Памер шрыфта:

Iнтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Ізраілі Уладзіміра Скварцова газеце “Звязда” (31 лiпеня 2014 г.)

— Уладзімір Мікалаевіч, вы амаль дзесяць месяцаў прадстаўляеце Беларусь у Ізраілі. Што больш за ўсё ўразіла вас у гэтай краіне?
 
— Ізраіль — краіна сама па сабе незвычайная, шматаблічная, і, каб яе пасапраўднаму зразумець, патрэбен час. Менавіта тут адбывалася большасць біблейскіх падзей. У Іерусаліме, напрыклад, ды і не толькі, усё прасякнута тысячагадовай гісторыяй. Гэта, натуральна, накладвае адбітак і на дзень сённяшні.

Пакуль магу толькі сказаць, што той не вельмі працяглы перыяд працы ў краіне, у якой раней не даводзілася бываць, пасля шматлікіх гадоў дыпламатычнай службы на еўрапейскім кірунку стаў для мяне чымсьці зусім новым, прынцыпова іншым у жыцці.

У прафесійным плане я пераканаўся, што гэта адно з найцікавейшых месцаў для дыпламатычнай працы.

Мяне адначасова здзівіла і парадавала тое, з якой лёгкасцю тут людзі ідуць на кантакт. Бо, нягледзячы на прагрэс у сферы камунікацый, пашырэнні прамых кантактаў паміж прадстаўнікамі палітычных эліт, бізнессупольнасцяў дыпламатыя паранейшаму, як і пяцьдзясятсто гадоў таму, застаецца запатрабаванай. Сутнасць яе з часам сур’ёзна не змяняецца, а яна — у асабістых кантактах, пастаянных жывых зносінах, прычым не толькі ў істэблішменце, але і ў розных пластах грамадства.

Тыя, з кім мне давялося сустракацца ў Ізраілі, як правіла, аказваліся людзьмі адкрытымі, гасціннымі, што моцна радніць іх з беларусамі. Часта ўжо падчас першай сустрэчы адбываўся абмен нумарамі мабільных тэлефонаў, суразмоўцы выказвалі намер працягнуць зносіны, казалі пра гатоўнасць падтрымліваць развіццё двухбаковых адносін.

І яшчэ адна немалаважная акалічнасць, якая дае дадатковую матывацыю ў працы па развіцці нашых сувязяў. Беларуская зямля — месца нараджэння цэлай плеяды дзяржаўных ізраільскіх дзеячаў, прадстаўнікоў інтэлектуальнай сферы. Бо паглядзіце: ці не палова прэзідэнтаў і прэм’ерміністраў за час існавання Дзяржавы Ізраіль маюць карані ў Беларусі!

Калі казаць пра жыццё ізраільскага грамадства, мяне станоўча ўразіла вялікая колькасць людзей, якія займаюцца тут спортам. Па вечарах і ў выхадныя дні можна бачыць дзясяткі бегуноў-аматараў, веласіпедыстаў, серфінгістаў. І шчыра — не чакаў сустрэць у Тэль-Авіве такое мноства дзяцей, моладзі, што кідаецца ў вочы пасля «бабулькі Еўропы».

 — Наколькі пасольству ўдаецца прадстаўляць гандлёва-эканамічныя інтарэсы Беларусі ў гэтай краіне?
 
— Развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва стала галоўным прыярытэтам маёй працы тут з першых яе дзён. Асноўныя намаганні накіраваны на дыверсіфікацыю экспарту, садзейнічанне беларускім пастаўшчыкам у наладжванні сувязяў з зацікаўленымі кампаніямі, працу з інвестарамі ў інтарэсах рэалізацыі сумесных праектаў.

Першачарговае значэнне я надаваў усталяванню кантактаў з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў эканамічнага блока, паколькі добра разумеў, што прасоўваць эканамічныя інтарэсы ад імя Беларусі змагу толькі пры ўмове рэальнай падтрымкі і цеснага ўзаемадзеяння з імі. З апорай на гэтыя кантакты, пры іх актыўным удзеле нам удалося правесці шэраг знакавых двухбаковых мерапрыемстваў.

Асаблівае месца я адвёў бы пасяджэнню Сумеснага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў лютым у Іерусаліме. У яго рамках прайшлі сустрэчы нашага віцэпрэм’­ера Міхаіла Русага, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю, з міністрамі ізраільскага кабінета. Былі ўзгоднены прынцыповыя пытанні, звязаныя з адкрыццём крэдытных ліній пад гарантыі беларускіх банкаў замест урадавых, перспектывамі стварэння ў нашай краіне Беларуска-Ізраільскага агра­прамысловага парка.

Неўзабаве па прыездзе ў мяне адбылося некалькі цікавых сустрэч з кіраўнікамі шэрагу буйных мясцовых кампаній, такіх як Fіshman Group, Magnezі, Merhav, AgrіGo, якія актыўна супрацоўнічаюць з нашай краінай.

Мы спрабуем актыўна задзейнічаць разнастайныя асацыяцыі, аб’яднанні, якія прадстаўляюць бізнес-асяроддзе. У лютым у Тэль-Авіве была адкрыта Гандлёвая палата «Ізраіль—Беларусь», якая арганізавала ўжо два бізнесфорумы.

Спадзяёмся, што ў аснову супрацоўніцтва будуць пакладзены канкрэтныя праекты, і гатовыя садзейнічаць гэтаму. Разлічваем таксама на ўзаемадзеянне з палатай у правядзенні сумесных кангрэсаў і форумаў высокага ўзроўню.

Нягледзячы на параўнальна невысокую ёмістасць рынку краіны, сыравінную спецыфіку ізраільскага імпарту з СНД (энерганосьбіты, прыродныя рэсурсы, якія па вядомых прычынах не можа прапанаваць Беларусь), традыцыйную арыентацыю Ізраіля на сусветныя брэнды або ўласных вытворцаў, пасольства ўвесь час шукае шляхі пашырэння кааперацыі ў сферы гандлю.

Сёлета назіраецца пазітыўная дынаміка паставак айчыннай прадукцыі на ізраільскі рынак. У студзені—маі аб’ёмы беларускага экспарту склалі 182,5% да аналагічнага перыяду мінулага года. Фіксуецца рост камп’ютарных, турыстычных і дзелавых паслуг (у сярэднім ад 130 да 160%). Спадзяёмся, што такія тэмпы ўдасца захаваць і ў другім паўгоддзі.

Развіваецца крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Але тут ёсць свае асаблівасці. Прамыя інвестыцыі буйных ізраільскіх кампаній паступаюць у Беларусь, як правіла, праз іх даччыныя структуры ў іншых краінах, галоўным чынам на Кіпры — з-за высокіх падаткаў у Ізраілі. У гэтых умовах наша статыстыка не адлюстроўвае рэальныя маштабы інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

Паводле звестак Нацстата, у 2013 годзе аб’ём прамых ізраільскіх інвестыцый на чыстай аснове, якія паступілі ў нашу краіну, склаў $6,2  млн, у той час як толькі па інвестыцыйным дагаворы, заключаным паміж Беларуссю і кіпрскай кампаніяй Svіtland Development Lіmіted (даччыная кампанія ізраільскай Fіshman Group) у будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці Парка высокіх тэхналогій летась інвеставана $20 млн.

У 2010 — 2013 гадах з удзелам ізраільскіх кампаній у нашай краіне рэалізаваны шэраг сумесных праектаў у вобласці сельскай гаспадаркі (у агракамбінаце «Дзяржынскі» пабудаваны комплекс птушкафермаў; у ААТ «Гомельагракамплект» наладжана вытворчасць даільных зал; у рыбаводнай гаспадарцы «Ясельда» ўведзены ў строй рыбны комплекс; у СВК «Забалоцкі» — свінагадоўчы).

Два самыя свежыя прыклады ўзаемадзеяння ў інвестыцыйнай сферы: у СЭЗ «Брэст» у хуткім часе пачне працаваць першая чарга прадпрыемства па выпуску кармавых дабавак і прэміксаў. Працягваецца будаўніцтва свінагадоўчага комплексу замкнёнага цыкла магутнасцю 24 тыс. галоў у год у ААТ «Бальшавік-Агра».

Разам з тым мы бачым, што патэнцыял нашых сувязяў выкарыстоўваецца яшчэ далёка не цалкам, неабходны дасканалы аналіз перспектыў нарошчвання супрацоўніцтва, актыўны пошук новых формаў партнёрства. А гэта патрабуе самых энергічных сумесных высілкаў як з боку пасольства, так і нашых экспарцёраў, і ўсіх іншых удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці.

 — На якім этапе знаходзіцца праект стварэння Беларуска-Ізраільскага агра­прамысловага парка?
 
— Цяпер зацвярджаецца сумесная рабочая група па яго стварэнні. Склад беларускай часткі ўжо вызначаны, ізраільская яшчэ фарміруецца. Адначасова нашы­мі партнёрамі вывучаецца праект міжурадавага дагавора аб стварэнні парка, які падрыхтаваў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.

Мы ўскладаем вялікія надзеі на рэалізацыю гэтага праекта. У выніку павінна быць створана арганізацыя, якая будзе выступаць у якасці «інстытута развіцця» сельскагаспадарчай, аграхімічнай, біятэхналагічнай індустрыі. Гэта створыць умовы для фарміравання да 2020 года агратэхналагічнага кластара, які забяспечыць высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай і аграхімічнай прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Беларусі.

— За якімі сферамі супрацоўніцтва вы бачыце будучыню?
 
— Лічу, што адной з ключавых сфер з’яўляецца сельская гаспадарка. Шмат якія ізраільскія кампаніі зацікаўлены паўдзельнічаць у мадэрнізацыі беларускага АПК праз стварэнне сучасных экспартаарыентаваных прадпрыемстваў. Перакананы, гэ­ы ўзаемавыгадны кірунак неабходна паглыбляць.

У сферы гандлю перспектыўным бачыцца развіццё ўзаемадзеяння па пастаўках на ізраільскі рынак якасных беларускіх прадуктаў харчавання. Цукар, рапсавы алей, марожанае, кандытарскія вырабы, сухое малако — далёка не вычарпальны пералік тавараў, запатрабаваных на ізраільскім рынку.

Па некаторых ацэнках ізраільскіх экспертаў, пры правільным падыходзе Беларусь можа заняць істотную нішу ў вытворчасці малочных інгрэдыентаў кашэрнай прадукцыі.

Паступаюць запыты на тавары беларускай лёгкай прамысловасці, якія ўжо даўно, але ў нязначным аб’ёме, прысутнічаюць у Ізраілі. Цяпер вядуцца сур’ёзныя перамовы паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін па павелічэнні гэтай наменклатуры экспарту. Эфектыўнай формай кааперацыі тут можа стаць вытворчасць адзення пад заказ.

Ёсць пэўныя перспектывы для прасоўвання нашых будаўнічых матэрыялаў. Пры наяўнасці гнуткіх падыходаў да фарміравання кошту праглядаюцца магчымасці паставак на ізраільскі рынак прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці, шкла, цэменту, керамікі, металапрадукцыі.

Рэальна ажыццяўленне сумесных праектаў у абласцях энергетыкі, сувязі, інфарматызацыі, развіцці інфраструктуры.

Пры відавочным дамінаванні эканамічных інтарэсаў мы не забываем і пра іншыя сферы кааперацыі, такія як істытуцыянальны дыялог, у тым ліку па лініі знешнепалітычных ведамстваў, культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва. Яны ўплываюць як на агульную атмасферу ўзаемадзеяння, так і ўскосна — на ўзровень узаемнага гандлю, на мабільнасць інвестыцый.

У рамках падтрымання палітычных кантактаў у канцы мінулага года — першыя месяцы гэтага рэалізаваны тры працоўныя візіты ў Беларусь на міністэрскім узроўні, якія дазволілі істотна прасунуцца па шэрагу важных пытанняў двухбаковага парадку дня. Праведзены чарговы раўнд кансультацый міністэрстваў замежных спраў. Развіваецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва, пакладзены пачатак дыялогу па лініі міністэрстваў унутраных спраў дзвюх краін.

Завяршаецца працэс, накіраваны на лібералізацыю візавага рэжыму паміж Ізраілем і Беларуссю. Пасля канчатковага экспертнага ўзгаднення праекта дагавора ў зацікаўленых міністэрствах і ведамствах ідзе падрыхтоўка да яго падпісання ў адпаведнасці з унутрыдзяржаўнымі працэдурамі абедзвюх краін.

Актыўна развіваецца культурнае супрацоўніцтва. У 2013 годзе прайшлі Дні культуры Беларусі ў Ізраілі. Ізраільскія творчыя калектывы рэгулярна ўдзельнічаюць у фестывалях і конкурсах у нашай краіне. У мэтах папулярызацыі беларускай музычнай культуры пасольствам разам з мясцовымі прадзюсарскімі цэнтрамі праводзяцца канцэрты, вечары з удзелам беларускіх выканаўцаў папулярнай музыкі. У планах ізраільскага боку — правядзенне Дзён культуры Ізраіля ў Беларусі.

 

— Якія вынікі можа чакаць Беларусь ад адмены візавага рэжыму з Ізраілем?

 

— На мой погляд, пазітыўны эфект будзе складацца ў пашырэнні ўсіх відаў абменаў паміж дзвюма краінамі. Гэта, перш за ўсё, інтэнсіфікацыя двухбаковых турыстычных патокаў, павелічэнне колькасці ізраільскіх грамадзян — удзельнікаў культурных і спартыўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Беларусі. Спадарожнымі фактарамі будзе рост аб’ёмаў паслуг у сферы транспартнага абслугоўвання, турыстычнага і гасцінічнага бізнесу, а таксама санаторна-курортнага лячэння.

Як сведчыць вопыт шэрагу іншых дзяржаў, адмена візавага рэжыму суправаджаецца актывізацыяй дзелавых сувязяў і ростам інвестыцыйных патокаў. Будуць створаны больш спрыяльныя магчымасці для паглыблення двухбаковага дыялогу ў розных сферах, уключаючы міжведамаснае супрацоўніцтва і рэгіянальныя сувязі, заканамерным вынікам павінна стаць павелічэнне ўзаемных візітаў прадстаўнікоў Беларусі і Ізраіля.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы