Памер шрыфта:

Агляд вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2018 годзе

Геапалітычныя вынікі 2018 года прадэманстравалі сістэмны крызіс міжнароднай сітуацыі, якi ўсё больш набывае глабальны характар.

Становішча ў свеце характарызавалася ўзмацненнем нестабільнасці і непрагназуемасцi, назіралася тэндэнцыя да перманентнага пагаршэння.

У ліку асноўных выклікаў: узмацненне суперніцтва і паглыбленне дэфіцыту даверу паміж вядучымі міжнароднымі iгракамi і цэнтрамі сілы; «тлеючыя» рэгіянальныя канфлікты і з’яўленне новых ачагоў нестабільнасці; абвастрэнне эканамічных супярэчнасцяў, «гандлёвыя войны», прымяненне санкцый і контрсанкцый; пагроза абрушэння міжнароднай сістэмы кантролю над узбраеннямі і вяртання да гонкi ўзбраенняў; з’яўленне прынцыпова новых пагроз міжнароднай бяспекі ў кіберпрасторы.

Усё гэта ставіць свет на парог новай «халоднай вайны» – глабальнага геапалітычнага, эканамічнага, ваеннага, ідэалагічнага супрацьстаяння, ўзмацняе небяспеку «вялікага канфлікту» з удзелам вядучых дзяржаў.

У 2018 годзе Беларусь востра адчувала на сабе рызыкі нарастаючай канфрантацыі. У гэтых няпростых умовах наша краіна захавала і ўмацавала курс на забеспячэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, правядзенне незалежнай і збалансаванай шматвектарнай знешняй палітыкі, развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы, іх спалучэнне з іншымі аб’яднаннямі і праектамі, умацаванне бяспекі ў рэгіянальным і сусветным маштабах.

Захоўваючы прыхільнасць стратэгічнаму партнёрству з Расійскай Федэрацыяй, Беларусь працягнула выбудоўваць і напаўняць прадметным зместам канструктыўны дыялог з Еўрапейскім саюзам, яго краінамі-удзельнiцамі і іншымі заходнімі дзяржавамі, Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Актыўна ўмацоўвалася ўзаемадзеянне з дзяржавамі Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, нацэленае на развіццё супрацоўніцтва па шырокаму колу пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, на дыверсіфікацыю знешнеэканамічнай дзейнасці і асваенне новых рынкаў.

Адным з прыярытэтаў дзейнасці дзяржавы на міжнароднай арэне па-ранейшаму заставалася «эканамічная дыпламатыя», накіраваная на забеспячэнне эканамічнай бяспекі, планамернае дасягненне роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі – ЕАЭС, ЕС і рэгіёнамі «далёкай дугі».

Будучы адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі, Беларусь працягнула прыкладаць намаганні па дасягненню асноўнага прыярытэту інтэграцыі ў рамках ЕАЭС – стварэння эканамічнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў.

Паслядоўна прасоўвалася на міжнароднай арэне беларуская ініцыятыва «інтэграцыі інтэграцый», якая атрымала ў 2018 годзе актыўнае развіццё.

Беларусь пацвердзіла ролю краіны, здольнай генерыраваць і рэалізоўваць аб’яднальныя ініцыятывы, перш за ўсё ў галіне рэгіянальнай бяспекі. Беларуская ідэя неканфрантацыйнага супрацоўніцтва і арганізацыі шырокафарматнага міжнароднага дыялогу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі, здабыла экспертнае напаўненне ў ходзе праведзеных у 2018 годзе ў г. Мінску буйных міжнародных мерапрыемстваў: форума экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» на тэму«Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх »(23-25 мая); міжнароднай канферэнцыі пад эгідай АБСЕ на тэму «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху» (9-10 кастрычніка); сустрэчы Асноўны групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (31 кастрычніка – 1 лістапада).

Тым самым на практыцы пацверджана запатрабаванасць Мінска ў якасці міжнароднай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прапануюцца шляхі вырашэння самых складаных сусветных і рэгіянальных праблем.

Мінскія дамоўленасці па-ранейшаму заставаліся адным з ключавых механізмаў урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. У 2018 годзе Беларусь забяспечыла правядзенне больш за 20 сустрэч у рамках работы Трохбаковай кантактнай групы.

Захавалася высокая дынаміка міжнародных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях. Адбыліся 13 візітаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 7 візітаў Прэм’ер-міністра, 6 візітаў Міністра замежных спраў за мяжу, а таксама 46 візітаў афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў у Беларусь (9 візітаў кіраўнікоў дзяржаў, 13 візітаў кіраўнікоў урадаў, 24 візіта на ўзроўні міністраў замежных спраў).

Пасля праведзенай у 2017 – 2018 гг. аптымізацыі сетка замежных устаноў прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у 57 дзяржавах (з улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве – у 109).

У Беларусі ажыццяўляюць сваю дзейнасць 48 пасольстваў, 4 аддзяленні пасольстваў, 3 гандлёвых прадстаўніцтва, 39 консульскіх устаноў замежных дзяржаў, 18 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Па сумяшчальніцтве з Масквы, Вільнюса, Варшавы і Кіева акрэдытавана 91 замежнае дыппрадстаўніцтва.
У 2018 годзе Беларусь працягнула паслядоўную лібералізацыю візавай палітыкі, вынікам якой сталі спрашчэнне для грамадзян шэрагу краін візавых фармальнасцей, павелічэнне тэрміну знаходжання ў Беларусі пры бязвізавым ўездзе. Падтрымку ўрада знайшла ініцыятыва МЗС аб распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі развіцця турызму.
Важным сведчаннем прызнання прафесіі дыпламата, укладу дыпламатычнай службы ў развіццё і станаўленне беларускай дзяржаўнасці, рэалізацыі знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў нашай краіны з’явілася ўстанаўленне Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прафесійнага свята – Дня дыпламатычнага работніка і юбілейнага медаля «100 гадоў дыпламатычнай службе Рэспублікі Беларусь», а таксама геральдычных сімвалаў знешнепалітычнага ведамства (эмблемы, сцяга, знакаў адрознення і адзнакі).

1. Традыцыйна высокая дынаміка беларуска-расійскіх адносін падмацоўвалася інтэнсіўнымі кантактамі на вышэйшым і высокім узроўнях, рознымі фарматамі міжурадавага, міжпарламенцкага і міжгаліновага ўзаемадзеяння.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі правялі ў розных фарматах 10 сустрэч, неаднаразова размаўлялі па тэлефоне.

Развіццю працэсаў саюзнага будаўніцтва спрыялі пасяджэннi Вышэйшага Дзяржаўнага Савета (19 чэрвеня, г. Мінск), Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы (13 чэрвеня, г. Масква і 13 снежня, г. Брэст), а таксама рэалізацыя Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018 – 2022 гг., саюзных праграм і праектаў.

Працягнута каардынацыя дзеянняў на міжнароднай арэне, у тым ліку праз рэалізацыю Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018 – 2019 гг.

21 лістапада ў г. Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне калегіі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі. Праведзена больш за 20 кансультацый паміж МЗС па актуальных міжнародных пытаннях.

Актыўна развівалася міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Ажыццёўлена больш за 200 рэгіянальных візітаў і іншых мерапрыемстваў. У рамках маштабнага Пятага Форуму рэгіёнаў з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Расіі (10-12 кастрычніка) падпісаны камерцыйныя кантракты на суму больш за 0,5 млрд. долараў ЗША.

Беларусь і Расія застаюцца важнейшымі гандлёвымі партнёрамі. У 2018 годзе на долю Расіі прыпадала амаль палова ўсяго аб’ёму знешняга гандлю (38,4% у агульным аб’ёме беларускага экспарту, 58,9% у агульным аб’ёме беларускага імпарту). Беларусь у сваю чаргу ўваходзіць у «пяцёрку» асноўных гандлёвых партнёраў Расіі.

Узаемадзеянне ў розных сферах магло б быць больш эфектыўным у выпадку забеспячэння роўных умоў гаспадарання, доступу да рынкаў тавараў і паслуг, вырашэння праблемных пытанняў у нафтагазавай сферы, зняцця праблем у галіне паставак сельскагаспадарчай прадукцыі, урэгулявання рэжыму перасячэння беларуска-расійскай мяжы грамадзянамі трэціх краін.

2. На пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза Беларусь сумесна з партнёрамі працягнула прадпрымаць крокі, накіраваныя на ўмацаванне патэнцыялу Саюза і павышэнне яго ўстойлівасці да нарастаючых знешніх выклікаў.

З 1 студзеня ўступіў у сілу Мытны кодэкс ЕАЭС, нормы якога дазваляюць істотна паскорыць і спрасціць ажыццяўленне мытных аперацый у дачыненні да тавараў, якiя перамяшчаюцца праз мытную мяжу Саюза.

Праведзена маштабная работа па распрацоўцы і сцвярджэнні комплексу мер, накіраваных на стварэнне адзінай сістэмы транзіту тавараў па мытнай тэрыторыі Саюза.

Працягвалася экспертная праца па ўдасканаленні палажэнняў Дагавора аб ЕАЭС з улікам патрабаванняў часу.

Рост прывабнасці Саюза для замежных партнёраў спрыяў развіццю міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку на ўсходнім вектары (Кітай, Іран, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі).

У рамках Астанінскага эканамічнага форуму 17 мая падпісаны Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і Кітайскай Народнай Рэспублікай і Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Ісламскай Рэспублікай Іран.

Падпісана Пагадненне аб міжнародных дагаворах Еўразійскага эканамічнага саюза з трэцімі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі або міжнароднымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, а таксама Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Асацыяцыяй дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, Мемарандум аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Паўднёваамерыканскім агульным рынкам (МЕРКАСУР).

Зацверджана Палажэнне аб статусе дзяржавы-назіральніка пры Еўразійскім эканамічным саюзе, які прадастаўлены Рэспубліцы Малдова.

Цэнтральнае месца ў павестцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў традыцыйна займалі пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння. Была працягнута праца па зняцці абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, узгадненні на экспертным узроўні праекта Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, прасоўванні ўзгодненых пазіцый краін Садружнасці на знешнім контуры.

Значнай палітычнай падзеяй стала пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў СНД, якое адбылося 6 красавіка ў г. Мінску. Падтрымку з боку ўдзельнікаў пасяджэння атрымала сумесная расiйска-беларуская ініцыятыва прыняцця сумеснай заявы міністраў замежных спраў СНД аб недапушчэнні размывання прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў.

27 лістапада ў г. Мінску ў ходзе пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета падпісаны Мемарандум аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Выканаўчым камітэтам СНД. Дакумент прадугледжвае сумесную працу па такіх напрамках, як дзяржаўныя закупкі, канкурэнтная палітыка і антыманапольнае рэгуляванне, лічбавая эканоміка, супрацоўніцтва ў сферы падатковай палітыкі, прасочваемасць і маркіроўка тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі, абарона правоў спажыўцоў.

3. Актыўна развіваліся двухбаковыя адносіны з
дзяржавамі СНД і Грузіяй.

Атрымала далейшае развіццё беларуска-азербайджанскае партнёрства. Увесь спектр напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва абмеркаваны падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Аліева І.Г. (18-19 лістапада).

Падтрымліваліся актыўныя кантакты з Арменіяй на інтэграцыйных пляцоўках. Прэзідэнт Арменіі Саркісян А.В. прыняў удзел у пасяджэнні Асноўны групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў г. Мінску (31 кастрычніка – 1 лістапада).

Нарошчвалася палітычнае, гандлёва-эканамічнае і гуманітарнае ўзаемадзеянне з Казахстанам. Адбыўся візіт парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Сената Парламента Казахстана ў Беларусь (30 кастрычніка – 1 лістапада). Праведзены Дні культуры Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь (4-5 снежня).

Прыкметна актывізаваны беларуска-кыргызскі дыялог у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах. Арганізаваны сустрэча міністраў замежных спраў (7 лістапада), першыя двухбаковыя кансультацыі паміж МЗС (25-27 чэрвеня). У рамках візіту ў г. Мінск Прэм’ер-міністра Кыргызскай Рэспублікі для ўдзелу ў пасяджэнні Еўразійскай міжурадавага савета адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака пісьменніку Ч.Айтматаву (26 лістапада).

Дынамічны характар насіў беларуска-малдаўскі дыялог. Афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў Малдову (18-19 красавіка), сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях (30 кастрычніка – 1 лістапада) прывялі да нарошчвання кантактаў па ўсім напрамкам двухбаковага ўзаемадзеяння.

Развіццю пазітыўнай дынамікі беларуска-таджыкскіх адносін спрыяла правядзенне афіцыйнага візіту Кіраўніка дзяржавы ў Таджыкістан (15-16 мая) і арганізацыя першай Нацыянальнай выставы Рэспублікі Беларусь у г. Душанбэ (15-22 мая).

На шматбаковых і інтэграцыйных пляцоўках ажыццяўляўся канструктыўны дыялог з Туркменістанам.

Працягнулася ўзаемадзеянне з Украінай у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах. Сур’ёзны імпульс атрымала міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: у г. Гомелі адбыўся першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны (25-26 кастрычніка), у працы якога прынялі ўдзел прэзідэнты дзвюх краін. У г. Кіеве з поспехам прайшла шматгаліновая выстава беларускіх вытворцаў «Made in Belarus» (10-11 красавіка). Беларусь аказала гуманітарную дапамогу ўкраінскаму насельніцтву, якое знаходзіцца па абодва бакі размежавання ў Данбасе. Праведзены Дні культуры Украіны ў Рэспубліцы Беларусь (5-10 ліпеня).
Значна актывізавана ўзаемадзеянне з Узбекістанам. Упершыню за апошнія 24 гады ажыццёўлены афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў гэтую краіну (12-14 верасня). Па выніках візіту урадамі дзвюх дзяржаў зацверджана «дарожная карта» па развіцці супрацоўніцтва. У г. Ташкенце праведзены Дні культуры Беларусі (11-13 красавіка), выстава беларускіх вытворцаў «Made in Belarus» (14-19 верасня), Дні беларускай адукацыі (20-22 верасня). У г. Мінску адкрыта Пасольства Рэспублікі Узбекістан.

Працягваўся дынамічны дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях з Грузіяй. Праведзены чарговы афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Грузію (22-23 сакавіка). Галоўнай падзеяй у гуманітарнай сферы супрацоўніцтва сталі першыя Дні культуры Грузіі ў Беларусі (31 жніўня – 2 верасня).

На працягу года арганізавана восем пасяджэнняў міжурадавых камісій з краінамі рэгіёну.

4. Захавалася пазітыўная дынаміка ў адносінах з Еўрапейскім саюзам. Мінулы год стаў інтэнсіўным як па колькасці, так і ўзроўню візітаў і палітычных кантактаў.

Беларусь наведалі: шэраг еўракамісараў – па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС (30 студзеня, 21-22 чэрвеня, 30 кастрычніка), па ахове здароўя і бяспекі прадуктаў харчавання (27-28 жніўня), па лічбавым рынку (21-22 чэрвеня); дэлегацыя паслоў па асобых даручэннях па пытаннях «Усходняга партнёрства» 12-ці краін-членаў ЕС (21-24 мая); кіраўніцтва Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю (31 кастрычніка – 2 лістапада). Міністр замежных спраў Макей У.У. правёў перамовы ў г. Бруселі з Высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Ф.Магерынi і Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Й.Ханам (31 мая – 2 чэрвеня). Адбыўся візіт у нашу краіну віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага інвестыцыйнага банка А.Стуба (20-21 лістапада).

Працягнула функцыянаваць Каардынацыйная група Беларусь – ЕС (адбыліся пасяджэнні 26-27 красавіка ў г. Мінску і 12-13 снежня ў г. Бруселі). Праводзіліся галіновыя дыялогі ў сферы эканомікі і фінансаў, гандлю, мытні і аховы навакольнага асяроддзя. Прадстаўнікі МЗС бралі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах па лініі «Усходняга партнёрства», уключаючы штогадовую сустрэчу міністраў замежных спраў у Люксембургу (15 кастрычніка).

Атрымалася скарэктаваць застаўшыяся санкцыі ЕС у бок змяншэння, выключыўшы малакаліберную спартыўную зброю з-пад дзеяння зброевага эмбарга.

Актывізавалася крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Падпісаны пагадненні з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, якiя накіраваны на рэалізацыю праектаў падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, рэканструкцыі водаачышчальнай інфраструктуры нашай краіны. Задзейнічаны новыя для Беларусі механізмы грантавай тэхнічнай дапамогі ЕС пад будаўніцтва і мадэрнізацыю эканамічна значных аб’ектаў («Усходнееўрапейскае партнёрства па экалогіі і энергаэфектыўнасці» і «Партнёрства па мабільнасці»).

На заключную стадыю выведзеныя перамовы па прыярытэтам партнёрства Беларусь – ЕС, якія стануць «дарожнай картай» супрацоўніцтва на 2019 – 2020 гг. у чатырох абласцях: умацаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання; эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці; транспартныя камунікацыі, энергетыка, экалогія і клімат; кантакты паміж людзьмі. У завяршальную стадыю ўступілі перамовы з ЕС па пагадненнях аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі.

5. Устойлівую дынаміку мелі двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы. У ліку асноўных тэндэнцый: далейшы рост узроўню і частаты афіцыйных кантактаў; пашырэнне кола партнёраў і тэматычнага ахопу ўзаемадзеяння, укараненне новых фарматаў супрацоўніцтва; развіццё міжпарламенцкіх кантактаў; рост цікавасці прадстаўнікоў дзелавых колаў да магчымасцяў выхаду на рынак Беларусі і інвеставання ў беларускую эканоміку.

Адбыліся першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Беларусь Федэральнага прэзідэнта Аўстрыі А. Ван дэр Бэлена (28-29 чэрвеня), тэлефонная размова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з Федэральным канцлерам Аўстрыйскай Рэспублікі С.Курцам (29 мая), пасяджэнні беларуска-аўстрыйскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і дзелавога савета (30-31 студзеня).

Значны пазітыўны імпульс атрымалі кантакты з Вялікабрытаніяй. Арганізаваны першы афіцыйны візіт Міністра замежных спраў Беларусі ў г. Лондан (27-28 сакавіка), першы афіцыйны візіт у Беларусь дэлегацыі брытанскага парламента (27 мая – 1 чэрвеня), візіт пастаяннага намесніка Міністра замежных спраў і па справах Садружнасці і кіраўніка дыпламатычнай службы Вялікабрытаніі (1-2 кастрычніка), праведзены Беларуска-Брытанскі дзелавой форум (15 чэрвеня) і Дзень Вялікабрытаніі ў г. Мінску (16 чэрвеня). Дасягнута дамоўленасць аб запуску гандлёвага дыялогу паміж дзвюма краінамі.

Асаблівай інтэнсіўнасцю адрозніваліся кантакты з Германіяй. Адбыліся візіты Федэральнага прэзідэнта ФРГ Ф.-В.Штайнмаера ў Беларусь (29 чэрвеня, першы візіт такога ўзроўню ў гісторыі беларуска-германскіх адносін), Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь у ФРГ для ўдзелу ў 54-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (16-18 лютага). Актыўна развівалася міжпарламенцкае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.

Забяспечана пераемнасць у кантактах і дыялогу з новым урадам Італіі. Дасягнуты прагрэс у развіцці дагаворна-прававой базы. Ажыццяўляліся актыўны абмен візітамі на рэгіянальным і міжведамасным узроўні, міжпарламенцкае ўзаемадзеянне.

Удалося нарасціць дыялог з Кіпрам. Праведзены першыя беларуска-кіпрскія кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў (12-13 студзеня, г. Нікасія).

Прадоўжыўся дыялог з Латвіяй. Адбыўся рабочы візіт Прэм’ер-міністра Латвіі М.Кучынскiса ў Беларусь (7-8 лютага). У ходзе візіту Міністра замежных спраў Беларусі ў г. Рыгу (19-20 ліпеня) зацверджаны Міжурадавы план супрацоўніцтва па асноўных напрамках на сярэднетэрміновую перспектыву. Дынамічна развіваліся кантакты паміж ведамствамі дзвюх краін.

Рыторыка Літвы ў дачыненні да будаўніцтва Беларускай АЭС не зведала змен, што заставалася асноўным стрымліваючым фактарам у развіцці палітычнага дыялогу. Разам з тым працягнулася канструктыўнае ўзаемадзеянне па лініі знешнепалітычных ведамстваў: 5-6 чэрвеня праведзены кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў. Пазітыўную дынаміку дэманстравала гандлёва-інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

Імпульс узаемадзеянню з Мальтай надало прызначэнне новага ганаровага консула Беларусі.

Выйшаў на новы ўзровень дыялог з Нідэрландамі. Праведзены першыя кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў (24 красавіка). Мелі месца кантакты на ўзроўні міністраў замежных спраў абедзвюх краін. Падпісана міжурадавае Пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай адміністрацыйнай дапамозе ў мытных справах. Развівалася супрацоўніцтва ў нафтахімічнай сферы.

Актыўна развіваліся адносіны з Польшчай. Сустрэча ў г. Мінску міністраў замежных спраў (1 лістапада), а таксама кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў у г. Варшаве (12 верасня) спрыялі ўмацаванню ўзаемадзеяння паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін. Працягнулася актыўнае супрацоўніцтва па парламенцкай лініі (28 ліпеня праведзены візіт у Беларусь спікера Сената Польшчы, 11-14 ліпеня – візіт у Польшчу намесніка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь). Арганізавана больш за 20 знакавых двухбаковых мерапрыемстваў эканамічнага характару, у тым ліку пасяджэнне Беларуска-Польскай сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і беларуска-польскі бізнес-форум у г. Варшаве (26 лістапада).

Захаваліся высокі ўзровень і дынаміка кантактаў з Сербіяй, якія адлюстраваліся ў візытах у Беларусь высокіх сербскіх прадстаўнікоў, у тым ліку старшыні Урада А.Брнабiч, падтрымцы Сербіі ў пытаннях суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускім бокам.

Актыўнае развіццё атрымалі кантакты з Турцыяй. Адбыўся візіт Прэм’ер-міністра Турэцкай Рэспублікі Б.Йылдырыма ў Беларусь (14-15 лютага). Падтрымліваўся інтэнсіўны дыялог на ўзроўні парламентаў дзвюх краін: праведзены візіт спікера Парламента Турцыі і парламенцкай групы дружбы ў Беларусь (13-14 лістапада), старшыняў абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Турцыю (9 ліпеня, 8-11 кастрычніка). Дадзены старт працы Сумеснай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій (5-6 лістапада).

Атрымаў далейшае развіццё дыялог з Францыяй па лініі парламентаў і знешнепалітычных ведамстваў. 26 кастрычніка адбыўся візіт дзяржаўнага сакратара пры Міністэрстве Еўропы і замежных спраў Францыі ў Беларусь. Праведзены пасяджэнне Сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і бізнес-форум, падпісана міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў.

Умацавалася тэндэнцыя актывізацыі двухбаковых адносін са Швейцарыяй з акцэнтам на міжпарламенцкія сувязі і эканамічнае супрацоўніцтва. 27 лютага – 1 сакавіка рэалізаваны першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт у г. Берн Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П.

Прыкметна актывізаваўся канструктыўны двухбаковы дыялог са Швецыяй. Пасля шасцігадовага перапынку прызначаны Пасол Беларусі ў гэтай краіне.

Працягнута паступальнае нарошчванне ўзаемадзеяння па лініі міністэрстваў замежных спраў і парламентаў з:

Бельгіяй (31 мая – 2 чэрвеня адбыўся візіт Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь у г. Брусель);

Венгрыяй (5-6 лістапада адбыўся візіт Дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі ў Беларусь для правядзення пасяджэння Міжурадавай камісіі; актывізавана супрацоўніцтва сталіц дзвюх краін);

Іспаніяй (31 мая – 1 чэрвеня адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў Беларусі ў г. Мадрыд, праведзены кансультацыі паміж МЗС, адкрыты будынак Пасольства Беларусі ў Іспаніі);

Нарвегіяй (праведзены сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Нарвегіі «на палях» СМЗС АБСЕ (6 снежня), чарговы раўнд кансультацый паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў (11 снежня));

Партугаліяй (12-13 красавіка адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў Беларусі ў г. Лісабон, праведзены кансультацыі паміж МЗС, сустрэчы ў парламенце, падпісана міждзяржаўнае пагадненне аб эканамічным супрацоўніцтве);

Румыніяй (14 чэрвеня ажыццёўлены візіт у г. Мінск Дзяржаўнага сакратара МЗС Румыніі, праведзены кансультацыі паміж МЗС);

Славакіяй (праведзены візіты ў Беларусь Міністра замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі (1 лістапада) і Дзяржаўнага сакратара знешнепалітычнага ведамства (4 красавіка));

Фінляндыяй (адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў у г. Хельсінкі для правядзення кансультацый паміж МЗС (14-16 мая), фінляндскія парламентарыі наведалі Беларусь (29-31 жніўня));

Чэхіяй (Беларусь наведалі намеснік Міністра замежных спраў (13 сакавіка), намеснік Міністра прамысловасці і гандлю (22-23 мая), намеснік Старшыні Палаты дэпутатаў Парламента Чэхіі (6 чэрвеня));

Эстоніяй (адбыліся кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў (28 лютага – 2 сакавіка), візіт беларускіх дэпутатаў у г. Талін (3-5 верасня).

Развівалася супрацоўніцтва з Ватыканам і Апостальскай Нунцыятурай па асобных пытаннях дзейнасці Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

Усяго праведзены 12 візітаў у Рэспубліку Беларусь кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў еўрапейскіх краін і іх намеснікаў. Адбыліся кансультацыі паміж МЗС з 19 краінамі Еўропы, пасяджэннi эканамічных міжурадавых камісій і працоўных груп па гандлі і інвестыцыях з 9 краінамі. Арганізавана сустрэча намесніка міністра замежных спраў з ганаровымі консуламі еўрапейскіх краін у Рэспубліцы Беларусь (6 сакавіка).

6. Назіралася далейшае паступальнае развіццё дыялогу з ЗША. Пашырылася супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, па лініі праваахоўных органаў, па пытаннях міжнароднай бяспекі. Працягнулася абмеркаванне іншых тэм, якiя ўяўляюць узаемную цікавасць, у тым ліку ў рамках дыялогу па правах чалавека. Адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі Дзярждэпартамента ЗША на чале з памочнікам Дзяржаўнага сакратара ЗША У.Мiтчэлам (30-31 кастрычніка). У рамках візіту праведзены сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і Міністрам замежных спраў.

Працягвалася развіццё супрацоўніцтва з Канадай. Праведзены кансультацыі паміж МЗС, адбыўся першы беларуска-канадскі дзелавы форум у г. Мінску (27 верасня). Развіццё атрымалі міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, кантакты па парламенцкай лініі, а таксама паміж праваахоўнымі органамі дзвюх краін, супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы.

7. Важным напрамкам умацавання шматвектарнага знешнепалітычнага курсу Беларусі застаецца развіццё супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі.

Прадоўжыўся ўсебаковы стратэгічны дыялог з КНР, значны імпульс якому надала сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкi са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам «на палях» саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў г. Цындаа (10 чэрвеня). Падтрымліваліся актыўныя кантакты на высокім узроўні: ажыццёўлены сустрэча Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь з Прэм’ерам Дзяржсавета КНР «на палях» саміту кіраўнікоў урадаў ШАС (12 кастрычніка), візіт у Беларусь члена Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК (20-22 верасня). Замацавалася станоўчая дынаміка развіцця гандлёва-эканамічнага і фінансава-інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Кітаем, у тым ліку па прасоўванні сумеснага праекта – індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Праведзена пасяджэнне сумеснага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве (2 лістапада). Беларусь прыняла ўдзел з нацыянальнай экспазіцыяй у першай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў г. Шанхаі (5-10 лістапада). Актыўна развівалася адукацыйнае і гуманітарнае ўзаемадзеянне. Больш за 300 кітайскіх дзяцей прайшлі аздараўленне і лячэнне ў Беларусі. Дадатковым спрыяльным фактарам для пашырэння шматпланавага супрацоўніцтва стала ўвядзенне з 10 жніўня бязвізавага рэжыму паміж дзвюма краінамі.

Візіт у Беларусь намесніка Міністра замежных спраў Бангладэш для правядзення чарговага раунда кансультацый знешнепалітычных ведамстваў (30 жніўня) дазволіў выявіць новыя «кропкі росту» для далейшага развіцця двухбаковых сувязей.

Значны імпульс атрымала ў 2018 годзе беларуска-в’етнамскае супрацоўніцтва. Адбыліся візіты ў В’етнам Намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь (26-30 сакавіка), Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (25 верасня). Узгоднены шляхі рэалізацыі ў В’етнаме ключавых сумесных праектаў у галіне машынабудавання і вытворчасці прадуктаў харчавання. Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра замежных спраў прыняла ўдзел у 16-й міжнароднай гандлёвай выставе «Vietnam Expo 2018» (3-6 снежня).

Падтрыманню высокай дынамікі беларуска-індыйскага дыялогу спрыяла правядзенне візітаў у Беларусь спікера ніжняй палаты Парламента Індыі (9-13 чэрвеня) і Дзяржаўнага міністра гандлю і прамысловасці (24-25 верасня). Праведзены пасяджэнні двухбаковых камісій з Індыяй па супрацоўніцтве ў ключавых сферах. Падпісаны міждзяржаўны дагавор аб інвестыцыях.

Прыярытэтныя напрамкі ўзаемадзеяння Беларусі і Інданезіі на бліжэйшую перспектыву зафіксаваны ў Плане дзеянняў па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, прынятым па выніках праведзенага 24 мая ў г. Мінску чарговага раўнда беларуска-інданезійскіх кансультацый паміж МЗС. У рамках святкавання 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Інданезіяй 24-25 лістапада ў г. Мінску праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку двухбаковы бізнес-форум, фестываль інданезійскай культуры і выстава інданезійскіх тавараў. Актывізавана супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі.

Падтрымліваўся высокі ўзровень палітычных кантактаў з Іранам. Адбыліся сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Ірана Х.Раўханi «на палях» саміту кіраўнікоў дзяржаў-членаў ШАС (9 чэрвеня, г. Цындаа, КНР) і спікерам іранскага Парламента (7 верасня, г. Мінск).

Далейшаму развіццю беларуска-карэйскага дыялогу ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, узаемадзеянню ў галіне інавацый, інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій, транспарту і інфраструктуры садзейнічалі правядзенне пасяджэння Сумеснага камітэта Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Карэя і дзелавога «круглага стала (4-5 верасня, г. Сеул), візіт у г. Мінск дэлегацыі Карэйскай асацыяцыі імпарцёраў (KOIMA) і правядзенне бізнес-форуму (21 мая). У рамках працягу беларуска-карэйскага міжпарламенцкага дыялогу 20-23 студзеня адбыўся візіт у г. Мінск дэлегацыі на чале з кіраўніком групы па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь Нацыянальнай Асамблеі Рэспублікі Карэя.

Актывізаваліся кантакты з Манголіяй. Стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва абмеркаваны падчас сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін «на палях» саміту ШАС у г. Цындаа 9 чэрвеня і афіцыйнага візіту ў Беларусь Міністра замежных спраў Манголіі 3-5 чэрвеня.

Пазітыўная дынаміка назіралася ў развіцці беларуска-пакістанскіх адносін як у палітычнай, так і гандлёва-эканамічнай сферах. Важнай падзеяй стала правядзенне 17-18 снежня візіту ў г. Мінск дэлегацыі пад кіраўніцтвам старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл Пакістана.

Павышэнню ўзроўня супрацоўніцтва з Японіяй спрыяла правядзенне 10-11 мая беларуска-японскага эканамічнага форуму ў гг. Токіа і Асацы. Развівалася ўзаемадзеянне па лініі парламентаў і бізнес-колаў дзвюх краін.

Прасоўванню беларускіх інтарэсаў у Азіі значна спрыяў актыўны ўдзел Беларусі ў мерапрыемствах па лініі асноўных паназiяцкiх міжнародных арганізацый і інтэграцыйных аб’яднанняў – ШАС, АСЕАН.

Падчас выступлення на Саміце кіраўнікоў дзяржаў-членаў ШАС у кітайскім г. Цындаа Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у якасці перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння ў рамках Арганізацыі пазначаны інфармацыйная, харчовая і ядзерная бяспека, развіццё IT-тэхналогій.

Бізнес-форум «Беларусь – АСЕАН», якi адбыўся 22 лістапада ў г. Мінску пацвердзіў наяўнасць узаемнай цікавасці да супрацоўніцтва паміж дзелавымі супольнасцямі Беларусі і краін Асацыяцыі.

8. Працягнулася планамернае выбудоўванне супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Блізкага Усходу.

Захавалася тэндэнцыя паступальнага развіцця супрацоўніцтва з Ізраілем. 21 мая дэлегацыя на чале з Намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у пасяджэнні Сумеснага Беларуска-Ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве ў г. Тэль-Авіве. Актывізаваліся міжпарламенцкія кантакты: праведзена тры візіта беларускіх парламенцкіх дэлегацый у Ізраіль. Прадстаўнічая ізраільская дэлегацыя прыняла ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 75-й гадавіны знішчэння Мінскага гета, якія прайшлі ў беларускай сталіцы 22-23 кастрычніка.

Стабільна высокім застаецца ўзровень узаемадзеяння з дзяржавамі Персідскага заліва. 6-7 мая ў г. Абу-Дабі адбылося чарговае пасяджэнне Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам ААЭ. У склад беларускай дэлегацыі, якую ўзначаліў Міністр замежных спраў, увайшло шырокае кола прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання. У ходзе пасяджэння падпісана дзевяць двухбаковых дакументаў. У мэтах далейшай актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і рашэння задач па эфектыўнаму ўдзелу краіны ў Сусветнай выставе «Экспа-2020» адкрыта Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у г. Дубаі.

Развіваецца разнапланавае ўзаемадзеянне з Аманам з акцэнтам на гандлёва-эканамічную складаючую. Вядзецца абмен міжведамаснымі дэлегацыямі на міністэрскім і экспертным узроўні. Арганізаваны візіт Міністра культуры Беларусі ў Аман (31 сакавіка – 3 красавіка). Праведзены чарговы раўнд палітычных кансультацый паміж МЗС. Беларусь наведала дэлегацыя буйных аманскіх інвестараў і бізнесменаў. Беларускія вытворцы прынялі ўдзел у шэрагу выстаў на тэрыторыі Амана.

Візіт 1-5 красавіка ў Беларусь Міністра па справах прэзідэнцкага палаца Сірыі садзейнічаў падтрыманню палітычнага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі па абмене вопытам у сферы дзяржаўнага будаўніцтва. Ажыццяўлялася рэалізацыя гуманітарных праектаў пад патранажам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваных на арганізацыю адпачынку і аздараўлення сірыйскіх дзяцей у Беларусі, а таксама дастаўку гуманітарных грузаў сірыйскаму народу.

9. Атрымала далейшае развіццё работа па актывізацыі адносінаў з краінамі Афрыканскага кантынента.

Высокі ўзровень палітычнага і гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння падтрымліваўся з Егіптам і Суданам. 9-11 снежня адбыўся візіт у г. Мінск Прэзідэнта Судана А. аль-Башыра. Упершыню праведзены візіт у Рэспубліку Беларусь Старшыні Парламента Егіпта (14-17 лістапада). Арганізаваны чарговыя пасяджэнні Беларуска-Суданскай (23-24 студзеня) і Беларуска-Егіпецкай (28-29 лістапада) сумесных міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Працягваецца прапрацоўка і рэалізацыя сумесных праектаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў, навукі і адукацыі. Ажыццяўляецца актыўнае міжгаліновае супрацоўнiцтва.

Актывізавана ўзаемадзеянне з Алжырам. 19-21 лютага арганізаваны першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт Міністра замежных спраў Алжыра ў Рэспубліку Беларусь, 25-27 красавіка – візіт у Алжыр беларускай дэлегацыі на чале з Міністрам прамысловасці.
У стадыі рэалізацыі знаходзяцца некалькі сумесных праектаў з Анголай.

Прайшоў чарговы раўнд кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Ганы (1 жніўня), у ходзе якога абмеркаваны перспектыўныя напрамкі двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, экспарт беларускіх паслуг у сферы адукацыі і медыцыны, магчымасці пашырэння дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін.

Актыўна развіваўся палітычны і гандлёва-эканамічны дыялог з Зімбабвэ, заключаны кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі ў гэтую краіну.

З адкрыццём Пасольства Беларусі ў Кеніі звязваюцца перспектывы росту эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Усходняй Афрыкі.

Беларусь умацавала пазіцыі на рынку адукацыйных паслуг у Нігерыі. Нігерыйскія грамадзяне традыцыйна займаюць першае месца па колькасці навучэнцаў у ВНУ Беларусі сярод жыхароў афрыканскіх краін. Прапрацоўваецца пытанне адкрыцця на базе аднаго з каледжаў Нігерыі сумесных курсаў давузаўскай падрыхтоўкі.

22 сакавіка ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы адбылося пасяджэнне Сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, у рамках якога арганізаваны бізнес-семінар з удзелам дзелавых колаў дзвюх краін.

10. Працягнута праца па пашырэнні геаграфіі сувязей з краінамі Лацінскай Амерыкі, а таксама замацаванню на высокім узроўні ўзаемадзеяння са стратэгічнымі партнёрамі ў рэгіёне.

Актывізацыі палітычнага дыялогу і пошуку ўзаемавыгадных кірункаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі Паўднёвай Амерыкі спрыяла правядзенне 7-11 сакавіка візіта ў Аргенціну і Уругвай беларускай дэлегацыі пад кіраўніцтвам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, у склад якой увайшлі прадстаўнікі дзелавых колаў. Падпісаныя Мемарандум аб узаемаразуменні паміж МЗС Беларусі і Міністэрствам замежных спраў і культу Аргенціны аб палітычных кансультацыях, Пратакол аб завяршэнні двухбаковых перамоў з Аргенцінай па доступе на рынак тавараў у рамках далучэння Беларусі да СГА.

Працягнут курс на інтэнсіфікацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Бразіліяй, развіццё двухбаковай дагаворна-прававой базы і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. 17-19 чэрвеня арганізаваны першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Беларусь бразільскай дэлегацыі на чале з Міністрам юстыцыі.

У рамках умацавання давернага палітычнага дыялогу з Венесуэлай 5-6 чэрвеня ў г. Каракасе праведзены кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Арганізаваны візіты высокага ўзроўню: 10-12 ліпеня Венесуэлу наведаў Міністр архітэктуры і будаўніцтва; 15-21 кастрычніка адбыўся візіт беларускай дэлегацыі пад кіраўніцтвам намесніка Міністра прамысловасці.

Нарошчванню ўзаемадзеяння з Калумбіяй спрыялі візіты намесніка Міністра замежных спраў у г. Багату (12-14 лютага, 16-17 лістапада). Падпісана міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых (афіцыйных) пашпартох.

Прасоўванню адносін стратэгічнага партнёрства з Кубай спрыяў абмен візітамі на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў для правядзення двухбаковых кансультацый па палітычных і гандлёва-эканамічных пытаннях (16-18 верасня ў г. Мінск; 19-20 лістапада – у г. Гавану). Дадатковую дынаміку гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву надаў візіт у Беларусь Міністра сельскай гаспадаркі Кубы, якi адбыўся 26 мая – 2 чэрвеня. Правядзенне 18 мая ў г. Мінску пасяджэння сумеснай беларуска-кубінскай камісіі па супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій дазволіла пашырыць узаемадзеянне дзвюх краін у рамках адпаведнай тэматыкі.

21-22 лістапада намеснік Міністра замежных спраў упершыню наведаў Панаму. У ходзе візіта праведзены сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, Міністэрства гандлю і прамысловасці, а таксама са Старшынёй Лацінаамерыканскага парламента.

Важным крокам у развіцці кантактаў з Чылі стала ўступленне ў сілу міжурадавага пагаднення аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных, службовых і афіцыйных пашпартоў (6 кастрычніка).

У мэтах развіцця супрацоўніцтва з Эквадорам 14-16 лютага адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў Беларусі ў г. Кіта, у рамках якога праведзены чарговы раўнд палітычных кансультацый. Важным крокам у развіцці міждзяржаўнага дыялогу на высокім узроўні стала правядзенне 17-19 мая афіцыйнага візіта Міністра замежных спраў і міграцыі Эквадора ў г. Мінск.

Атрыманне Беларуссю ў 2018 годзе статуса назіральніка ў Цiхаакiянскiм альянсе паляпшае рамачныя ўмовы для нарошчвання супрацоўніцтва з чатырма дзяржавамі-членамі гэтага інтэграцыйнага аб’яднання – Мексікай, Калумбіяй, Перу, Чылі, а таксама з краінамі Лацінскай Амерыкi ўвогуле.

11. На шматбаковым трэку Беларусь працягнула ўносіць свой важкі ўклад ва ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з гандлем людзьмі ў рамках беларускай ініцыятывы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Камісія ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі прыняла ініцыяваную Беларуссю рэзалюцыю «Папярэджанне гандлю людзьмі з выкарыстаннем тэхналагічных сродкаў і барацьба з iм» (18 мая, г. Вена). Адбыўся шэраг мерапрыемстваў у гг. Нью-Ёрку, Вене і Жэневе, якія садзейнічаюць кансалідацыі намаганняў у рабоце на гэтым важным напрамку.

6 снежня пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у г. Вене Купчына А.М. абрана старшынёй Камісіі па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі. Пры гэтым наш пастаянны прадстаўнік пры ААН Рыбакоў В.Б. абраны на пасаду намесніка старшыні Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН (ЭКАСАС) на 2018/2019 гады.

«На палях» 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН 24 верасня Беларусь далучылася да ініцыятывы «Заклік да дзеяння, каб скончыць з прымусовай працай, сучасным рабствам і гандлем людзьмі».

У ходзе візіту ў кастрычніку ў г. Мінск намесніка Генеральнага сакратара ААН, Генеральнага дырэктара Аддзялення ААН у г. Вене, Выканаўчага дырэктара Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ ААН) Ю.Фядотава дасягнуты дамоўленасці аб далейшым умацаванні супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння наркапагрозе, тэрарызму , гандлю людзьмі.

Працягнута праца па сістэмнаму ўзаемадзеянню з міжнароднымі структурамі ў галіне правоў чалавека. 27-30 красавіка Беларусь правяла канструктыўны дыялог з Камітэтам ААН супраць катаванняў, 8-9 кастрычніка аналагічная дыскусія адбылася ў Камітэце ААН па правах чалавека. Міжведамасная дэлегацыя Беларусі прадставіла міжнародным экспертам нацыянальныя даклады аб выкананні адпаведных міжнародных дагавораў.

МЗС як каардынатар рэалізацыі Міжведамаснага плана дзеянняў па правах чалавека садзейнічаў аб’яднанню намаганняў нацыянальных і міжнародных партнёраў у мэтах выканання вызначаных гэтым дакументам задач.

Беларусь добрасумленна выконвае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па абароне правоў дзіцяці. Прадстаўлены чарговы перыядычны даклад у Камітэт ААН па правах дзіцяці аб выкананні палажэнняў адпаведных канвенцый. Працягнута актыўнае ўзаемадзеянне з Дзіцячым Фондам ААН (ЮНІСЕФ). 31 кастрычніка – 3 лістапада адбыўся першы візіт у Беларусь Спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН, якая прыняла ўдзел у міжнародным круглым стале «Супрацьдзеянне злачынствам у дачыненні да дзяцей у сетцы Інтэрнэт: лепшы сусветны вопыт», правяла сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі і замежных спраў.

У рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) Беларусь праводзіла актыўную працу ў якасці члена Выканаўчага савета Арганізацыі, прапановы нашай краіны ўлічаны ў праграмных дакументах. Забяспечана ўключэнне г. Віцебска ў Глабальную сетку ЮНЕСКА гарадоў, якiя навучаюцца, беларускага элемента «Будслаўскі фэст» – у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Беларусь замацавала за сабой статус актыўнага ўдзельніка міжнароднага супрацоўніцтва па ўстойліваму развіццю.

21-22 лютага ў г. Мінску прайшоў першы форум нацыянальных каардынатараў па мэтам ўстойлівага развіцця з дзяржаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, удзел у якім прыняла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН А.Махамед. Па выніках мерапрыемства Беларуссю вылучана ініцыятыва фарміравання пад эгідай ААН міжнароднай партнёрскай сеткі нацыянальных каардынатараў па мэтам ўстойлівага развіцця.

Міністэрства замежных спраў забяспечвала дзейнасць Нацыянальнага каардынатара па дасягненнi мэт устойлівага развіцця – намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Шчоткінай М.А., спрыяла прыцягненню ў Беларусь міжнароднай тэхнічнай і экспертнай дапамогі на гэтым кірунку.

Працягвалася мэтанакіраваная праца беларускай дыпламатыі па адстойванні інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу ў кантэксце ўстойлівага развіцця. Па прапанове беларускага боку Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) распрацоўвае стратэгічную аснову для партнёрства з гэтай катэгорыяй краін.

Беларусь працягнула актыўны ўдзел у дзейнасці МАГАТЭ, замацоўваючы за сабой статус адказнай дзяржавы-партнёра, якае мае ядзерна-энергетычную праграму і ўносіць уклад у фарміраванне міжнародных «правілаў гульні» ў ядзернай сферы.

«На палях» штогадовай сесіі Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ 18 верасня беларуская дэлегацыя правяла паралельнае мерапрыемства па тэматыцы супрацоўніцтва ў развіцці нацыянальнай ядзерна-энергетычнай праграмы. На высокім узроўні прайшла абарона беларускага дакладу на агляднай нарадзе бакоў Аб’яднанай канвенцыі МАГАТЭ аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і аб бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, якое адбылося 21 мая – 2 чэрвеня.

У кастрычніку паспяхова праведзена чарговая ацэначны місія ў сферы ядзернай бяспекі – па ацэнцы гатоўнасці і рэагавання на ядзерныя аварыі (Беларусь наведаў намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ Х.К.Ленцiха).

Наша краіна ўступіла ў сетку МАГАТЭ па рэагаванні і аказанні дапамогі, што надало новы імпульс супрацоўніцтву з Агенцтвам у справе аказання дапамогі дзяржавам, якія пацярпелі ў выніку радыяцыйных аварый. Захавалася дынаміка ўцягнутасці Беларусі ў праграму тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ.

У кантэксце забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспубліка Беларусь ажыццяўляла паслядоўную палітыку ў сферы міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджання зброі масавага знішчэння, раззбраення і кантролю над узбраеннямі.

У рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе знакавым мерапрыемствам, якое адлюстроўвае прызнанне ўзрастаючай ролі Беларусі, стала правядзенне ў г. Мінску міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху» (9-10 кастрычніка, г. Мінск). Падобнае мерапрыемства ўпершыню было арганізавана ў Беларусі па лініі АБСЕ і атрымала станоўчы міжнародны рэзананс. У канферэнцыі прынялі ўдзел Генеральны сакратар АБСЕ Т.Грэмiнгер, намеснікі Генеральнага сакратара ААН У.Варанкоў і Ю.Фядотаў, Старшыня Выканаўчага камітэта СНД С.Лебедзеў, намеснік Генеральнага сакратара АДКБ В.Семерыкоў, намеснік Дырэктара Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС Цзэ Лю. Усяго ўдзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 190 замежных прадстаўнікоў з 45 краін.

У развіццё прагматычнага ўзаемадзеяння з ключавымі структурамі арганізацыі арганізаваны яшчэ два візіта ў Беларусь Генеральнага сакратара АБСЕ Т. Грэмiнгера (май, кастрычнік).

31 кастрычніка – 1 лістапада ў г. Мінску адбылося маштабнае мерапрыемства высокага ўзроўню па пытаннях глабальнай і рэгіянальнай бяспекі – сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (МКБ). Арганізатарамі Мінскай сустрэчы выступілі Сакратарыят МКБ сумесна з МЗС Беларусі. Мерапрыемства сабрала больш за 200 асноўных удзельнікаў і гасцей, у тым ліку высокапастаўленых прадстаўнікоў розных дзяржаў свету і міжнародных арганізацый, буйнога бізнесу і ўплывовых аналітычных структур, кіраўнікоў спецслужбаў. У ліку удзельнікаў – Прэзідэнт Арменіі А.Саркiсян, Прэм’ер-міністр Малдовы П.Фiлiп, Прэм’ер-міністр Сербіі А.Брнабiч, першы намеснік Прэм’ер-міністра Азербайджана, Старшыня Сената Парламента Казахстана, Генеральны сакратар АБСЕ, Выканаўчы сакратар Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў, Еўрапейскі камісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Манголіі, Польшчы, Славакіі, памочнік Дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразiйскіх справах.

Удзел Беларусі ў дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы было накіравана на якаснае ўзмацненне ўплыву Арганізацыі на міжнароднай арэне, далейшае ўдасканаленне сістэмы рэагавання на ўзнікаючыя крызісныя сітуацыі. Асноўныя намаганні канцэнтраваліся на развіцці ваенна-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай сфер супрацоўніцтва, супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, забеспячэнні стабільнай міграцыйнай абстаноўкі.

Знакавай падзеяй стала рэалізацыя беларускай ініцыятывы аб прававым афармленні статусаў партнёра і назіральніка пры АДКБ, якая стварыла ўмовы для фарміравання вакол Арганізацыі «дружалюбнага пояса» з канструктыўна настроеных дзяржаў і міжнародных арганізацый.

Беларуская дыпламатыя актыўна адстойвала нацыянальныя інтарэсы і прынцыповую пазіцыю на шматбаковых пляцоўках Канферэнцыі па раззбраенні ў г. Жэневе, Камісіі ААН па раззбраенні ў г. Нью-Ёрку, Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

Сур’ёзная ўвага надавалася праблематыцы міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, пытанням прадухілення гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы.

Актыўнае праектнае ўзаемадзеянне ажыццяўлялася з Саветам Еўропы, у тым ліку ў рамках Плана дзеянняў СЕ для Беларусі на 2016 – 2018 гг.

Працягнута праца па далучэнні нашай краіны да прававых інструментаў і механізмаў СЕ. Беларусь стала членам Дадатковага пратакола да Канвенцыі супраць прымянення допінгу (1 мая).

Назіралася пазітыўная дынаміка дыялогу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных улад СЕ (КМРУ). Адбылося два візіты ў Беларусь Старшыні КМРУ (11-12 верасня, 25-26 кастрычніка), у ходзе якіх абмеркаваны магчымасці ўзаемадзеяння ў сферы мясцовага самакіравання і трансгранічнага супрацоўніцтва.

Праца з беларускай дыяспарай за мяжой па-ранейшаму знаходзілася ў цэнтры ўвагі МЗС. 20 верасня ў г. Мінску прайшло 4-е пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры МЗС па справах беларусаў замежжа і дзелавы форум. Працягнута комплексная работа па падтрымцы арганізацый беларусаў замежжа ў рамках рэалізацыі падпраграмы «Беларусы ў свеце» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2017 – 2020 гг.

У рамках падрыхтоўкі да правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года Міністэрства і замежныя ўстановы праводзілі працу па адстойванні ідэалаў міжнароднага алімпійскага руху, прасоўванні ўкладу спорту ў дасягненне міру і ўстойлівага развіцця. Беларусь выступіла ў ААН сааўтарам рэзалюцыі «Спорт як фактар, які спрыяе ўстойліваму развіццю» (прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 3 снежня). У штаб-кватэры ААН 3 кастрычніка з удзелам Міністра замежных спраў Беларусі адкрыта фотавыстава «Быць чэмпіёнам: гісторыя вялікіх перамог», прысвечаная спартовых дасягненняў і ўкладу нашай краіны ў сусветную спартыўны рух.

12. Ключавым напрамкам работы МЗС застаецца
«эканамічная дыпламатыя».

Паводле дадзеных статыстыкі, беларускі экспарт тавараў у 2018 годзе склаў 33,7 млрд. долараў ЗША, што на 15,3% больш, чым за 2017 год. У вартасным выражэнні рост экспарту склаў 4,5 млрд. долараў, у тым ліку за кошт прадукцыі машынабудавання і іншых тавараў з высокiм дабаўленым коштам.
У краіны ЕАЭС экспарт узрос на 0,2 млрд. долараў, ЕС – на 2,3 млрд. долараў, рэгіёну «далёкай дугі» і іншыя краіны – на 1,9 млрд. долараў. Доля ЕАЭС у агульным аб’ёме экспарту склала 41,2% (46,7% у 2017 годзе), ЕС – 30,2% (26,8%), іншых краін – 28,6% (26,5%). Тым самым ажыццёўлены далейшыя крокі па рэалізацыі задачы па дыверсіфікацыі беларускага экспарту і яго збалансаванаму размеркаванню «трэць-трэць-трэць» па асноўных рынках.

Створаным пры МЗС для забеспячэння прамога дыялогу з прадпрыемствамі Саветам экспарцёраў разгледжаны некалькі дзясяткаў прапаноў суб’ектаў гаспадарання.

У рамках працы па ўдасканаленню сістэмы дзяржаўнай падтрымкі экспарцёраў ініцыяваны і распрацаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы экспарту», які прадугледжвае пакрыццё часткі выдаткаў па ўдзеле ў міжнародных спецыялізаваных выставах і па правядзеннi ацэнкі адпаведнасці прадукцыі ў замежных дзяржавах.

У адпаведнасці з сусветнай тэндэнцыяй фарміравання лічбавай эканомікі важная ўвага надавалася рабоце па інфармацыйнай падтрымцы экспарту. Па выніках года на партале для экспарцёраў Export.by зарэгістравана 4 848 беларускіх і 393 замежных прадпрыемстваў, прадстаўлены звесткі пра 16 715 таварах і паслугах.

Сумесна з беларускімі вытворцамі і галіновымі міністэрствамі праводзілася работа па карэкціроўцы ставак увазных мытных пошлін Адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС, прадастаўлення тарыфных ільгот, прымянення мер нетарыфнага рэгулявання з улікам нацыянальных інтарэсаў, а таксама па прадухіленні і мінімізацыі наступстваў увядзення трэцімі краінамі мер па абароне рынку ў дачыненні да беларускай прадукцыі.

Беларусь імкнецца выбудаваць узаемавыгадную мадэль супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. Далучэнне нашай краіны да Сусветнай гандлёвай арганізацыі цалкам адпавядае гэтай мэце.

З моманту актывізацыі ў 2016 годзе работы на трэку СГА ўдалося наблізіцца да фінальнай стадыі перамоў. Рыхтуецца да разгляду ў лютым 2019 г. трэцяя рэдакцыя праекта Даклада Працоўнай групы СГА па далучэнні Беларусі (выніковы дакумент, які вызначае ўмовы членства краіны ў Арганізацыі).

Па стане на снежань 2018 г. завершаны двухбаковыя перамовы па доступе на рынкі з 20 членамі СГА. Пры гэтым 10 з іх падпісаны за апошнія два гады (6 ў 2017 годзе і 4 у 2018 годзе). Інтэнсіўныя перамовы працягваюцца з 6 членамі СГА (Аўстраліяй, Бразіліяй, ЕС, Канадай, ЗША, Украінай).

13. У 2018 годзе падпісана 166 міжнародных дагавораў і іншых міжнародна-прававых дакументаў: 135 двухбаковых, уключаючы двухбаковыя дагаворы з міжнароднымі арганізацыямі, і 31 шматбаков – 10 міжнародных дагавораў у рамках ЕАЭС, 4 міжнародных дагавора ў рамках АДКБ, 14 міжнародных дагавораў у рамках СНД , 3 міжнародных дадавора ў рамках Сусветнага паштовага саюза.

Дынамічна фарміравалася дагаворна-прававая база супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД і Грузіяй (заключана 57 міжнародных дагавораў і іншых дакументаў), дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі (заключана 43 міжнародных дагавора і іншых дакументаў), дзяржавамі-членамі ЕС і іншымі дзяржавамі Еўропы (26 міжнародных дагавораў і іншых дакументаў). З міжнароднымі арганізацыямі заключана 9 дагавораў крэдытна-фінансавага характару.

Сумесна з Камісіяй ААН па праве міжнароднага гандлю (ЮНСІТРАЛ) у г. Мінску арганізавана рэгіянальная канферэнцыя па пытаннях арбітражу і медыяцыі (4-5 снежня).

Пры актыўным удзеле МЗС прыняты Закон «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь» (уступіў у сілу 14 снежня).

На базе МЗС праведзены семінар для супрацоўнікаў дзяржаўных органаў аб парадку заключэння і выканання міжнародных дагавораў. Распрацаваны адпаведны праект Інструкцыі аб парадку заключэння і выканання міжнародных дагавораў.

Створаны і пачаў сваю працу навукова-кансультатыўны савет па міжнароднаму праву пры Міністэрстве замежных спраў.

14. Актыўны характар насіла развіццё двухбаковай дагаворна-прававой базы па візавай тэматыцы.

Уступілі ў сілу: пагадненне з Чылі аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных, службовых і афіцыйных пашпартоў (6 кастрычніка), пагадненне з Ганконгам аб адмене візавых патрабаванняў (13 лютага), пратакол з ААЭ аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пагадненне аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў (14 сакавіка), пагадненне з КНР аб узаемным бязвізавы рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў (10 жніўня).

Падпісаны і праходзяць ратыфікацыю: пагадненне з Алжырам аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых (афіцыйных) пашпартоў, з Грузіяй – аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян, з Сэнт-Кітс і Нэвіс – аб узаемнай адмене віз, з Калумбіяй – аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартоў, з Чарнагорыяй – аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Чарнагорыі і Урадам Рэспублікі Беларусь аб узаемных паездках грамадзян.

Праведзены мерапрыемствы па падрыхтоўцы да падпісання: пагаднення з Суданам аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, пагаднення з Калумбіяй аб узаемнай адмене віз для кароткатэрміновага знаходжання, пратакола з ААЭ аб узаемнай адмене віз, пагаднення з Бахрэйнам аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых (спецыяльных) пашпартоў, а таксама да ўнясення змяненняў у Пагадненне з Ганконгам аб адмене візавых патрабаванняў, якім прадугледжваецца павелічэнне тэрміну знаходжання грамадзян да 30 дзён.

Працягнута праца над праектамі міжнародных дагавораў, якія рэгулююць бязвізавыя паездкі па дыпламатычных, службовых або афіцыйных пашпартах з Індыяй, Іарданіяй, Кеніяй, Мазамбікам, Непалам, Пакістанам, Філіпінамі, Эфіопіяй, па нацыянальных пашпартах – з Албаніяй, Гандурасам, Рэспублiкай Карэя, Македоніяй, Малайзіяй, Аманам, Перу, Сейшэламi, Сінгапурам, Украінай, Уругваем.

У завяршальнай стадыі знаходзіцца абмеркаванне пытанняў падпісання з ЕС пагаднення аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і з Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Працягнулася паслядоўная праца па спрашчэнні ўезду замежных грамадзян у Беларусь. Унесены змяненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». З 27 ліпеня бязвізавы ўезд праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» павялічаны да 30 дзён для грамадзян 74 дзяржаў.

У рамках кампетэнцыі МЗС прымаў удзел у рабоце па ўкараненні біяметрычных дакументаў у Рэспубліцы Беларусь.

Як і ў папярэднія гады, адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці заставалася абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь за мяжой, разгляд іх зваротаў, аказанне дапамогі асобам, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі. Беларускімі замежнымі ўстановамі ў 2018 годзе аказана рознага роду прававая дапамога больш за 2 тыс. нашых грамадзян.

15. Рэалізаваныя ў 2018 годзе ў Рэспубліцы Беларусь буйныя міжнародныя мерапрыемствы – ад Рэгіянальнага форума каардынатараў па мэтам устойлівага развіцця, сустрэч па лініі АБСЕ і Усходняга партнёрства да пасяджэння Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы – абумовілі ўстойлівы інтарэс да беларускай тэматыкi ў замежнfq інфармацыйнай прасторы.

Эфектыўнае інфармацыйнае суправаджэнне беларускіх унутры- і знешнепалітычных мерапрыемстваў, ініцыятыў на міжнароднай арэне ўваходзіла ў лік прыярытэтных задач МЗС.

Актыўнае выкарыстанне інструментаў лічбавай дыпламатыі дазволіла ўключыць акаўнт Міністэрства ў Твітэры – першы сярод усіх дзяржорганаў Беларусі – у топ-50 (13-е месца) сусветных лідэраў з найлепшай мрэжай кантактаў па версіі аналітычнага цэнтра «Twiplomacy».

Забяспечаны паслядоўны рост колькасці падпісчыкаў акаўнтаў МЗС у сацыяльных сетках: Twitter – на 24%, Facebook – у 1,5 раза, Instagram і Periscope – больш чым на 40%.

Сумесна з зацікаўленымі арганізавана восем прэс-тураў у Рэспубліку Беларусь замежных журналістаў, у тым ліку з Кітая, Літвы, Расіі.

У 2018 годзе для працы на тэрыторыі нашай краіны пастаянную акрэдытацыю атрымалі больш за 230 прадстаўнікоў замежных сродкаў масавай інфармацыі, часовую – звыш 700.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы