Áåëàðóñü . Ôàêòû

Беларусь і краіны СНД і Грузія

Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД з’яўляецца адным з асноўных знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь, што абумоўлена сукупнасцю гістарычных, эканамічных, палітычных і культурных фактараў.

Беларусь імкнецца да пабудовы ўзаемавыгадных адносін з дзяржавамі – ўдзельніцамі СНД. Пры гэтым найважнейшай сферай супрацоўніцтва з’яўляецца гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. Па выніках 2014 года тавараабарот з краінамі СНД (без уліку Расіі) склаў 8,2 млрд. долараў ЗША.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца Украіна, Казахстан, Малдова, Туркменістан і Азербайджан, на долю якіх выпадае больш за 95 працэнтаў беларускага экспарту ў рэгіёне СНД (без уліку Расіі).

Дыпламатычныя адносіны паміж  Рэспублікай Беларусь і Украінай былі ўсталяваны 27 снежня 1991 г. Пасольства нашай краіны ва Украіне дзейнічае з кастрычніка 1993 г. Паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай падпісана больш за 170 двухбаковых міжнародных дагавораў і iншых міжнародна-прававых дакументаў. Асноўнымі дакументамі, якія рэгулююць двухбаковае палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва, з’яўляюцца Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве, Пагадненне аб свабодным гандлі.

Рэгулярна праводзяцца пасяджэннi Мiжурадавай Беларуска-Украiнскай змешанай камiсii па пытаннях гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва. 22-е пасяджэнне адбылося ў маі 2013 г. у г.Кiеве.

У чэрвені 2013 г. праведзены афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Украіну, падчас якога праведзены абмен ратыфікацыйнымі граматамі, якія пацвярджаюць ўступленне ў сілу міждзяржаўнага Дагавора аб джяржаўнай мяжы ад 12 мая 1997 г.

У маі і кастрычніку 2013 г. праведзены сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Астане і г.Мінску (паседжанне Вышэйшай Еўразійскага Эканамічнага Савета, Саміт кіраўнікоў краін СНД), а таксама Прэзідэнта і Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з Прэм'ер-міністрам Украіны, які знаходзіўся ў Мінску для ўдзелу ў паседжанні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

У кастрычніку 2013 г. адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь Прэм'ер-міністра Ўкраіны.

У сакавіку 2014 г. адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з Старшынёй Вярхоўнай Рады, в.а. Прэзідэнта Ўкраіны А.Турчынавым.

У снежні 2014 г. адбыўся рабочы візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Украіну.

У 2014 году таваразварот з Украінай склаў 5,8 млрд. долараў, экспарт перавысіў 4 млрд. долараў.

Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў Украіну з'яўляюцца нафтапрадукты, шыны, калійныя ўгнаенні, трактары, нафтавыя кокс і бітум, змяшаныя ўгнаенні, паліраванае шкло, палімеры этылену, грузавыя аўтамабілі, халадзільнікі і маразільнікі, прутки з нелегіраваннай сталі, а таксама панчошна-шкарпэткавыя вырабы, часці і абсталяванне для аўтамабіляў і трактароў.

Ва Украіне працуе больш за 100 структур тавараправоднай сеткі, у т.л. каля 40 — з беларускім капіталам, створана 9 сумесных зборачных вытворчасцяў.

Краіны маюць перспектывы далейшага паглыблення супрацоўніцтва праз развіццё вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі, пашырэнне ўзаемадзеяння ў аграпрамысловым комплексе, у сферах транспарту, навукі, культуры, адукацыі, спорту і турызму.

Паступальна развіваецца палітычны дыялог, двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Малдова. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўсталяваны 19 лістапада 1992 г. З таго часу паміж дзяржавамі заключана больш за 60 дагавораў і пагадненняў, якія рэгулююць пытанні прававых адносін.

У верасні 2014 г. адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў Рэспублiку Малдову.

Адным з найбольш важных напрамкаў супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемадзеянне ў сферы АПК, пераважна па пастаўках беларускай тэхнікі. З 2009 года ААТ «МТЗ» сумесна з малдаўскай кампанiяй «Аграферматэх» рэалізуе праект арганiзацыi зборкi ў Малдове садова-вінаградарскай мадыфікацыі трактара на базе трактаракамлекта «Беларус-921» Смаргонскага аўтаагрэгатнага завода. 

У 2012 годзе ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» пачала зборку ў г.Кiшынёве тралейбусаў.

Для Малдовы Беларусь з’яўляецца адным з галоўных спажыўцоў вiнаматэрыялаў.

У снежнi 2013 г. у г.Кiшынёве адбылося пятнаццатае пасяджэнне Мiжурадавай Беларуска-Малдаўскай камiсii па гандлёва-эканамiчнаму супрацоўнiцтву. На пасяджэннi камiсii былi абмеркаваны шэраг пытанняў, звязаных з развiццём супрацоўнiцтва ў сферах прамысловасцi, сельскай гаспадаркi, транспарту, будаўнiцтва, аховы здароўя, мiжрэгiянальнага супрацоўнiцтва.

У 2014 году таваразварот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 411,8 млн. долараў ЗША, у т.л. экспарт тавараў — 262,2 млн. долараў.

Актыўна развiваецца супрацоўнiцтва памiж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай па ўсіх напрамках, якія прадстаўляюць узаемны iнтарэс.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўсталяваны 11 чэрвеня 1993 г. З 2007 года адбылося 5 афіцыйных візітаў на найвышэйшым узроўні, 3 візіта Прэм’ер-міністра Республiкi Беларусь у Азербайджан, 8 пасяджэнняў Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.

У 2014 годзе тавараабарот памiж Беларуссю и Азербайджанам склаў 330,8 млн. долараў, у т.л. экспарт тавараў – 322,1 млн. долараў.

Асноўнымi беларускiмi экспартнымi пазiцыямi ў Азербайджан у 2013 годзе з’яўлялiся вырабы з дрэва, трактары, камплектуючыя i дэталi да аўтамабiляў i трактароў, малако i малочная прадукцыя, рухавікі, лекавыя сродкi, вырабы з чорных металаў.

У 2014 годзе Беларусь імпартавала з Азербайджана нафтапрадукты, вуглевадароды ацыклічныя, глiны, сокі з садавiны і агародніны, палiмеры этылену.

З 2007 года пачалася рэалізацыя шэрага сумесных праектаў у вобласці вытворчай кааперацыі: у Азербайджане створаны зборачныя вытворчасці трактароў, грузавых аўтамабіляў, аўтакранаў і ліфтаў. Лідарам беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ў галіне вытворчай кааперацыі з’яўляецца Гянджынскі аўтазавод.

Тавараправодная сетка беларускіх вытворцаў на рынку Азербайджана прадстаўлена трыма суб’ектамі і 30 дылерамі, якія прадстаўляюць інтарэсы больш чым 40 беларускіх экспарцёраў.

За дзевяць месяцаў 2014 года ў Беларусь прыцягнута прамых азербайджанскіх інвестыцый на суму 5,5 млн. долараў.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Арменія ўсталяваны 11 чэрвеня 1993 г. Паміж краінамі падпісана больш за 60 пагадненняў у розных сферах супрацоўніцтва. У Арменіі сфарміравана ўласная тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў, праз якую пашыраюцца пастаўкі грузавых аўтамабіляў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. Функцыянуюць тры прадпрыемствы з удзелам беларускага капіталу. У верасні 2010 г. у г.Ерэване адчынены Армяна-Беларускі гандлёвы дом «Ар-Бе», на плошчах якога рэалізуецца шырокі спектр беларускай прадукцыі (каля 12 тыс. найменняў тавараў).

У 2014 годзе тавараабарот памiж Беларусью i Арменіяй склаў 38,6 млн. долараў, у т.л. экспарт  – 29,2 млн. долараў. Прамыя інвестыцыі з Арменіі за дзевяць месяцаў 2014 г. склалі 7,3 млн. долараў.

Каардынуючую ролю ў развіцці ўзаемнага гандлю адыгрывае створаная ў 2000 годзе Міжурадавая Беларуска-Армянская камісія па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву (праведзена адзіннаццаць пасяджэнняў).

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Грузiяй усталяваны ў студзенi 1994 г.

Грузія з’яўляецца перспектыўным гандлёвым партнёрам Рэспублікі Беларусь у Закаўказзi.

Па выніках 2014 таваразварот з Грузіяй склаў 64,18 млн. долараў, у т.л. экспарт – 23,1 млн. долараў.

У лютым 2015 г. у г.Мiнску адбылося другое пасяджэнне Міжурадавай Беларуска-Грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

Рэспубліка Беларусь плануе актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва з Грузіяй у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, сувязі і інфарматызацыі, медыцыны, спорту і турызму, адукацыі.

Актыўны дыялог вядзецца паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Казахстан. На рэгулярнай аснове ажыццяўляецца абмен візітамі на найвышэйшым і высокім узроўнях, праходзяць сустрэчы прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў Беларусі і Казахстана, у т.л. ў рамках СНД, АДКБ, еўразійскай інтэграцыі. Афіцыйныя візіты Прэзідэнта Рэспублiкi Казахстан ў г.Мiнск у маi 2012 г. i Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ў г.Астану ў кастрычнiку 2013 г. пацвердзілi стратэгічны характар адносін паміж нашымi краінамі.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўсталяваны 16 верасня 1992 г. У 1997 годзе адчынена Пасольства Рэспублікі Беларусь у Казахстане, з ліпеня 2002 г. функцыянуе аддзяленне Пасольства Рэспублікі Беларусь у г.Алматы. Пасольства Рэспублікі Казахстан у нашай краіне адчынена ў 1995 годзе. Дагаворна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва на сённяшнi дзень складаецца з больш чым 80 міжнародных дагавораў і дакументаў.

Ужо стала традыцыяй, што Казахстан займае трэцяе месца па аб’ёму знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь з краінамі СНД пасля краін-суседзяў і асноўных гандлёвых партнёраў – Расіі і Украіны.

У 2014 годзе аб’ём знешняга гандлю таварамі Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Казахстан склаў 1171,4 млн. долараў. Пры гэтым беларускі экспарт у Казахстан склаў 877,6 млн. долараў.

Аснову беларускага экспарту ў Казахстан у 2014 годзе складалі пастаўкі транспартных сродкаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, малочных прадуктаў, шын, вагонаў, а таксама мэблі, нафтапрадуктаў, цукру.

Аб’ём знешняга гандлю паслугамі Беларусі з Казахстанам у студзені – лістападзе 2014 года склаў 88,8 млн. долараў. Пры гэтым экспарт паслуг склаў 64,5 млн. долараў.

У апошнія гады на тэрыторыі Казахстана арганізавана 13 зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі. Праводзіцца зборка кар’ернай і шахтавай тэхнікі, трактароў, збожжаўборачных камбайнаў, рухавікоў, прэс-падборшчыкаў, ліфтаў, некалькіх відаў прычапной сельскагаспадарчай тэхнікі. З 2011 года арганізавана зборка энерганасычанага трактара мадэлі «Беларус-3022ДЦ.1», новых мадэляў камбайнаў, тэхнікі на аснове шасі МАЗ.

У лiстападзе 2013 г. адбылiся Дні культуры Казахстана ў Беларусі, у красавiку 2014 г. – Дні культуры Беларусі ў Казахстане. У 2012 годзе таксама афіцыйна адчынены Цэнтр казахскай мовы, гісторыі і культуры імя Абая ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце і Цэнтр мовы і культуры Беларусі ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л.М.Гумiлёва.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кыргызскай Рэспублікай усталяваны 21 студзеня 1993 г. У 1995 годзе адчынена Пасольства Кыргызстана ў Беларусi, у 1999 годзе – Пасольства Беларусi ў Кыргызстане.

У 2014 годзе тавараабарот з Кыргызскай Рэспублiкай склаў 95,3 млн. долараў, у т.л. экспарт – 88,8 млн. долараў.

Асноўнымi беларускiмi экспартнымi пазiцыямi ў Кыргызстан з’яўляюцца грузавыя аўтамабілі, шыны, цукар, трактары, машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, дарожная i будаўнiчая тэхнiка, солад, халадзільнікі, пліты драўнянастружкавыя, дэталі і камплектуючыя для аўтамабіляў і трактароў, пральныя машыны, керамiчная плiтка, дываны, лекавыя сродкі.

Імпартуюцца у асноўным радыятары, абсталяванне для тэрмічнай апрацоўкі матэрыялаў, сушаная агароднiна, баваўнянае валакно.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Таджыкістан усталяваны 5 верасня 1996 г. У 1997 годзе адчынена Пасольства Таджыкiстана ў г.Мiнску, у 2011 годзе – Пасольства Беларусi ў г.Душанбэ.

У 2014 годзе двухбаковыя адносiны з Таджыкiстанам атрымалi новы станоўчы iмпульс: у маi адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкiстан Э.Рахмона ў Рэспублiку Беларусь. У ходзе візіту абмеркаваны перспектыўныя напрамкі двухбаковых адносін, пацверджана ўзаемнае імкненне да далейшага плённага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, падпісаны важныя пагадненні, якія ствараюць новыя спрыяльныя ўмовы для далейшага доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У 2014 годзе тавараабарот з Таджыкістанам склаў 35 млн. долараў, экспарт – 30,6 млн. долараў.

Аснову экспарту Беларусі ў Таджыкістан склалі трактары і седлавыя цягачы, грузавыя аўтамабілі, цукар, драўнянастружкавыя пліты, фтарыды, фторасiлiкаты, фтораалюмiнаты, бытавая тэхнiка (халадзільнікі, маразільнікі і халадзільнае абсталяванне), дываны, солад.

З Таджыкістана ў Беларусь імпартаваліся, галоўным чынам, баваўнянае валакно, садавіна сушаная, сумесі арэхаў або сушаных пладоў, баваўняная пража, тэкстыльнае адзенне.

У цяперашні час бакамі прапрацоўваюцца такія перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва, як пашырэнне ўзаемадзеяння ў аграпрамысловым сектары, развіццё кааперацыйных сувязяў шляхам стварэння зборачных вытворчасцей.

Гандлёва-прамысловымі палатамі Беларусі і Таджыкістана створаны Беларуска-Таджыкскі дзелавы савет.

11 верасня 2012 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Інжынерна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта на базе Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта iмя акадэмiка М.С.Асiмi.

У сакавіку 2012 г. у г.Мінску створана Беларуска-Таджыкскае таварыства дружбы і культурных сувязей.

У апошнія гады на якасна новы ўзровень выйшла двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўсталяваны 21 студзеня 1993 г. З кастрычніка 1995 г. у г.Мінску функцыянуе Пасольства Туркменістана. З 2002 года ў г.Ашхабадзе дзейнічае Пасольства Рэспублікі Беларусь у Туркменістане.

Паміж дзвюма краінамі падтрымліваецца актыўны палітычны дыялог, з 2009 г.штогод праводзяцца узаемныя візіты на вышэйшым узроўні і сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ў межах міжнародных мерапрыемстваў. У кастрычнику 2014 г. адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Туркменістана ў Рэспубліку Беларусь.

У 2014 годзе тавараабарот з Туркменістанам склаў 194, 9 млн. долараў, экспарт – 188,7 млн. долараў.

Беларусь экспартуе ў Туркменістан пераважна тавары з высокай дабаўленай вартасцю: трактары, грузавыя аўтамабілі, дарожную, будаўнiчую i сельскагаспадарчую тэхніку, веласiпеды, аўтапагрузчыкі, шыны, медыцынскiя прэпараты, прадукцыю дрэваапрацоўчай прамысловасці (мэблю, пліты ДСП, паперу), прадукты харчавання (цукар, сухое малако, сыр, малако, спірт, солад, кандытарскія вырабы).

Аснову імпарту з Туркменістана складаюць баваўняная пража і валакно, тканіны, трыкатажнае палатно, поўсць нячэсаная, пасцельная і сталовая бялізна.

Беларусь і Туркменістан сумесна рэалізуюць буйны інвестыцыйны праект: будаўніцтва Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў.

Пашырэнню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва спрыяў пачатак дзейнасці ў 2008 годзе Міжурадавай Беларуска-Туркменскай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву, шостае паседжанне якой адбылося ў кастрычніку 2014 г. у  г.Мінску.

Актыўна развіваюцца гуманітарныя сувязі. У беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах навучаюцца больш за  8,2 тыс. грамадзян Туркменістана. Падпісаны і рэалізуюцца праграммы супрацоўніцтва ў галіне культуры, мастацтва, турызму і спорту.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан усталяваны 21 студзеня 1993 г.

У 2014 годзе двухбаковы тавараабарот склаў 102,8 млн. долараў, экспарт – 67 млн. долараў.

Аснову паставак ва Узбекістан склалі часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, лекавыя сродкі, ёмістасці для сціснутага ці звадкаванага газу з чорных металаў, бытавая неэлектрычная апаратура для прыгатавання ежы, пліты драўнянастружкавыя i драўнянавалакнiстыя, цукар, трактары і седлавыя цягачы, бытавая тэхнiка (халадзільнікі, маразільнікі і халадзільнае абсталяванне),  дарожная і будаўнічая тэхніка, ніткі комплексныя сінтэтычныя, шыны.

Аснову імпарту з Узбекістана склалі баваўнянае валакно, баваўняная пража, легкавыя аўтамабілі, вiнаград свежы i сушаны, сумесі арэхаў або сушаных пладоў,  трыкатажныя вырабы (пуловеры, кардзіганы, камізэлькі).

Больш падрабязная інфармацыя аб супрацоўніцтве Беларусі з краінамі СНД размешчана на сайтах беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Азербайджане, Арменіі, Казахстане, Кыргызстане, Малдове, Таджыкістане, Туркменiстане, Узбекiстане i Украiне.