Памер шрыфта:

Стэнаграма інтэрв'ю намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алены Купчыной радыёстанцыі “Радыё Беларусь” (эфір — 9 снежня 2014 г.)

“Радыё Беларусь”: Алена Мікалаеўна, дыялог па лініі Беларусь — Еўрасаюз апошнім часам прыкметна актывізаваўся. Гэта можна ўбачыць і па чысціні візітаў як у нашу краіну, так і рабочых сустрэч прадстаўнікоў беларускага МЗС за мяжой. Відавочна, – што адзначаем і мы, журналісты, – змяняецца ў лепшы бок і танальнасць гэтага дыялогу. Чым, на Ваш погляд, абумоўлена паляпшэнне рыторыкі з боку еўрапейскіх партнёраў? Наколькі, на Ваш погляд, гэты працэс устойлівы?



А.Купчына:
Ведайце, усталяванне і развіццё добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам заўсёды з'яўлялася і працягвае з'яўляцца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі нашай краіны. Сапраўды, у апошні час назіраецца значная актывізацыя нашага дыялогу як з афіцыйным Брусэлем, так і з асобнымі краінамі-членамі Еўрапейска саюза. Мы адзначаем пэўныя, няхай і невялікія зрухі да паляпшэння адносін і паступовага наладжвання супрацоўніцтва ў розных галінах. У першую чаргу, у гандлёва-эканамічнай, культурнай, інфармацыйнай галінах, стварэнні спрыяльных умоў для пашырэння кантактаў паміж грамадзянамі. Вядома, гэта ўсё стала вынікам сумеснай работы абодвух бакоў: беларускага і еўрапейскага. То бок гэта невыпадковая з'ява.

Я мяркую, што змяненне рыторыкі з боку Еўрапейскага саюза абумоўлена асэнсаваннем нашымі еўрапейскімі партнёрамі неабходнасці ўзаемапаважлівага дыялогу і ўзаемадзеяння з нашай краінай, якая, як гэта ўсім зараз відавочна, уносіць вельмі значны станоўчы ўклад у забеспячэнне бяспекі і стабільнасці не толькі ў рэгіёне, але і ў Еўропе ў цэлым.

Вельмі важна разумець тое, што вось тыя паляпшэнні ў атмасферы, аб якіх Вы казалі ў сваім пытанні, а я – у сваім адказе, яны прывялі сапраўды да значнага павелічэння колькасці візітаў з боку Еўрапейскага саюза ў нашу краіну. Гэта як візіты прадстаўнікоў афіцыйных структур і Брусэля, і краін-членаў, але таксама гэта і візіты прадстаўнікоў бізнес-колаў, культурных колаў Еўрапейскага саюза.

Вядома, калі еўрапейцы прыязджаюць у нашу краіну і бачаць тое, што беларусы жывуць годным жыццём, то самі сабою знікаюць пэўныя стэрэатыпы, нейкія клішэ, якія, на вялікі жаль, яшчэ вельмі глыбока сядзяць у свядомасці еўрапейцаў. Параўнанне з іншымі краінамі-членамі “Усходняга партнёрства”, але, кажучы шчыра, і з некаторымі краінамі-членамі Еўрапейскага саюза відавочна на карысць Беларусі.

Я спадзяюся, што ў хуткім часе Еўрапейскі саюз будзе гатовы да новых, якасных зрухаў у сваёй пазіцыі ў дачыненні да нашай краіны. Шчыра кажучы, на сённяшні дзень галоўнай перашкодай на шляху нармалізацыі нашых дачыненняў з Еўрапейскім саюзам з’яўляюцца, вядома, абмежаванні ці, як мы кажам, санкцыі ў дачыненні да нашай краіны. Я асабіста абсалютна пераканана, што калі Еўрапейскі саюз  здолее гэтыя санкцыі адмяніць, нашы дачыненні з Еўрапейскім саюзам вельмі хутка выйдуць на якасна новы, станоўчы узровень.


“Радыё Беларусь”: Як кажуць, палітыка – гэта канцэнтраваная эканоміка, і вось, што тычыцца эканамічнага накірунку, то шэраг еўрапейскіх кансалтынгавых кампаній, якія працуюць у нашай краіне ў якасці пераваг Беларусі адзначаюць палітычную стабільнасць і, разам з тым, перспектывы, якія адкрывае Еўразійскі эканамічны саюз. Разам з тым, Беларусь праводзіць шмат прэзентацый за мяжой. Вось за апошні месяц адбыліся форумы ў Нью-Ёрку, Лондане, Варшаве – гэта такія больш буйныя мерапрыемствы. Прайшоў шэраг такіх лакальных прэзентацый. Як, на Ваш погляд, змяняецца стаўленне еўрапейскіх бізнесменаў да Беларусі і ўвогуле як такія прэзентацыі ўплываюць на развіццё бізнес-кантактаў?

А.Купчына: Уплываюць найлепшым чынам, вельмі станоўча ўплываюць. Сапраўды, вось гэта восень была вельмі паказальнай у гэтым сэнсе. Вы ўжо сказалі пра інвестыцыйныя форумы Беларусі ў Нью-Ёрку, Лондане, але былі яшчэ іншыя форумы: у Швейцарыі ў Буснангу – Дзень беларускай эканомікі, у Вене.

Усе гэтыя мерапрыемствы прайшлі паспяхова, але трэба разумець, што гэта не толькі і не столькі іміджавыя мерапрыемствы, што таксама важна. Перш за ўсё, гэта прэзентацыя нашых інвестыцыйных прапаноў, тавараў, паслуг за мяжой. Дзякуючы такім пляцоўкам нашы замежныя партнёры атрымліваюць магчымасць усталяваць непасрэдныя кантакты, абмеркаваць магчымыя варыянты супрацоўніцтва і, вядома, дакрануцца да нашай культуры, да нашых традыцый, з першых вуснаў даведацца аб дасягненнях нашай краіны. Увогуле, апошнім часам, як мне здаецца, назіраецца значнае павелічэнне цікаўнасці з боку еўрапейскіх бізнес-колаў да таго, каб альбо распачынаць, альбо працягваць свой бізнес у Беларусі. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для гэтага.

Вельмі важна, што большасць вось такіх інвестыцыйных гандлёва-эканамічных мерапрыемстваў праходзіць па ініцыятыве саміх асацыяцый дзелавога супрацоўніцтва, саміх кампаній. У якасці аднаго з прыкладаў можна прывесці Дзень беларускай эканомікі у Буснангу, у Швейцарыі. Менавіта дзелавыя колы прапанавалі выкарыстаць пляцоўку кампаніі “Штадлер Рэйл Груп”, якая ажжыццяўляе значны інвестыцыйны праект у Беларусі па арганізацыі выпуску чыгуначнага і гарадскога электрычнага транспарту, для правядзення гэтага мерапрыемства.

Дэманстрацыя экспартных каталогаў, мультымедыйных прэзентацый і выкарыстанне інтэрнэт-рэсураў Міністэрства замежных спраў, нашых партнёраў – Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і кан’юнктуры цэн, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі падчас правядзення бізнес-форумаў – усё гэта спрыяе пашырэнню геаграфіі пакупнікоў беларускіх тавараў і карыстальнікаў паслуг, а таксама нарошчванню беларускага экспарту на замежныя рынкі.

Такія форумы – гэта таксама і абмен інфармацыяй паміж прадстаўнікамі афіцыйных і дзелавых колаў аб апошніх тэндэнцыях у сусветай эканоміцы, асаблівасцях рэгіянальнага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. 

На думку Міністэрства замежных спраў, вельмі важна, што вынікам такіх мерапрыемстваў становіцца ўсталяванне партнерскіх адносін, заключэнне кантрактаў, дагавораў, што ў цэлым спрыяе ўмацаванню эканамічнага патэнцыялу нашай краіны і вельмі станоўча ўплывае на павышенне рэйтынгу Рэспублікі Беларусь па вядзенні бізнесу.


Радыё Беларусь”: Алена Мікалаеўна, розныя меркаванні выказваюцца зараз наконт ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. Беларусь у свой час выступіла з ініцыятывай, каб напоўніць гэты праект канкрэтным практычным зместам, і прапанавала стварыць своеасаблівую ярмарку праектаў. Ці не страціла на сенняшні дзень актуальнасці для нашай краіны гэтая ініцыятыва і наколькі яна эфектыўна?

А.Купчына: Сапраўды, вакол “Усходняга парнёрства”, гэтай вельмі важнай, на наш погляд, ініцыятывы Еўрапейскага саюза па развіццю партнёрскіх дачыненняў з краінамі на ўсходняй мяжы Еўрапейскага саюза вядзецца шмат дыскусій, і выказваюцца зараз абсалютна розныя меркаванні, у тым ліку і ў кантэксце крызіса ва Украіне. Трэба адзначыць, і Вам гэта мусіць вядома, што з самага пачатку гэтай ініцыятывы Беларусь казала і прытрымлівалася гэтага пункту погляду, што ўдзел Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” носіць абсалютна прагматычны характар.

Мы разглядаем гэту ініцыятыву як дадатковы канал двухбаковага дыялогу з Еўрапейскім саюзам і магчымасць пашырэння супрацоўніцтва ў праектнай і інфраструктурнай сферах. У гэтым сэнсе я б хацела прыцянуць Вашу ўвагу да новай, флагманскай ініцыятывы Беларусі ў рамках “Усходняга партнёрства”, якую мы мяркуем падрыхтаваць сумесна з еўрапейскімі партнёрамі да Рыжскага саміту “Усходняга партнёрства”, які мае адбыцца ў маі наступнага года. Гэта ініцыятыва па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін “Усходняга партнёрства” і Еўрапейскага саюза.

На наш погляд, гэта, акрамя таго, што вельмі прагматычная ініцыятыва, будзе спрыяць пачатку экспертнага прафесійнага дыялогу паміж Еўрапейскім саюзам і, магчыма, у будучыні не толькі “Усходнім партнёрствам”, але і Еўразійскім эканамічным саюзам па пытаннях узаемнай цікавасці, эканамічнага кшталту пытаннях паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, Расіяй і Казахстанам.

Мы паслядоўна выступаем за мадыфікацыю фармату “Усходняга партнёрства” – і зараз мы знаходзім разуменне з боку еўрапейскіх партнёраў. Гэта мадыфікацыя, на наш поляд, павінна адбывацца з пункту гледжання так званай дыферэнцыяцыі, то бок мусяць улічвацца прыярытэты і розныя інтэграцыйныя імкненні краін-партнёраў. Мы мусім усе разам вельмі сур'ёзна працаваць над тым, каб пазбягаць з'яўлення новых падзяляльных ліній у рэгіёне і Еўропе ў цэлым.


“Радыё Беларусь”: Алена Мікалаеўна, Беларусь у свой час выступіла ініцыятарам мер па лібералізацыі візавага рэжыму з Еўрасаюзам. Перамовы зараз працягваюцца. Як паведамлялася, чарговы раўнд запланавана правесці ў наступным годзе ўжо ў Мінску. Якія прапановы беларускага боку на гэты конт? Ці ёсць прынцыповыя рознагалоссі з еўрапейскімі партнёрамі?

А.Купчына: Вы ведаеце, любыя перамовы, любыя кансультацыі, асабліва па такіх гучных тэмах, як спрашчэнне візавых працэдур і пытанне рэадмісіі, гэта, скажам так, канфідэнцыйная справа, таму я не магу даваць вам шмат дэталяў, перш за ўсё, каб не пашкодзіць самому працэсу.

Сапраўды, у чэрвені і лістападзе 2014 года адбыліся два раўнды кансультацый на эскпертным узроўні паміж прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза па заключэнні двух пагадненняў, якія ідуць у пакеце: гэта Пагадненне аб спрашчэнні візавых працэдур і Пагадненне аб рэадмісіі.

Беларускі бок яшчэ вясной бягучага года прадставіў праект Пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур, які ўключае ў сябе, па-першае, палажэнні, якія прадугледжаны аналагічнымі пагадненнямі Еўрапейскага саюза з краінамі “Усходняга партнёрства”, Еўрапейскага саюза з Расійскай Федэрацыяй, а таксама прадугледжаных існуючым Візавым кодэксам Еўрасаюза. Адначасова, па-другое, у гэтым праекце пагаднення мы прадставілі шэраг новых, прадугледжаных падрыхтаваным Еўрапейскай камісіяй праектам змяненняў у Візавы кодэкс, палажэнняў.

Перамоўны працэс праводзіць дастаткова складана. Мы зыходзім з таго, і гэта наша прынцыповая пазіцыя, што Пагадненне аб спрашчэнні візавых працэдур павінна грунтавацца на прынцыпах раўнапраўя і недыскрымінацыі, аналагічна з пагадненнямі Еўрапейскага саюза з іншымі краінамі. Але галоўная мэта гэтага Пагаднення мусіць быць у тым, каб максімальна спрасціць выдачу віз грамадзянам, у першую чаргу Рэспублікі Беларусь, і, вядома, грамадзянам Еўрапейскага саюза, якіх мы вітаем заўсёды на нашай зямлі.

Зараз вядзецца работа па збліжэнні пазіцый бакоў па абодвух пагадненнях. Але мне прыемна адзначыць, што падчас апошняга раўнда кансультацый, які адбыўся ў Бруселі 24-25 лістапада гэтага года, дасягнуты пэўны прагрэс, я б так сказала. Бакі здолелі ўзгадніць шэраг палажэнняў, якія раней выклікалі пытанні. І сапраўды, у студзені-лютым наступнага года гэта праца будзе працягнута.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы