Памер шрыфта:

Інтэрв’ю Старшыні Клуба ветэранаў Міністэрства замежных спраў Беларусі З.Калантай газеце “Звязда” (19 студзеня 2017 г., г.Мінск)

Дыпламатычная служба Беларусі адкрыла новыя старонкі сваёй гісторыі

У пятніцу, 20 студзеня, у Мінску па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, будзе ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, якая засведчыць, што па гэтым адрасе ў студзені-лютым 1919 года размяшчаўся Камісарыят па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь — першая знешнепалітычная ўстанова дзяржавы. Факт, які дапоўніў гісторыю дыпламатычнай службы Беларусі, стаў вядомым дзякуючы нядаўна знойдзенай 98-гадовай публікацыі ў газеце «Звязда» (у 1919 годзе «Звезда»). Пра што яшчэ ўдалося даведацца са старых газетных публікацый, і якое гэта мае значэнне для гісторыі нашай краіны, мы распыталі кіраўніка Клуба ветэранаў Міністэрства замежных спраў Зою КАЛАНТАЙ, чалавека, які мае да знаходкі прамое дачыненне.

Зоя Леанідаўна, раскажыце, якая работа папярэднічала вырабу гэтага памятнага знака?

Каля года назад у Міністэрстве замежных спраў Беларусі быў створаны Клуб ветэранаў. Амаль адразу мы заняліся вывучэннем архіўных матэрыялаў, якія датычацца знешнепалітычнага ведамства краіны. На жаль, у сілу шэрагу прычын дакументаў за даваенны перыяд захавалася няшмат. Тым не менш некаторыя новыя матэрыялы нам удалося знайсці. Вядома, што ва ўрадзе рэспублікі, якую абвясцілі 1 студзеня 1919 года, быў камісар па замежных справах — Усевалад Фальскі. Але мала вядома тое, што менавіта тады ж было створана знешнепалітычнае ведамства. Пачала дзейнічаць дыпламатычная служба — не вельмі разгалінаваная, невялікая: у студзені 1919 года ў камісарыяце працавалі 12 чалавек, уключаючы Усевалада Фальскага.

Можна сустрэць меркаванне, што знешнепалітычная служба тады фактычна не функцыянавала. Гэта не зусім так. Яна не функцыянавала ў нашых сённяшніх уяўленнях, але ў тых рэаліях яна працавала, пра што сведчыць не толькі структура камісарыята, назвы аддзелаў, пратаколы пасяджэнняў урада, ЦБ КП(б)Б, але і газетныя публікацыі. Так, газета «Звезда» 22 студзеня 1919 года паведамляла, што «камісарыят па знешніх справах адкрыў сваю дзейнасць». Гэта было першае публічнае паведамленне аб пачатку дзейнасці камісарыята. З той жа інфармацыі мы даведаліся, што камісарыят быў размешчаны па адрасе: Койданаўская вуліца, нумар 21.

Раней, у газеце «Звезда» ад 15 студзеня 1919 года, быў змешчаны спіс абанентаў, якія ўключаны ў Мінскую тэлефонную сетку, дзе абанент — старшыня камісарыята замежных спраў, тэлефонны нумар у яго рабочым кабінеце быў «69».

Што вядома пра іншых членаў камісарыята па замежных справах ССРБ?

На жаль, пра гэтых людзей мы ведаем мала. Іх імёны і праца — прадмет для далейшых даследаванняў. Хацелася б, каб гісторыкі зацікавіліся іх лёсам. Зараз, калі мы ведаем іх прозвішчы, узнікаюць пытанні: што гэта былі за людзі, як яны прыйшлі ў камісарыят, як склалася іх жыццё потым, калі камісарыят быў ліквідаваны?

Ведамасць за студзень 1919 года на атрыманне заробку супрацоўнікамі камісарыята сведчыць, што некаторым з іх ён выплачваўся з канца снежня 1918 года. Гэта значыць, што была група людзей, якая працавала над стварэннем камісарыята, магчыма, шукала памяшканне, вырашала іншыя пытанні, звязаныя з арганізацыяй яго работы.

Вядома, што сярод іх быў І. Чайкоўскі, які ўзначальваў эканоміка-прававы аддзел і часова з'яўляўся кіраўніком спраў. У камісарыяце таксама працавалі Г(?). Райградскі — адказны бухгалтар, С.Мазель — агент для асаблівых даручэнняў, машыністка Дзмітрыеўская, якая ведала замежныя мовы, адказны карэспандэнт замежнага аддзела А.Бал, журналіст М.Калантай…

Уласная прэс-служба?

Магчыма. Думаю далейшыя даследаванні дапамогуць знайсці нямала цікавых матэрыялаў, звязаных з дзейнасцю першага камісарыята па замежных справах. Ва ўсякім выпадку камісарыят існаваў не толькі на паперы, гэта бачна з даручэнняў, якія былі яму дадзеныя, і са справаздач, з якімі камісарыят выступаў на пасяджэннях урада.

Якія гэта былі даручэнні?

У прыватнасці, на пасяджэнні ўрада 27 студзеня 1919 года было заслухана пытанне «Аб рэакупацыі маёмасці і ўстаноў Беларусі», і камісарыяту даручалася хадайнічаць перад Цэнтрам — урадам РСФСР аб вяртанні Беларускай Рэспубліцы ўсёй эвакуіраванай маёмасці.

Таксама быў заслуханы даклад члена ўрада па замежных справах Беларусі аб уліку замежнікаў прызыўнога ўзросту.

Пастановай Прэзідыума Часовага рабоча-сялянскага ўрада пры камісарыяце знешніх спраў быў заснаваны аддзел па зборы матэрыялаў пра «розныя бясчынствы, канфіскацыі і падобнае, учыненае нямецкімі акупацыйнымі войскамі». У газеце «Звезда» 30 студзеня 1919 года быў апублікаваны Дэкрэт Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб зборы матэрыялаў, якія датычацца беззаконняў нямецкіх акупацыйных войскаў. Эканоміка-прававому аддзелу пры камісарыяце замежных спраў Беларусі было даручана правесці збор і распрацоўку матэрыялаў і сведчанняў пра здзейсненыя нямецкімі акупацыйнымі войскамі падчас заняцця імі Беларусі распараджэнні і дзеянні, якія парушалі нормы пралетарскага права. Даручалася зрабіць падлік шкоды ад такіх распараджэнняў і дзеянняў для дзяржавы, устаноў, саюзаў і прыватных асоб. У кожным губернскім горадзе ўсталёўвалася па адным прадстаўніцтве эканоміка-прававога аддзела камісарыята для збору і апрацоўкі сабраных матэрыялаў. Даручалася ўсім камісарыятам, мясцовым Саветам і падведамасным установам прадстаўляць такія матэрыялы ў названы аддзел або пададдзелы камісарыята замежных спраў. Дарэчы, нам удалося высветліць, што адзін з такіх аддзелаў быў створаны ў Гродне, і яго загадчыкам быў І. Ненецкі.

Атрымліваецца, што з самага пачатку свайго існавання знешнепалітычнае ведамства нашай краіны абараняла правы і інтарэсы беларускай дзяржавы ў міжнародных адносінах.

Звярніце ўвагу, што размова ідзе не толькі пра арганізацыі і ўстановы, але і пра прыватных асоб!

Такім чынам, мы маем дакументальныя пацвярджэнні таму, што камісарыят быў, што ён дзейнічаў. Мы не ведаем дакладна, што ён паспеў зрабіць за гэты кароткі час, але ён несумненна працаваў.

Усе гэтыя знаходкі сталі магчымы дзякуючы падтрымцы даследаванняў Клуба ветэранаў з боку кіраўніцтва МЗС, а таксама дапамозе былога дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзіміра Адамушкі, галоўнага архівіста Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Надзеі Дзюбы і галоўнага архівіста Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Уладзіміра Дзянісава.

Ці можна сказаць, што архіўныя дакументы, у тым ліку паведамленні ў газеце «Звязда», дапамаглі ўдакладніць некаторыя падзеі і важныя даты ў гісторыі Міністэрства замежных спраў Беларусі?

Відавочна, так.

Які быў далейшы лёс камісарыята па замежных справах?

Гэта таксама пытанне, якое патрабуе дадатковых даследаванняў. Калі Першы Усебеларускі з'езд Саветаў прыняў рашэнне аб утварэнні Літоўска-Беларускай Рэспублікі, склад урада быў перагледжаны. Камісарыят па замежных справах ліквідавалі, былыя супрацоўнікі камісарыята — чатыры чалавекі — перайшлі ў замежны аддзел пры камісарыяце ўнутраных спраў. Персанальны лёс супрацоўнікаў першага камісарыята па замежных справах, за выключэннем Фальскага, на жаль, нам не вядомы.

Лёс Усевалада Фальскага, які з'яўляўся не толькі дыпламатам, але і вядомым акцёрам (дарэчы, іграў у «Паўлінцы» Купалы), склаўся даволі трагічна: арышты ў 1919-м, потым у 1921 годзе. Яго нават прыгаварылі да расстрэлу, але прыгавор быў заменены на пяць гадоў зняволення ў Смаленскай катаржнай турме. Адтуль Фальскі быў датэрмінова вызвалены, але вярнуцца ў Беларусь не змог і з 1925 года жыў у Кіеве, узначальваў драматычны тэатр. На гэтым яго след губляецца. Калі не памыляюся, у 1996 годзе Усевалад Фальскі быў рэабілітаваны.

Як вам удалося знайсці будынак, у якім тады размясціўся камісарыят?

Койданаўская — гэта адна з цэнтральных вуліц старога Мінска, на ёй размяшчалася шмат устаноў, жылі заможныя мінчане, было некалькі прыватных клінік. У 1922 годзе вуліца ў сувязі з 5-годдзем Кастрычніцкай Рэвалюцыі была перайменаваная ў Рэвалюцыйную. Больш яна не пераймяноўвалася. Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўстанавілі, што дом №21 па вуліцы Койданаўскай — гэта гістарычны будынак, які захаваўся, і які цяпер мае нумар 15 па вуліцы Рэвалюцыйнай.

Чаму так важныя ўсе гэтыя факты? У чым звышсэнс гэтых знаходак?

Размова ідзе пра гісторыю будаўніцтва нашай дзяржавы. Пра тое, як усё пачыналася. Што і як рабілася для таго, каб маладая Беларусь заняла «свой пачэсны пасад між народамі». Для мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, і як для былога супрацоўніка МЗС, было вельмі цікава, калі ж пачала працаваць менавіта дыпламатычная служба нашай краіны. Не толькі — калі ўсталяваныя першыя дыпламатычныя кантакты на беларускіх землях, не толькі — калі распачалася знешнепалітычная дзейнасць, а калі ўзнікла менавіта служба, якая займалася вырашэннем пытанняў знешняй палітыкі. Вельмі важна, што камісарыят не проста быў створаны, але ён працаваў, дзейнічаў. У студзені 1919-га пакладзены пачатак, які меў працяг. Не выпадкова ў студзені 1999 года, калі мы святкавалі 80-годдзе беларускай дыпламатыі, у віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі работнікам дыпламатычнай службы, у прыватнасці, было адзначана, што на працягу гэтага перыяду дыпламаты нашай краіны «годна выконвалі сваю місію на міжнароднай арэне».

Што яшчэ вас уразіла, калі вы пагрузіліся ў архіўныя дакументы?

Я лепей адчула час, у які стваралася дыпламатычная служба нованароджанай дзяржавы, — вельмі складаны і надзвычай цікавы. Дакументы, што захаваліся ў архівах, сведчаць пра чалавечы твар новага ўрада. З самага пачатку сваёй работы беларускі ўрад вырашаў пытанні пра дзіцячыя садкі, пра бясплатную адукацыю, пра прадастаўленне жылля, пра беспрытульных дзяцей — як іх накарміць, апрануць… Усё гэта нараджае пачуццё гонару за справу, да якой маю дачыненне. За краіну, у якой нарадзілася і жыву, у якой жылі продкі. Беларусамі перажыта шмат. Але памкненні тых, хто ствараў нашу дзяржаўнасць, ад самага пачатку былі высакародныя. Годныя нашага народа.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы