Áåëàðóñü . Ôàêòû

Беларусь і краіны Еўропы

Беларусь геаграфічна, гістарычна і культурна з’яўляецца неад’емнай часткай Еўропы, знаходзячыся на скрыжаванні значных транспартных і гандлёвых шляхоў паміж рознымі рэгіёнамі еўрапейскага кантыненту, і робіць адчувальны ўнёсак ва ўмацаванне агульнаеўрапейскай бяспекі, ствараючы бар’ер на шляху наркатрафіку, незаконнага гандлю зброяй, нелегальнай міграцыі і гандлю людзьмі.


Наша краіна – гарант бесперапыннага транзіту з Расіі энергарэсурсаў, што спажываюцца значнай часткай еўрапейскага насельніцтва. Роля нашай краіны ў развіцці сусветнай і еўрапейскай рэгіянальнай эканомікі яшчэ больш узрастае па меры рэалізацыі дамоўленасцей у межах Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.

За два дзесяткі гадоў, што мінулі з моманту набыцця незалежнасці, Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны практычна з усімі еўрапейскімі дзяржавамі. Сёння беларускія дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы (усяго 26 замежных устаноў) адкрыты і актыўна дзейнічаюць у 20 краінах Еўропы (без краін СНД) – Аўстрыі, Балгарыі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Францыі, Чэхіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Эстоніі. Шэраг з іх акрэдытаваны на суседнія краіны па сумяшчальніцтве.

У апошнія гады дастаткова шырокае распаўсюджанне атрымаў інстытут ганаровых консулаў Республікі Беларусь за мяжой, якія сёння ў 14 краінах Еўропы (уключна з Турцыяй) садзейнічаюць развіццю двухбаковых адносін з Беларуссю, умацаванню ўзаемадзеяння паміж эканамічнымі суб’ектамі, пашырэнню міжасабовых кантактаў.

Еўрасаюз з'яўляецца другім па значнасці рынкам для беларускага экспарту.

За апошняе дзесяцігоддзе тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрасаюзу павялічыўся ў дзесяць разоў.

Аднак 2013 стаў няпростым для эканамічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з еўрапейскім рэгіёнам. На гандлі з краінамі Еўропы адмоўна адбіліся такія фактары, як напружанасць у палітычных адносінах Беларусі і ЕС, адсутнасць у Беларусі тарыфных прэферэнцый ЕС, адгалоскі фінансава-эканамічнага крызісу і пагаршэнне агульнай макраэканамічнай сітуацыі ў еўразоне ў цэлым.

У 2013 годзе тавараабарот з ЕС знізіўся ў параўнанні з 2012 годам на 21,8 працэнта да 21 млрд. долараў. Беларускі экспарт зменшыўся на 40,2 працэнта да 10,5 млрд. долараў. Доля экспартных паставак у ЕС у агульным аб'ёме беларускага экспарту знізілася да 28,2 з 38,1 працэнта ў 2012 годзе. Імпарт з краін ЕС павялічыўся на 12,9 працэнта, склаўшы 10,5 млрд. долараў. З улікам значнага зніжэння беларускага экспарту і адначасовага росту імпарту з краін ЕС знешнегандлёвае сальда склалася адмоўным у памеры 20 млн. долараў.

Асноўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі Беларусі сярод краін еўрапейскага рэгіёна з’яўляюцца Германія, Нідэрланды, Польшча, Італія, Літва, Злучанае Каралеўства, Латвія.

У 2013 годзе адбыліся пасяджэнні міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Літвой, Сербіяй, Латвіяй, Венгрыяй, Турцыяй, Славакіяй, Славеніяй і Чэхіяй.

У 2014 годзе міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве адбыліся з Аўстрыяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германіяй, Славеніяй, Чэхіяй.

Праведзены двухбаковыя эканамічныя форумы з партнёрамі з Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Польшчы, Турцыі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі.

Нашу краіну рэгулярна наведваюць прадстаўнічыя дэлегацыі дзелавых колаў еўрапейскіх краін, у тым ліку Аўстрыі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Славакіі, Славеніі Фінляндыі, Чэхіі.

Развіваецца і павышаецца эфектыўнасць тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў у Еўропе. Рознапланавае супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам уяўляе сабой найбольш дзейсны інструмент дыверсіфікацыі знешняга гандлю, інвестыцыйнай дзейнасці краіны, мадэрнізацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.

Найважнейшым аспектам работы па прасоўванні экспарту ў еўрапейскія краіны з’яўляецца забеспячэнне адпаведнасці беларускай прадукцыі еўрапейскім нормам і стандартам у галіне якасці. Гарманізацыя стандартаў якасці беларускай прадукцыі з еўрапейскімі аналагамі – гэта першачарговая прадпасылка яе доступу на рынак Еўрапейскага саюза.

Адзін з ключавых накірункаў у супрацоўніцтве з ЕС – прыцягненне замежных інвестыцый у беларускую эканоміку, найперш, у вытворчасць навукаёмістых і высокатэхналагічных тавараў, якаснай сельскагаспадарчай прадукцыі, увядзенне альтэрнатыўных крыніц энергіі і павышэнне энергаэфектыўнасці, развіццё транзітнага патэнцыялу.

На долю Еўрасаюза прыпадае каля паловы ўсіх замежных інвестыцый, прыцягнутых у эканоміку Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе аб'ём інвестыцый з краін ЕС склаў 6,54 млрд. долараў ЗША (у 2012 годзе – 6,48 млрд. долараў), з іх прамых інвестыцый – 4,6 млрд. долараў (у 2012 годзе – 4,6 млрд. долараў), прамых інвестыцый на чыстай аснове – 0,73 млрд. долараў (у 2012 годзе – 0,46 млрд. долараў).

Вядучымі інвестарамі ў беларускую эканоміку з’ўляюцца Вялікабрытанія, Кіпр, Нідэрланды, Аўстрыя, Польшча, Літва, Латвія, Германія, Швейцарыя.

Важным механізмам інфармавання сусветнай супольнасці пра магчымасці вядзення бізнэсу ў Беларусі і прыцягнення інвестыцый у краіну з’яўляюцца беларускія інвестыцыйныя форумы, якія ў апошнія гады арганізуюцца Урадам нашай краіны. Першы такі форум прайшоў у 2008 годзе ў Лондане, другі – у 2009 годзе ў Мінску. Трэці Беларускі інвестыцыйны форум адбыўся у 2010 годзе ў Франкфурце-на-Майне ў межах Еўрапейскага фінансавага тыдня.

У лiстападзе 2014 года ў Вялікабрытаніі адбыўся беларускі інвестыцыйны міні-форум.

Больш падрабязная інфармацыя пра супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Еўропы размешчана на
сайтах беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Літве, Латвіі, Польшчы, Нідэрландах, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Эстоніі.