Áåëàðóñü . Ôàêòû

Галоўная / Служба дзяржаўнага пратакола / Дзяржаўная сімволіка

Дзяржаўная сімволіка

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь 

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга. 

Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцягу. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер. 

Пры цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца з наканечнікам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Наканечнікі вырабляюцца з металу жоўтага колеру. 

Файл для запампоўкі

Рэкамендаваная колеравая гама афіцыйнага сцяга:

  • Чырвоны — пантон 1795 C
  • Зялёны — пантон 355 С
  • Белы — пантон белы
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь 
 

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. 

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полi зялёны контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамi лёну. Вянок тройчы перавiты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкi напiсаны золатам словы “Рэспубліка Беларусь”. 

Файл для запампоўкі

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь 

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, якi выконваецца ў выпадках, прадугледжаных Законам Рэспублiкi Беларусь ад 5 лiпеня 2004 г. № 301-З “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. 

Тэкст гімна:  

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь 

Словы М.Клімковіча, У.Карызны 

музыка Н.Сакалоўскага 

 

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям'і.


Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!


Разам з братамі мужна вякамі

Мы баранілі родны парог,

У бітвах за волю, бітвах за долю

Свой здабывалі сцяг перамог!


Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!


Дружба народаў – сіла народаў -

Наш запаветны, сонечны шлях.

Горда ж узвіся ў ясныя высі,

Сцяг пераможны – радасці сцяг!


Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Файл для запампоўкі (mp3)

Партытура гімна

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

У 2019 годзе спаўняецца 25 гадоў асноўнаму закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета і з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, якая дзейнічала пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Згодна з Канстытуцыяй адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ (артыкул 3). Рэалізуючы сваё права на непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы (артыкул 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), грамадзяне па найважнейшых праблемах дзяржаўнага і грамадскага жыцця вызначылі будучыню нашай дзяржавы на рэспубліканскіх рэферэндумах, рашэнні якіх знайшлі сваё адлюстраванне ў зменах і дадатках дзеючай Канстытуцыі (рэферэндумы 1996 і 2004 гадах.).

Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці.

Канстытуцыя Беларусі таксама ўвабрала ў сябе лепшы сусветны вопыт, заканатворчасці, які існаваў на той момант, што цалкам заканамерна, бо менавіта на тэрыторыі нашай краіны дзейнічала адна з першых канстытуцый сярэднявечнай Еўропы — Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Структура Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сістэму канстытуцыйных норм і мае прэамбулу (уступ), асноўную частку, заключныя і пераходныя палажэнні. Складаецца яна з 146 артыкулаў.

У Прэамбуле Канстытуцыі сфармуляваны асноўныя ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва і грамадскага развіцця. Гэта адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі; усведамленне сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва, неад'емнае права на самавызначэнне; апора на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці; зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна; забеспячэнне грамадзянскай згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

У першым раздзеле Канстытуцыі «Асновы канстытуцыйнага ладу» даецца характарыстыка беларускай дзяржавы як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой, замацавана ўзаемная адказнасць грамадзяніна і дзяржавы.

У другім раздзеле «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўваюцца асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы і свабоды грамадзян, вызначаюцца абавязкі грамадзян, адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай, яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.

Трэці раздзел «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы, устанаўлівае парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў.

У чацвёртым раздзеле «Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд» вызначаюцца статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыя, формы і метады дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, вызначаецца структура судовай улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў рэспубліцы.

Пяты раздзел «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае, праз якія структуры грамадзянамі ажыццяўляецца мясцовае кіраванне і самакіраванне, іх статус і паўнамоцтвы.

У шостым раздзеле «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змешчаны нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць двух дзяржаўных органаў – Пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю.

У сёмым раздзеле «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўліваецца, што на тэрыторыі рэспублікі праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка, вызначаецца парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўленне агульнадзяржаўных расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

Восьмы раздзел «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае месца і ролю Канстытуцыі, фарміраванне ўсёй прававой сістэмы з улікам іерархіі нарматыўных актаў, а таксама раскрывае пытанні дзеяння Канстытуцыі і парадак яе змянення.

«Заключныя і пераходныя палажэнні» змешчаны ў апошнім, дзявятым, раздзеле Канстытуцыі. У ім абазначаны прававыя сродкі для забеспячэння пераходу да рэалізацыі тых норм, якія не могуць быць выкананы адразу з увядзеннем у дзеянне Канстытуцыі, а таксама змешчаны нормы, прысвечаныя асаблівасцям фарміравання, захавання паўнамоцтваў раней створаных і зноў прадугледжаных дзяржаўных органаў.

21 лютага 2019 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў нашай краіне.

У рамках мерапрыемства Міністр замежных спраў Уладзімір Макей працытаваў шэраг палажэнняў Асноўнага закона краіны, якія замацоўваюць суверэннае права Беларусі самастойна ажыццяўляць унутраную і знешнюю палітыку, абараняць сваю незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад.

Больш за 20 замежных дыпламатаў прачыталі на сваіх родных мовах урыўкі з нацыянальных канстытуцый, якія найбольш ярка ўвасабляюць нормы і прынцыпы, на якіх грунтуюцца дзяржаўны лад і палітыка іх краін.
 

Назва краіны 

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае дзве афіцыйныя назвы  – “Рэспубліка Беларусь” і “Беларусь”. Дадзеныя назвы замацаваны не толькі нацыянальнымі заканадаўчымі актамі, але і дакументамі ААН, уключаючы выданне «Тэрміналагічны бюлетэнь No.347/Rev.1: Назвы краін”.