешняй палітыкі, якая прымаецца кожныя два гады.

Значныя вынікі дасягнуты ў сферах абароны і бяспекі, антытэрарыстычнай дзейнасці, барацьбы са злачыннасцю. Падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў у сферы ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. 

Створана і функцыяніруе рэгіянальная групоўка войск (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, ажыццяўляецца ўзаемадзеянне паміж сістэмамі ППА дзвюх краін. Праводзяцца сумесныя вучэнні. Адпрацоўваецца комплекс пытанняў па аператыўнай і баявой падрыхтоўцы войск.

Удасканальваецца праваахоўная дзейнасць. У Беларусі і Расіі фарміруецца адзіная нарматыўная база ў сферы барацьбы са злачыннасцю. На тэрыторыях нашых дзяржаў праводзяцца ўзгодненыя мерапрыемствы па папярэджанні, выяўленні і спыненні супрацьпраўных дзеянняў з боку арганізаваных злачынных груповак, актаў тэрарызму, гандлю людзьмі. Сумеснымі намаганнямі на заходняй мяжы Саюзнай дзяржавы створаны надзейны бар’ер наркатрафіку і нелегальнай міграцыі.

У пераліку найбольш важных задач захоўваюцца пытанні забеспячэння роўных правоў грамадзян дзвюх краін, стварэння адзінай сістэмы сацыяльных гарантый, збліжэння і паступовай уніфікацыі ўнутранага заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы.

Сёння грамадзяне Беларусі і Расіі маюць практычна аднолькавыя магчымасці для працаўладкавання, выбару месца жыхарства, атрымання адукацыі, медыцынскай дапамогі і сацыяльнага забеспячэння.

Пры перасячэнні беларуска-расійскай мяжы беларусам і расіянам не патрабуецца памежнага кантролю, мытнага надгляду, атрымання і запаўнення міграцыйнай карткі.

Актыўна развіваецца двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы культуры. Адным з найбольш буйных і вядомых сумесных праектаў з’яўляецца фестываль “Славянскі базар”, які штогод арганізуецца і праводзіцца ў Віцебску. Рэгулярна на ўзаемнай аснове праводзяцца міжнародныя фестывалі мастацтваў, мастацкія выставы, тэатральныя і кінафестывалі. 

Сумесныя праграмы, якія ахопліваюць навуковую і навукова-тэхнічную сферы, прамысловасць, будаўніцтва, інавацыі і новыя тэхналогіі, космас, ІТ-тэхналогіі працягваюць заставацца эфектыўным механізмам паглыблення інтэграцыі і стымулююць пашырэнне кааперацыйных сувязей паміж беларускімі і расійскімі суб’ектамі гаспадарання.

Практычная рэалізацыя такіх праектаў садзейнічае выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі, загрузцы вытворчых магутнасцей, стварэнню дадатковых працоўных месцаў, павышэнню экспартных магчымасцей прадпрыемстваў дзвюх краін.

Беларуска-расійскі дыялог – гэта цеснае ўзаемадзеянне дзвюх краін ва ўсіх без выключэння сферах супрацоўніцтва на карысць братэрскіх народаў Беларусі і Расіі.

 
 
 
Матэрыял па тэме:
Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі