Памер шрыфта:

Iнтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія Уладзіміра Чушава газеце «Звязда» (15 лістапада 2014 г.)

Уладзімір Чушаў: «У Сербіі з сімпатыяй ставяцца да беларусаў…»

Сёння Беларусь і Сербія адзначаюць 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным і Паслом Рэспублікі Беларусь у Сербіі Уладзімірам Чушавым.

– Уладзімір Мікалаевіч, як бы вы ў цэлым ахарактарызавалі сёння Сербію? Гэта краіна, якая ўсё яшчэ перажывае наступствы няпростага палітычнага, ваеннага крызісу, або краіна, якая робіць прыкметныя крокі па развіцці, стварэнні новай, магчыма, у чымсьці паспяховай дзяржавы?

– Для нашай краіны Сербія з’яўляецца ключавым партнёрам на Балканах. Сербія ідзе па шляху еўраінтэграцыі. Магу сказаць, што ў апошнія гады ў Сербіі адчуваецца палітычная стабільнасць, якая павышае ўпэўненасць людзей у заўтрашнім дні.

У мяне было ўражанне, што пасля перавароту ў 2000 годзе сербы былі занадта аптымістычныя, мяркуючы, што ўсе іх праблемы будуць аўтаматычна вырашаны пасля аднаўлення стасункаў з Захадам.

Мяркую, што зараз сербскі народ і кіраўніцтва краіны маюць больш рэалістычны погляд на свет, больш спадзяюцца пры прыняцці рашэнняў на ўласныя сілы і нацыянальныя інтарэсы.

Хачу падкрэсліць, што ў Сербіі з сімпатыяй адносяцца да беларусаў, да нашай краіны і нашага Прэзідэнта, часта яго ставяць у прыклад як дзяржаўніка. Ён карыстаецца папулярнасцю і павагай сербскага народа, які памятае і шануе смелы і мужны ўчынак беларускага лідара – яго візіт у Бялград у красавіку 1999 года падчас агрэсіі НАТА супраць Саюзнай Рэспублікі Югаславія, а таксама аказаную тады падтрымку і гуманітарную дапамогу. Беларусь працягнула руку дапамогі Сербіі ў бядзе, выкліканай небывалымі паводкамі ў маі 2014 года. Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца кавалерам вышэйшых дзяржаўнага і царкоўнага ордэнаў Сербіі. Прымаючы ад Патрыярха Ірынея вышэйшую ўзнагароду Сербскай праваслаўнай царквы – ордэн Святога Савы І ступені, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што яна з’яўляецца свайго роду авансам, «каб яшчэ больш працаваць над яднаннем нашых народаў».

– Беларуска-сербскія адносіны. Наколькі іх можна лічыць плённымі? Ці дазваляе існуючы ўзровень палітычных адносін паміж нашымі краінамі пашыраць, павялічваць аб’екты, маштабы эканамічнага супрацоўніцтва?

– Беларусь і Сербію збліжае шэраг фактараў, у тым ліку агульныя гістарычныя і культурныя карані, славянская пісьменнасць і праваслаўе. Паміж нашымі народамі адсутнічаюць якія-небудзь супярэчнасці, нас звязваюць брацкія пачуцці.

Беларусь паслядоўна аказвае падтрымку па адчувальнай для Сербіі праблеме Косава і Метохіі. Не прызнаўшы незалежнасць Косава, Беларусь не толькі падтрымала сербскія ініцыятывы ў міжнародных арганізацыях, але і выступіла ў Міжнародным судзе ААН на сербскім баку.

Пазітыўныя магутныя імпульсы развіццю двухбаковых адносін далі візіты на вышэйшым узроўні: Прэзідэнт Беларусі наведаў Сербію ў 2009 і 2014 гадах, а Прэзідэнт Сербіі быў госцем Мінска ў 2013 годзе. Важкім укладам у развіццё палітычнага дыялогу стаў першы афіцыйны візіт міністра замежных спраў Беларусі ў Сербію, які адбыўся ў 2013 годзе.

На сустрэчах вызначаны прыярытэты развіцця супрацоўніцтва. Гэта не толькі і не столькі гандаль, колькі прымяненне больш высокіх і складаных схем эканамічнага ўзаемадзеяння, такіх, як стварэнне зборачных вытворчасцяў, сумесных прадпрыемстваў, рэалізацыя кааперацыйных праектаў, абмен тэхналогіямі, інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

У апошнія гады рэгулярна праходзяць іншыя візіты на высокім узроўні, пасяджэнні міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, савета дзелавога супрацоўніцтва ў межах гандлёва-прамысловых палат, праводзяцца кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін.

У парламентах Беларусі і Сербіі створаны дэпутацкія групы дружбы, якія таксама ўносяць свой пазітыўны ўклад у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва.

Не магу не адзначыць, што больш шырокім зносінам беларусаў і сербаў цяпер спрыяе доўгачаканы прамы авіярэйс Мінск – Бялград, адкрыты НАК «Белавія» год таму.

У 2013 годзе ў рэгіёнах Сербіі пачалі працу 3 ганаровыя консулы Беларусі: Драгамір Карыч – у Бялградзе, Драгалюб Швоня – у Новым Садзе, Зоран Вулавіч – у Крагуеўцы.

– А калі крыху сказаць аб канкрэтным фармаце гандлёвых адносін…

– Сербія – адзіная краіна па-за постсавецкай прасторай, з якой дзейнічае рэжым свабоднага гандлю. Таму, нягледзячы на нязначную ёмістасць рынку і невысокую плацежаздольнасць (крыху больш за 7 млн чалавек), Сербія займае адно з лідзіруючых месцаў па пастаўках беларускай складанатэхнічнай прадукцыі ў далёкае замежжа – аўтобусы, грузавыя аўтамабілі, сельскагаспадарчая і бытавая тэхніка, прыборы і абсталяванне.

Пасля падпісання ў 2009 годзе міжурадавага пагаднення аб свабодным гандлі таваразварот вырас у 4 разы – амаль да 200 млн долараў ЗША па выніках 2013 года.

У экспарце тавараў з Беларусі Сербія перамясцілася з 45 й на 25 ю пазіцыю, упершыню перасягнуўшы планку ў 100 млн долараў, а па выніках 8 месяцаў гэтага года мы выйшлі па вышэйзгаданым паказчыку на 22 е месца.

Летась 3/4 усіх паставак з Беларусі прыйшлося на пяць пазіцый – звадкаваны газ, нафтапрадукты, трактары, дрот і аўтобусы. Пастаўляліся таксама шыны, сінтэтычныя валокны і ніткі, калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, бульба, газетная папера, халадзільнікі, пральныя машыны, палімеры этылену.

Варта адзначыць, што экспарт паслуг за 4 гады вырас амаль у 2 разы – да 3,3 млн долараў ЗША.

– Сербія актыўна займаецца і будаўніцтвам у Беларусі…

– Так, сербскія інвестары працягваюць рэалізацыю праекта «Маяк Мінска» і некаторых іншых будаўнічых аб’ектаў. У верасні 2014 года кіраўніком дзяржавы падпісаны ўказ аб будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Мір», які будзе ўключаць у сябе міжнародны фінансавы цэнтр, будынкі грамадска-дзелавога прызначэння, жылую забудову, а таксама інжынерную, транспартную і сацыяльную інфраструктуру. Акрамя таго, у прапрацоўцы з Сербіяй знаходзяцца праекты па арганізацыі сумеснай вытворчасці ў Беларусі сельгаспрадукцыі па інтэнсіўных тэхналогіях.

Паспяхова рэалізуецца ідэя стварэння балканскай пляцоўкі па зборцы, сэрвісе і пастаўках у краіны рэгіёна прадукцыі сумеснай беларуска-сербскай вытворчасці. У выніку сёння беларускі брэнд МТЗ не проста вядомы ў Сербіі, а заслужана займае сваю нішу з доляй больш за 50% усяго сербскага рынку. Ствараюцца таксама зборачныя вытворчасці аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў МАЗ, трактароў малой магутнасці Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Варта заўважыць, што наяўнасць рэжыму свабоднага гандлю зніжае стымул для беларускіх вытворцаў па адкрыцці зборачных вытворчасцяў з мэтай пераадолення мытных бар’ераў. Разам з тым, наяўнасць вытворчасці ў Сербіі дае перавагі па ўдзеле ў тэндарах, аблягчае доступ да атрымання субвенцый і дазваляе найбольш эфектыўна прасоўваць тэхніку.

У апошні час была праведзена вялікая праца па стварэнні інфраструктуры развіцця двухбаковых эканамічных адносін.

Беларусь актыўна выкарыстоўвае інструменты падтрымкі экспарту – такія, як экспартнае крэдытаванне і страхаванне знешнегандлёвых аперацый з падтрымкай дзяржавы. Парк тралейбусаў у Бялградзе складаецца ў асноўным з беларускіх тралейбусаў. Выйграць тэндар на пастаўку 83 машын у ААТ «Белкамунмаш» атрымалася дзякуючы выкарыстанню экспартнага крэдыту. Для сербскіх спажыўцоў плануецца прымяняць механізм кампенсацыі беларускім бокам часткі працэнтаў банка па крэдытах, выдадзеных сербскім прадпрыемствам для набыцця тавараў, вырабленых у Беларусі.

– Вы шмат увагі надавалі развіццю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй у гуманітарнай сферы. Ці добра, на ваш погляд, ведаюць у Сербіі беларускую культуру, беларускую літаратуру?

– Нягледзячы на тое, што прыярытэтам для пасольства з’яўляецца нарошчванне беларускага экспарту і прыцягненне сербскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі, мы значную ўвагу надаём прэзентацыі беларускай культуры ў Сербіі.

Пасольства перыядычна праводзіць (або садзейнічае правядзенню) у розных гарадах Сербіі Дні культуры Беларусі, выставы работ беларускіх мастакоў, прэзентацыі беларускіх кніг, выступленні музычных і тэатральных калектываў.

З нагоды 20 годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі і Сербіі 12–14 лістапада ў Бялградзе праходзілі Дні беларускага кіно. Адкрыты фотавыстава БелТА аб дыпламатычных адносінах нашых краін, аб Беларусі, а таксама выстава сучаснага беларускага плаката вядомага мастака Уладзіміра Цэслера.

Прыемна адзначыць «Анталогію беларускай паэзіі» на сербскай мове, зборнік вершаў сербскага класіка Радзе Драінца і кнігі сербскіх казак на беларускай мове. Прафесар БДУ Іван Чарота, які з’яўляецца замежным членам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, пераклаў мноства кніг з сербскай на рускую і беларускую, і наадварот. У прыватнасці, нядаўна прайшла прэзентацыя яго перакладу кнігі «Сербія ў Вялікай вайне 1914–1918». За шматгранную дзейнасць па развіцці беларуска-сербскіх сувязяў І. Чарота ўзнагароджаны ордэнам Св. Савы Сербскай праваслаўнай царквы.

– Сербія здаўна не з’яўлялася для Беларусі чужой краінай. У нас шмат пішуць аб яе праваслаўнай гісторыі. Якімі вам асабіста ўяўляюцца новыя ініцыятывы ў пазнанні беларусамі Сербіі, сербскай гісторыі і культуры?

– Сербы, нягледзячы на значную геаграфічную аддаленасць пражывання, нароўні з іншымі народамі пакінулі пэўны след у гісторыі развіцця дзяржаўнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі, унеслі свой уклад у развіццё беларускай культуры.

Так, Ядзвіга – каралева Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага, жонка Ягайлы – па жаночай лініі была сербкай. Яе маці, Альжбета Баснійская, была дачкой гаспадара заходняй сербскай дзяржавы Стэфана ІІ Катраманіча ў ХІV ст.

У пачатку ХVІ ст. вядомы сербскі арыстакратычны род Якшычаў парадніўся з беларускім шляхецкім родам Глінскіх. Дачка ваяводы Стэфана Якшыча Ганна выйшла замуж за Васіля Глінскага. Дарэчы, іх дачка Алена стала жонкай Вялікага князя Маскоўскага Васіля ІІІ і маці першага рускага цара Івана Грознага.

У ХVІІІ стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі праславіўся выхадзец з сербскай шляхты граф Сімяон Зорыч. С.Зорыч, расійскі ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант, фаварыт імператрыцы Кацярыны ІІ, кавалер некалькіх замежных ордэнаў. У 1778 годзе за доблесную службу С. Зорыч атрымаў ва ўласнасць Шклоў, дзе заснаваў дваранскае вучылішча, пасля ператворанае ў кадэцкі корпус, адкрыў тэатр з балетнай і музычнай школамі, а таксама шаўкаткацкую, канатную, гарбарную і суконную мануфактуры. Некалькі гадоў таму ў Шклове быў адкрыты помнік Зорычу.

У Сербіі добра вядома імя Іосіфа Гурко – выхадца са старажытнага беларускага роду, героя руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў за вызваленне балканскіх славян ад асманскага валадарства. Пры садзейнічанні балгарскіх і сербскіх паўстанцаў у 1877 годзе войскі пад кіраўніцтвам І. Гурко вызвалілі Сафію і разбілі турэцкія войскі пад Ташкісенам, адкрыўшы шлях да вызвалення Сербіі ад турэцкай няволі.

У гісторыю барацьбы балканскіх славян супраць асманскага іга навечна запісана і прозвішча генерала беларускага паходжання Міхаіла Чарняева – ён нарадзіўся ў маёнтку побач з Друцкам. У самы крытычны момант барацьбы сербаў з туркамі генерал добраахвотна прыбыў у Бялград і быў прызначаны галоўнакамандуючым сербскай арміяй. Актыўныя кантакты, якія ва ўсе стагоддзі ажыццяўляліся беларусамі і сербамі, знаходзяць пацвярджэнне таксама ў беларускім фальклоры. На паўночным Палессі да цяперашняга часу танцуюць «Сербіянку» або «Сербіяначку». Ёсць і народная песня: «Сербіяне сена косяць, сербіянкі жыта жнуць».

– Вы працуеце ў Сербіі ўжо другі раз. Былі тут і ў часы бамбёжак НАТА. Наколькі сёння грамадства ў Сербіі адрозніваецца ад таго недалёкага і страшнага часу? Куды ў сваіх геапалітычных памкненнях скіравана Сербія?

– На працягу апошніх 14 гадоў Сербія геапалітычна скіравана ў Еўрасаюз, спадзяецца да 2018 года завяршыць перамовы з Бруселем і затым стаць 29 м членам ЕС. Гэтую пазіцыю падзяляюць не ўсе сербы, але яе можна зразумець, паколькі краіна акружана дзяржавамі – членамі Еўрасаюза і НАТА, а таксама кандыдатамі на ўступленне ў гэтыя блокі. Падабаецца гэта сербам ці не – іншае пытанне. Але гэта геапалітычная рэальнасць – тэрыторыю і суседзяў не выбіраюць. У якасці галоўнай задачы ўрадам ставіцца ўступленне ў ЕС да 2020 года. Пазіцыя Прэзідэнта Сербіі Т. Нікаліча наступная: «Сербія – гэта дом, дзе двое дзвярэй – і на Усход, і на Захад».

Ступень палярызацыі і палітызацыі грамадства паступова зніжаецца, але сербы памятаюць агрэсію 1999 года, і гаворка аб уступленні Сербіі ў НАТА цяпер не ідзе.

Мы паважліва ставімся да знешнепалітычнага выбару Сербіі. Лічым, што гэта яе права – выбіраць стратэгію свайго развіцця. Пры гэтым разлічваем, што працэс уступлення Сербіі ў Еўрасаюз не будзе перашкаджаць развіццю 

ўзаемавыгаднага беларуска-сербскага супрацоўніцтва. Беларусь у цэлым, і ў адносінах з Сербіяй у прыватнасці, выступае за супрацоўніцтва дзвюх інтэграцый – еўрапейскай і еўразійскай – на карысць усіх дзяржаў і народаў.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы