Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Францыі П.Латушкі газеце «Звязда» (15 красавіка 2018 г.)

На гэтым тыдні ў сталіцы Партугаліі адкрылася выстаўка «Ад Лісабона праз Мінск, Маскву, Астану да  Уладзівастока», адным з ініцыятараў стварэння якой выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які таксама прадстаўляе нашу краіну ў Каралеўстве Іспанія, Княстве Манака і Партугальскай Рэспубліцы. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з Паўлам Паўлавічам не толькі пра  мастацтва, але і пра рэалізацыю беларускіх тавараў і работу айчыннай дыпламатычнай місіі на міжнароднай арэне ўвогуле.

Аб'яднаць разнастайнасцю

— Што ўяўляе сабой выстаўка «Ад Лісабона праз Мінск, Маскву, Астану да Уладзівастока» і што на ёй прадстаўлена?

— Ідэя яе арганізацыі з'явілася ў Год культуры, які праводзіўся ў нашай краіне. І адной з падстаў з'яўлення ідэі стала выказванне вядомага сусветнага палітыка Шарля дэ Голя, былога прэзідэнта Францыі, які ў канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя ў Страсбургу агучыў тэзіс неабходнасці пабудовы агульнай прасторы без падзяляльных ліній «ад Лісабона да Урала». Пазней у знешняй палітыцы розных краін тэзіс трансфармаваўся ў назву «ад Лісабона да Уладзівастока».

І вось гэта стала падставай для рэалізацыі дадзенага культурнага праекта. Дарэчы, галоўным прынцыпам ЮНЕСКА з'яўляецца разнастайнасць і пабудова праз яе агульнай культурнай прасторы. Мы розныя, мы адрозніваемся адно ад аднаго, але дзякуючы гэтаму ўносім свой уклад у культурную прастору Еўропы і свету, такім чынам яна становіцца багацейшай. Вельмі важна менавіта сёння разумець адно аднаго, бачыць розныя кірункі мастацтва, знаёміцца з яго прадстаўнікамі. Зразумела, што сённяшняя цывілізацыя і дасягненні, якія мы выкарыстоўваем праз інтэрнэт, інфармацыйныя, тэлевізійныя і іншыя тэхналогіі, ствараюць шмат магчымасцяў. Праз арганізацыю выстаўкі, у якой прынялі ўдзел 30 мастакоў з 28 краін Еўропы і Азіі, мы стварылі ўнікальную магчымасць менавіта ў рэальным вымярэнні пазнаёміцца з сучасным выяўленчым мастацтвам.

— Як гэта выстаўка будзе развівацца ў будучыні?

— Дарэчы, цікава, што гэты праект пашырыўся і пасля адкрыцця ў 2016 годзе ў Мінску, а потым — у Маскве і Астане, да яго далучыліся прадстаўнікі і іншых краін. Напрыклад, Швецыя і Ізраіль, а Кітай выказаў пажаданне прыняць удзел. Гэта з'яўляецца сведчаннем таго, што падобная аб'яднаўчая ідэя запатрабавана, неабходнасць яе рэалізацыі — безумоўная. Важна, што праект падтрымала Міністэрства замежных спраў Беларусі, беларускія пасольствы, Мінгарвыканкам і Музей гісторыі горада Мінска. Усё ж такі, цэнтральны пункт выстаўкі — сталіца нашай дзяржавы, якая апошнім часам адыгрывае вельмі важную ролю гледзішча будаўніцтва рэгіянальнай стабільнасці. Праект падтрыманы і ЮНЕСКА, якая ўзяла патранат над яго рэалізацыяй.

Лічу, што выстаўка мае свае перспектывы, магчымасць аднаўлення і рэалізацыі ў будучыні. Гэта можа быць не толькі выяўленчае мастацтва, але і музыка, тэатр, кіно, магчымы ўдзел прадстаўнікоў розных сфер, праз вынікі працы якіх мы зможам пабудаваць агульную прастору.

Краіна tеrrа іnсоgnіtа

— Якім чынам, на ваш погляд, можна развіваць беларуска-партугальскае супрацоўніцтва?

— Партугалія — краіна, якая знаходзіцца на захадзе еўрапейскага кантынента, у якой пражывае каля 10 мільёнаў насельніцтва, — мае багатую гісторыю. Апошнім часам гэта дзяржава перажывала розныя эканамічныя сітуацыі, але патэнцыйна яе рынак можа быць запатрабаваны з пункту гледжання паставак беларускай прадукцыі. Зразумела, што адным з галоўных эканамічных партнёраў Беларусі з'яўляецца Расія, але другі партнёр — гэта Еўрапейскі саюз у цэлым. Рынак апошняга складаецца як з агульнага, так і з рынкаў асобных краін-удзельніц. І Партугалія — той нявыкарыстаны патэнцыял, які мы павінны ўлічваць пры прасоўванні беларускіх тавараў.

Дзеля таго каб дасягнуць гэтых мэт, мы павінны ажыццяўляць сістэмныя дзеянні, накіраваныя на развіццё эканамічных адносін. Фактычна Партугалія як назва вядомая беларусам, але як краіна застаецца tеrrа іnсоgnіtа, таму што з ёй мы не падтрымлівалі актыўных стасункаў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін. І тое, што ў мінулым годзе мы правялі першыя палітычныя кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, тое, што ў гэтыя дні праводзім другі раўнд кансультацый, сведчыць аб агульнай зацікаўленасці Беларусі і Партугаліі ў інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва.

Палітычныя кансультацыі — гэта толькі рамкі, падмурак для рэалізацыі канкрэтных кірункаў і праектаў. Іх вынікам павінна стаць развіццё эканамічных адносін. Рэалізацыі мэты, безумоўна, павінны служыць і эканамічныя форумы. Некаторы час таму мы правялі першы беларуска-партугальскі бізнес-форум у Порту, які разам з Лісабонам з'яўляецца найбуйнейшым эканамічным цэнтрам краіны. Таксама адзначу, што адбыўся першы ў гісторыі нашых краін форум у Манака.

— Калі адбудзецца наступны сумесны форум з Партугаліяй?

— Плануем найбліжэйшым часам правесці эканамічны форум у Лісабоне сумесна з Агенцтвам па падтрымцы эканамічнага супрацоўніцтва Партугаліі. Мы зацікаўлены ў тым, каб дэлегацыя дзелавых колаў гэтай краіны наведала Беларусь. У гэтыя дні ў Лісабоне падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай сферы, якое з'яўляецца базавым пагадненнем для развіцця эканамічных адносін, стварае вельмі важны інструмент развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння — гандлёва-эканамічную камісію. Дарэчы, пасольства Беларусі ў Парыжы, якое адказвае за адносіны яшчэ і з Францыяй і Іспаніяй, забяспечыла падпісанне трох пагадненняў у эканамічнай сферы з гэтымі краінамі, а таксама стварэнне адмысловых двухбаковых камісій, якія з'яўляюцца класічным інструментам эканамічных адносін і маюць свой плён. На базе камісій мы ствараем і будзем ствараць рабочыя групы.

Вельмі важна, што мы падпісалі пагадненне аб палітычным супрацоўніцтве. Гэта імпульс — у тым ліку для дзелавых колаў дзвюх краін, — што ўрады гатовы падтрымліваць шырокамаштабнае развіццё адносін на двухбаковым узроўні, а таксама сігнал аб узаемным спрыянні нашым адносінам з Еўрасаюзам. З іншага боку, мы гатовы аказваць садзейнічанне Партугаліі ў супрацоўніцтве з Еўразійскім эканамічным саюзам. Вельмі важным з'яўляецца пашырэнне дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва, мы абмяркоўваем з партугальскім бокам падпісанне пагадненняў аб узаемнай абароне інвестыцый, аб пазбяганні падвоенага падаткаабкладання, аб супрацоўніцтве ў транспартнай і турыстычнай сферах. Дарэчы, Партугалія — адзін з лідараў у Еўропе па развіцці турыстычнай сферы, якую Беларусь вызначыла ў якасці аднаго з прыярытэтаў у развіцці эканамічнай палітыкі, партугальскі досвед тут можа сапраўды нам дапамагчы. Усё гэта — базавыя элементы, якія забяспечаць большую выніковасць у нашых адносінах.

Праз Еўропу… у Афрыку?

— Ці можна выкарыстаць нашы адносіны з Еўрасаюзам дзеля выхаду беларускіх тавараў у Афрыку ці Лацінскую Амерыку?

— Так, прыкладам можа стаць развіццё адносін з Францыяй. У мінулым годзе ў Парыжы адбыўся беларуска-французска-афрыканскі бізнес-форум, у якім прынялі ўдзел каля ста прадстаўнікоў дзелавых колаў такіх афрыканскіх краін, як Камерун, Сенегал, Кот-д'Івуар і іншых, а таксама прадстаўнікі французскіх кампаній і 17 беларускіх прадпрыемстваў у сферы машынабудавання. Цікава, што дзякуючы падобнаму мерапрыемству, непасрэдным кантактам французаў з прадстаўнікамі афрыканскіх кампаній мы ствараем магчымасці па прасоўванні машынабудаўнічай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на рынкі афрыканскіх краін.

Галоўнай нагодай для гэтага з'яўляюцца гістарычныя сувязі паміж Францыяй і афрыканскімі дзяржавамі. Прыклад, які, перакананы, мы можам выкарыстоўваць у рамках супрацоўніцтва з Іспаніяй: яна мае даволі значны ўплыў на рынках краін Лацінскай Амерыкі. Дарэчы, гэта пытанне стала адным з галоўных падчас пасяджэння міжурадавай беларуска-іспанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў канцы мінулага года ў Мінску. І такое пытанне можа стаць прадметам абмеркавання падчас пасяджэння камісіі паміж Беларуссю і Партугаліяй, бо апошняя мае глыбокія сувязі з шэрагам афрыканскіх краін.

З другога боку, партнёрам у Францыі, Іспаніі і Партугаліі мы можам прапанаваць выкарыстоўваць магчымасці нашай краіны ў прасоўванні сваёй прадукцыі ў ЕАЭС праз стварэнне вытворчасці на тэрыторыі саюза, дзе пражывае 180 мільёнаў насельніцтва. Таму тут мы бачым скрыжаванні інтарэсаў, якія могуць прынесці карысць нашым краінам.

— Расія стала адмаўляцца ад нашага малака, а Еўропа не адчувае дэфіцыту ў гэтым прадукце. На якія краіны нам можна звярнуць увагу ў гэтым пытанні? Ці сапраўды трэба пераарыентавацца ў такіх сітуацыях альбо лепш шукаць паразумення з цяперашнімі партнёрамі?

— Зразумела, што расійскі рынак з'яўляецца адным з самых галоўных для паставак прадукцыі сельскагаспадарчай галіны для беларускіх прадпрыемстваў. Гэта рынак, які ўяўляе вялікую цікавасць для нас, наша прадукцыя там вядомая, неаднойчы асабіста чуў высокую ацэнку грамадзян Расіі яе якасці, і яна бясспрэчна з'яўляецца запатрабаванай.

Разам з тым адным з галоўных прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі з'яўляецца дыверсіфікацыя экспарту. Рэалізацыя стратэгіі, якая была абвешчана некаторы час таму знешнепалітычным ведамствам нашай краіны, вельмі важная. Размова пра неабходнасць працы па трох напрамках: першы — ЕАЭС у цэлым і Расія. Другі — развіццё адносін з Еўрапейскім саюзам, гэты рынак дэ-факта і патэнцыйна можа мець яшчэ большае запатрабаванне на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў. Трэці — рынак іншых дзяржаў свету.

Мы знаходзімся на лініі паміж Захадам і Усходам, залежым ад экспарту. Рэалізацыя падобнай стратэгіі з'яўляецца нашым галоўным прыярытэтам. Такая экспартная палітыка забяспечвае стратэгічныя інтарэсы нашай краіны — бяспеку яе эканамічнага развіцця.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы