Памер шрыфта:

Cтэнаграма выступлення Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея на цырымоніі адкрыцця памятнага знака «Беларусам замежжа»(8 верасня 2017 г., г.Мінск, Траецкая набярэжная)

Дарагія сябры,

Наша сустрэча адбываецца, як было тут адзначана, у адным з самых старэйшых куткоў горада Мінска, куткоў, праз які праехала многа колаў, і адно, як бачыце, засталося тут.

Вельмі прыемна, што наша сягонняшняя сустрэча працягвае шэраг падзей, якія адбыліся у гэтым годзе, і ў якіх удзельнічалі беларусы свету. Мы адзначылі і працягваем адзначаць юбілей, 500-годзе беларускага кнігадруквання, якое звязана непасрэдна з прозвішчам Францыска Скарыны, вялікага асветніка, гуманіста, духоўнага настаўніка Беларусі. Мне здаецца, што шматбаковая творчасць і сама асоба Францыска Скарыны аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца сёння на розных кантынентах у розных краінах.

У ліпені гэтага года ў Мінску адбыўся 7 з’езд беларусаў свету. Вельмі цікавыя былі дыскусіі, абмяркоўваліся вельмі праблемныя пытанні, але галоўны вынік гэтага з’езда заключаецца ў тым, што ўсе ўдзельнікі заявілі аб тым, што трэба рабіць усё магчымае, каб умацоўваць незалежнасць і росквіт нашай дзяржавы.

І сягонняшняя падзея, адкрыццё памятнага знака адбываецца ў дзень, калі мы будзем праводзіць трэцяе пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, напярэдадні Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету, а таксама напярэдадні святкавання 950-годдзя Мінска.

Памятны знак, на мой погляд, сімвалізуе нялёгкі шлях дачок і сыноў Беларусі, якія ў сілу розных абставін, у сілу розных прычын апынуліся за межамі сваёй Радзімы, у розных краінах, у розным культурным асяроддзі, але беражліва захавалі тое, што з’яўляецца трывалай повяззю для усіх нас – любоў да Радзімы, да яе традыцый, да яе культуры, да яе духоўнай спадчыны. Гэта таксама сімвал імкнення да лепшай долі і, адначасова, да росквіту роднай дзяржавы, сваёй Бацькаўшчыны.

Так склалася гісторыя, што беларусы на працягу стагоддзяў праходзілі выпрабаванні на трываласць і менавіта няпросты лёс беларусаў спарадзіў такія чалавечыя якасці, як талерантнасць, працавітасць і ўзважанасць, якімі славіцца наш народ.

Нягледзячы на даволі складаныя абставіны, якія складваюцца ў свеце, мы тым не менш на працягу стагоддзяў захавалі сваю нацыю, а за кароткі тэрмін – 25 гадоў –пабудавалі незалежную дзяржаву. Дзяржаву, якая імкнецца праводзіць сягоння незалежную знешнюю палітыку, шматвектарную палітыку, якая ўмацавала сувязі з усімі дзяржавамі на ўсіх кантынентах і якая прымае актыўны удзел у міжнародным дыялогу.

Паглядзіце, у адрозненне ад іншых краін, у нас сягоння няма ніякіх спрэчак з нашымі суседзямі, з іншымі дзяржавамі, тэрытарыяльных спрэчак, ніякіх прэтэнзій да іх. Мы імкнемся і мы захоўваем мір і спакой у нашым грамадстве. У нас няма ніякіх міжнацыянальных, міжрэлігійных спрэчак. І гэта вельмі важна. Мы павінны гэтым ганарыцца. Мне падаецца, што такая падзея, як сягонняшняя, вельмі важная, таму што яна фарміруе і ўзмацняе любоў да нашай Радзімы.

Кола сімвалізуе многае, але асабіста для мяне кола атаясняецца з нязменным рухам, рухам наперад, рухам у напрамку да ўмацавання незалежнасці нашай дзяржавы, да яе эканамічнага росквіту, да ўмацавання дабрабыту нашага народа.

Беларусь заўсёды рада прыняць сваіх суайчыннікаў і гатовая для супрацоўніцтва з імі. Я хацеў бы ўсім нам пажадаць поспехаў ва ўмацаванні дыялогу з іншымі культурамі, з іншымі рэлігіямі, дыялогу паміж краінамі і дзяржавамі.

Ад імя Міністэрства замежных спраў хацеў бы падзякаваць ініцыятарам і стваральнікам гэтага памятнага знака, а таксама кіраўніцтву Міністэрства культуры і кіраўніцтву горада за непасрэдны ўдзел у рэалізацыі гэтага праекта.

Дзякуй.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы