Памер шрыфта:

Выступленне Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея на 7-м з’ездзе беларусаў свету (15 ліпеня 2017 г., г.Мінск)

Добры дзень, шаноўнае спадарства, паважаныя ўдзельнікі 7-га з’езда беларусаў свету!

Я хацеў бы шчыра павітаць вас усіх у Рэспубліцы Беларусь.
 
Для мяне вялікі гонар і задавальненне выступаць на гэтым найбуйнейшым, важным для нашай краіны форуме, які сабраў беларусаў з больш чым дваццаці дзяржаў свету.
 
Так выйшла, што мы з вамі сягоння жывем у розных краінах, у розным культурным асяроддзі. Але ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас, што з’яўляецца, я бы сказаў, нябачнай, але вельмі трывалай повяззю для ўсіх нас – гэта любоў да Беларусі, да яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны.
 
Кожны з нас, я спадзяюся, адчувае сваю далучанасць да падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. І я ўпэўнены, што кожны хоча ўнесці свой уклад ва ўмацаванне дабрабыту краіны і яе народа, у развіццё адносін Беларусі і вашай новай радзімы.
 
Нават сухая мова лічбаў сведчыць аб вялікай і разнапланавай працы ў гэтым кірунку. Толькі за мінулы год з удзелам арганізацый беларусаў замежжа і нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі праведзена каля 500 тэматычных мерапрыемстваў. Гэта працуе на збліжэнне, пашырэнне інфармацыі аб Беларусі. Я хацеў бы шчыра падзякаваць вам усім. 
 
Дарагія сябры, наша Беларусь – гэта краіна найбагацейшай гістарычнай спадчыны, векавечных духоўна-маральных традыцый і невычэрпнага творчага патэнцыялу.
 
Добра, што ў апошні час, дзякуючы і вашым намаганням, гэтыя традыцыі пачынаюць гучаць усё мацней у грамадстве. 
 
Тут ужо прагучала, што ў гэтым годзе спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню, заснавальнік якога наш асветнік Францыск Скарына пяць стагоддзяў таму надрукаваў першую кнігу «Псалтыр» на беларускай мове. 
 
Сапраўды, як адзначыў Кіраўнік нашай дзяржавы ў адным з выступленняў, справа Францыска Скарыны дазволіла заявіць усёй Еўропе, а можа быць і ўсяму свету: «Ёсць такі народ – беларусы!».
 
У апошнія гады ў Беларусі адрадзіліся традыцыі беларускай вышыванкі. Яе арнаменты  – гэта сімвалы міру, дабра і згоды, што заўсёды было галоўным для  беларусаў.
 
Выдатна, што гэтыя традыцыі знаходзяць сягоння глыбокі водгук у нашай моладзі, з вялікім энтузіязмам падтрымліваюцца і беларусамі замежжа. 
 
Ведаеце, што вельмі важна для нашай дзяржавы? Нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай і незалежнай дзяржаве. У іх ужо свае погляды на жыццё, свае меркаванні наконт будучыні нашай дзяржавы. Нават тая сухая лічба аб тым, што сягоння больш за 70 працэнтаў падтрымліваюць існаванне самастойнай і незалежнай дзяржавы і хочуць жыць у самастойнай і незалежнай дзяржаве – гэта многае значыць.
 
Я лічу, што гэта якасныя змены, і гэта павінна атрымаць сваё далейшае развіццё. 
 
Для большай часткі свету мы маладая суверэнная дзяржава, хоць працэс фарміравання нашай дзяржаўнасці налічвае не адно стагоддзе. 
 
Напэўна, гэта цуд, што беларусам у далёка не самых спрыяльных умовах удалося захаваць на працягу стагоддзяў сваю нацыю, а за выключна кароткі тэрмін у 25 гадоў пабудаваць трывалую незалежную дзяржаву, якая выпрацавала шматвектарную міралюбівую знешнюю палітыку, усталявала сувязі на ўсіх кантынентах і прымае актыўны ўдзел у міжнародным дыялогу. 
 
Толькі ў апошнія дні Мінск стаў месцам правядзення пасяджэння Савета міністраў замежных спраў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы, арганізацыі, дзе мы зараз старшынствуем. Тут адбылася некалькі дзён таму сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. 
 
Вы ўсе бачыце, што адбываецца сягоння ў свеце: расце напружанасць, супрацьстаянне паміж вялікімі геапалітычнымі ігракамі, дзяржавамі. На вялікі жаль, пасля распаду СССР так і не адбылося рэальнага збліжэння паміж Усходам і Захадам. Застаўся нявыбудаваным дыялог па многіх ключавых пытаннях парадку дня. А рэфрэнам сённяшняй дыскусіі становіцца канстатацыя таго, што «свет увайшоў у самы турбулентны час з 1945 года…».
 
У гэтых абставінах, у гэтых умовах неабходна выжыць такой маладой дзяржаве, як наша Беларусь.
 
Беларусь, якая заўсёды была супраць войнаў, якая адчувала на сабе, што значаць розныя ваенныя канфлікты і ўзброеныя канфлікты, якая  шмат пакутавала ад гэтага, заўсёды выступае за тое, каб усе канфлікты вырашаліся мірнымі, дыпламатычнымі сродкамі. Кіраўнік нашай дзяржавы вылучыў ініцыятыву аб запуску ў рамках АБСЕ новага Хельсінкскага працэсу, шырокага дыялогу ў мэтах пераадолення існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. 
 
Мінск гатовы стаць пляцоўкай для такога дыялогу. Працэс урэгулявання ўкраінскага крызісу паказаў, што мы здольны выконваць такія складаныя і адказныя задачы. 
 
У гэтых умовах толькі згуртаванасць і салідарнасць могуць прадухіліць пагрозу далейшага развіцця канфрантацыі ў свеце. 
 
Гэта патрабуе аб'яднання намаганняў усіх людзей добрай волі.
 
Беларусь гатова зрабіць свой унёсак у забеспячэнне міру і спакою на зямлі. 
 
Не будзем забываць, што сягоння, па рознай інфармацыі, ад трох да чатырох мільёнаў нашых суайчыннікаў пражываюць за мяжой. 
 
Гэта своеасаблівая, на наш погляд, «мяккая», як кажуць дыпламаты, але адначасова магутная і велізарная сіла, здольная адстойваць і прасоўваць інтарэсы народа Беларусі, умацаваць незалежнасць дзяржавы. 
 
Дарагія сябры, спадзяюся, што ў нас ва ўсіх адна мэта – умацаванне і росквіт нашай роднай зямлі – Рэспублікі Беларусь.
 
Мы ўсе розныя. Я згодзен са спадарыняй Шыдлоўскай, якая таксама звярнула ўвагу на гэты факт. У кожнага з нас свой погляд на жыццё, свой погляд на развіццё краіны. І гэта  нармальна. 
 
Я не збіраюся заклікаць вас тут спяваць нейкія панегірыкі ўладзе, ці ўсхваляць кагосьці або штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. 
 
Але кожны з нас, на сваім месцы, можа многае зрабіць дзеля дасягнення нашай галоўнай мэты – не толькі захаванне, але і ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас – і грамадзян Беларусі, і беларусаў замежжа – аб’яднацца перад наяўнасцю як знешніх, так і ўнутраных выклікаў.
 
Мы шчыра зацікаўлены ў тым, каб паслядоўна нарошчваць ваш удзел у сацыяльным, эканамічным, духоўным, культурным развіцці Беларусі, у захаванні, памнажэнні і ўзбагачэнні яе традыцый.
 
А мы можам зрабіць многае. Калі ўзяць, напрыклад, культуру, мы павінны развіваць нашу мову, мы павінны развіваць нашы традыцыі, мы павінны звярнуць большую ўвагу на вяртанне культурных каштоўнасцей, якія былі страчаны ў розны час. 
 
Што тычыцца эканомікі, мы таксама можам многае зрабіць дзеля развіцця эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і тымі краінамі, дзе вы зараз знаходзіцеся. 
 
У палітычнай сферы мы таксама можам многае зрабіць, каб аб’ектыўна расказываць аб тым, што адбываецца ў Беларусі і ў нашым рэгіёне. 
 
Вы з'яўляецеся носьбітамі новага вопыту, новых павеваў, якія могуць спрыяць развіццю нашай дзяржавы, развіццю адносін Беларусі з краінамі вашага знаходжання.
 
Ведаеце, вяртаючыся зноў да таго меркавання, як мы павінны жыць далей, як краіна павінна развівацца далей – канешне, зноў тут у кожнага свае меркаванні – я тут згодзен з логікай Святланы Алексіевіч, якая неаднойчы казала, што напэўна досыць Беларусі войнаў, досыць рэвалюцый. Мы павінны зрабіць усё, каб наша краіна развівалася эвалюцыйным шляхам. 
 
Логіка канфрантацыі павінна адысці ў мінулае. Мы павінны кіравацца логікай кааперацыі.
 
Мы павінны ад менталітэту супрацьстаяння перайсці да менталітэту партнёрства. Канешне, гэта патрабуе пэўных намаганняў. Напэўна, для кагосьці гэта цяжка зрабіць. Але іншага шляху няма.  
 
Паважаныя ўдзельнікі з’езда!
 
Нам нямала ўдалося зрабіць разам за той час, які прайшоў пасля папярэдняга з’езда ў 2013 годзе.
 
Перш за ўсё, у 2014 годзе па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў быў прыняты Закон «Аб беларусах замежжа». Гэты доўгачаканы дакумент дазволіў надаць больш сістэмны і выніковы характар адносінам паміж Беларуссю і беларусамі, якія пражываюць за яе межамі.
 
Мы ствараем механізм, працоўны інструмент, якi дазваляе паспяхова праводзіць нашу сумесную працу ў перыяд паміж з’ездамі. Пры Міністэрстве замежных спраў пачаў дзейнічаць Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа. Мы імкнемся вельмі цесна супрацоўнічаць з прадстаўнікамі «Бацькаўшчыны». Мы рэгулярна сустракаемся. Я ўдзячны ім за гатоўнасць працаваць разам з Міністэрствам замежных спраў і іншымі дзяржаўнымі структурамі на карысць нашай дзяржавы.
 
Па выніках пасяджэнняў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ўжо распрацаваны канкрэтныя планы па рэалізацыі ўсіх выказаных прапаноў. Такіх прапаноў мноства. Яны ахопліваюць практычна ўсе сферы ўзаемадзеяння – адукацыю, ахову здароўя, турызм, спорт і іншыя.
 
Зразумела, не ўсё адразу атрымліваецца, не ўсё адразу можна рэалізаваць у задуманым выглядзе. Аднак не толькі Міністэрства замежных спраў, але і многія органы дзяржаўнага кіравання ўжо актыўна далучыліся да ажыццяўлення нашых агульных планаў. Я спадзяюся, што ў будучыні, калі фінансавае становішча палепшыцца, мы зможам яшчэ больш зрабіць для нашых беларусаў, якія пражываюць за мяжой нашай краіны.  
 
Беларуская дзяржава аддана справе ажыццяўлення вашых чаканняў і спадзяванняў. Аднак супрацоўніцтва паміж намі можа быць сапраўды эфектыўным, калі яно з’яўляецца рухам у абодвух напрамках. 
 
Дарагія суайчыннікі!
 
За мяжой вы выступаеце ў ролі своеасаблівых «паслоў» Беларусі. Як ні высакамоўна гэта гучыць, але вы дапамагаеце наводзіць масты паміж краінамі, штодзённа спрыяеце ўмацаванню ўзаемаразумення і даверу паміж народамі, часам, можа быць, і не ўсведамляючы гэта.
 
Бо вашы сябры і калегі за мяжой мяркуюць пра Беларусь, не ў апошнюю чаргу грунтуючыся на вашых аповядах, успамінах, уражаннях, вашых справах і праектах супрацоўніцтва, у тым ліку тых, якія будуць выпрацаваны сягоння.
 
Дазвольце пажадаць паспяховай і плённай працы з'езду, усім вам  радасных уражанняў ад заўсёды доўгачаканай і жаданай сустрэчы з Радзімай, падзарадзіцца пазітыўнай энергіяй, якую заўсёды дае спатканне з роднай зямлёй.
 
Дзякуй вам і поспехаў вам!
 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы