Iнтэрв'ю начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Iгара Ляшчэнi газеце «Звязда» (9 лiпеня 2014 г.)
У пошуках новых рынкаў або Як мы «асвойваем» Афрыку
У апошнія гады ў Беларусі надаецца асаблівая ўвага супрацоўніцтву з дзяржавамі Афрыкі. Там адкрываюцца новыя пасольствы, прадстаўніцтвы нашых прамысловых прадпрыемстваў. Чым жа цікавы гэты рынак для нас? Якія перспектывы ён абяцае? Пра гэта, а таксама пра дасягнутае ў «асваенні» Афрыкі «Звяздзе» распавёў Ігар ЛЯШЧЭНЯ, начальнік упраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дыпламат, які ў свой час стаў першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом нашай краіны ў Егіпце, адкрыўшы ў Каіры першае беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў краінах Афрыкі і арабскага свету.
— Чым супрацоўніцтва з дзяржавамі афрыканскага кантыненту цікавае для нашай краіны?
— Той факт, што Афрыка сапраўды апынулася ў цэнтры ўвагі, з’яўляецца вынікам натуральнага пашырэння знешнеэканамічных сувязяў і развіцця знешняй палітыкі нашай дзяржавы. Першым крокам у гэтым кірунку стала актывізацыя адносін з арабскімі дзяржавамі Паўночнай Афрыкі. Затым прыйшла чарга неарабскіх краін гэтага кантынента, з якімі ён і асацыіруецца. Гэты рэгіён мацерыка прынята называць Афрыкай на поўдзень ад Сахары, і ён вельмі кантрасны. З аднаго боку, менавіта ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары знаходзіцца большасць краін, якія па метадалогіі ААН адносяцца да найменш развітых. З іншага — у 2000-я гады краіны менавіта гэтага рэгіёна прадэманстравалі найбольш высокія тэмпы эканамічнага росту — у сярэднім 7,8%.
У пачатку нашага тысячагоддзя Афрыка, якая валодае ўнікальнымі запасамі прыродных рэсурсаў, — ледзь не галоўны прыз глабальнага геаэканамічнага саперніцтва паміж сусветнымі цэнтрамі сілы (Еўрасаюзам, ЗША, Кітаем). Але сваю гандлёва-эканамічную нішу тут могуць знайсці і іншыя краіны, у тым ліку Беларусь. Высокая дынаміка развіцця прадвызначае патрэбы ў тэхніцы, таварах, прадуктах. У той жа час варта разумець, што няма рынкаў свабодных, няма рынкаў неасвоеных, ёсць рынкі перспектыўныя, і мы маем добрыя шанцы прасоўваць на афрыканскі кантынент перш за ўсё нашу прамысловую прадукцыю.
Сёння адносіны Рэспублікі Беларусь з большасцю дзяржаў гэтага кантынента знаходзяцца на пачатковым этапе, што пацвярджаецца і пакуль невялікім аб’ёмам нашага экспарту. Па выніках 2013 года, экспарт у краіны Афрыкі вырас на 1,8% і дасягнуў 294 млн долараў (станоўчае для Беларусі сальда склала больш за 127 млн долараў).
У краінах, дзе функцыянуюць нашы пасольствы, менавіта беларускія дыпламаты выступаюць у якасці першых суразмоўцаў і крыніц інфармацыі аб магчымасцях супрацоўніцтва для большасці патэнцыйных дзелавых партнёраў. Што характэрна, па выніках пяці месяцаў гэтага года, у разы экспарт вырас менавіта ў тыя дзяржавы Афрыкі, дзе размешчаны нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
— У Егіпце дзейнічаюць зборачныя вытворчасці Мінскага аўтамабільнага і Мінскага трактарнага заводаў. Аднак таваразварот з гэтай краінай невялікі. За кошт чаго плануецца яго павялічыць? Якія яшчэ перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва з гэтай дзяржавай можна назваць?
— Егіпет, як і іншыя краіны арабскага свету, сёння перажывае даволі складаны перыяд, выкліканы наступствамі «арабскай вясны». Пераадоленне гэтага этапу, вядома, створыць перадумовы для аднаўлення нашага актыўнага супрацоўніцтва. Хоць дзелавыя, гандлёва-эканамічныя сувязі не заміралі ніколі.
Дарэчы, першыя прыкметы стабілізацыі становішча ў Егіпце за пяць месяцаў гэтага года ўжо прывялі да больш чым трохразовага росту беларускага экспарту (каля 48 млн долараў) у гэтую краіну ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Калі казаць аб перспектыўных кірунках супрацоўніцтва з Егіптам, то далёка не вычарпаны магчымасці паставак нашай тэхнікі, прадукцыі нафтахімічнай прамысловасці, лекаў і медыцынскага абсталявання, прадукцыі сельскай гаспадаркі. Не выключана, што павялічыцца і колькасць зборачных вытворчасцяў: прапрацоўваецца магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці пад’ёмных кранаў.
— Летась было адкрыта беларускае пасольства ў Эфіопіі. Не сакрэт, што менавіта ў Адыс-Абебе, сталіцы гэтай краіны, знаходзіцца штаб-кватэра найбуйнейшай рэгіянальнай арганізацыі кантынента — Афрыканскага саюза. Што дасць Беларусі ўзаемадзеянне з ім? Якія з дзяржаў — удзельніц саюза могуць у будучыні стаць нашымі важнымі партнёрамі?
— Адкрытае менш за год таму беларускае пасольства ў Эфіопіі адказна не толькі за развіццё адносін з дзяржавамі Усходняй Афрыкі — Кеніяй (дарэчы, 30 чэрвеня наш пасол у Эфіопіі Дзмітрый Купцель прызначаны паслом у Кеніі па сумяшчальніцтве), Танзаніяй, Угандай, Джыбуці, Паўднёвым Суданам, але і за супрацоўніцтва з Афрыканскім саюзам. Пасол у Эфіопіі ўжо акрэдытаваны пры гэтай арганізацыі, што дае магчымасць прапрацаваць перспектывы ўзаемадзеяння з пункту гледжання падключэння Беларусі да рэгіянальных праграм развіцця. Апошнія распрацоўваюцца і рэалізуюцца пры садзейнічанні, падтрымцы, кантролі з боку Саюза. Дыялог з ім перспектыўны і з палітычнага пункту гледжання. Гэта добрая пляцоўка для сустрэч з высокапастаўленымі прадстаўнікамі дзяржаў кантынента.
Калі казаць пра групу ўплыву ў Афрыканскім саюзе ў дачыненні да субсахарскай Афрыкі, то яе якраз і складаюць краіны, дзе ўжо ёсць нашы пасольствы. Гэта Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Нігерыя і Эфіопія — таксама буйныя дзяржавы і адны з найбольш перспектыўных эканомік на кантыненце.
— Як складваюцца нашы адносіны з адной з самых развітых краін кантынента — Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай?
— ПАР шмат у чым з’яўляецца эканамічным і палітычным лідарам у рэгіёне Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Гэта сапраўды найбольш развітая дзяржава, хоць яе поспехі ў развіцці пачынаюць аспрэчвацца і іншымі афрыканскімі эканомікамі. Зараз найбольшую зацікаўленасць у дыялогу, у абмене візітамі мы адчуваем як з боку Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, дзе было адкрыта першае наша дыппрадстаўніцтва ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, так і з боку суседніх краін, у якіх па сумяшчальніцтве акрэдытаваны наш пасол у Прэторыі.
Актывізавалася наша супрацоўніцтва з Мазамбікам, дзе па сумяшчальніцтве акрэдытаваны беларускі пасол у ПАР. У маі мінулага года дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам міністра замежных спраў прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцця выставы беларускай тэхнікі ў сталіцы Мазамбіка горадзе Мапуту. Там жа створана прадпрыемства «Бел-Афрыка», якое спецыялізуецца на пастаўках і распаўсюджванні беларускай тэхнікі.
Павінен сказаць, што прадстаўнікі і ПАР, і Мазамбіка праяўляюць цікавасць да нашага вопыту стварэння аграгарадкоў. На гэтым этапе бакі вывучаюць магчымасць стварэння ў ПАР сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака і мяса птушкі, будаўніцтва аграгарадкоў з поўным цыклам вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры, удзелу беларускага боку ў развіцці рыбнай галіны ПАР. Для мазамбікскіх партнёраў праведзена прэзентацыя праекта «Арганізацыя буйнатаварнага сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Рэспубліцы Мазамбік» з улікам паставак беларускай тэхнікі.
— Раскажыце пра сумесныя праекты з Нігерыяй, дзе таксама адкрыта беларускае пасольства.
— Нігерыя сёння з’яўляецца той краінай, якая ў эканамічным плане спрабуе кінуць выклік ПАР. І па выніках 2013 года, у яе атрымалася зрабіць гэта. Нігерыя стала першай эканомікай рэгіёна па аб’ёме валавога ўнутранага прадукту, які склаў 510 млрд долараў ЗША і перавысіў аб’ём ВУП ПАР. Нігерыя з’яўляецца ключавым удзельнікам эканамічнай супольнасці краін Заходняй Афрыкі. Нігерыя таксама лідар у Афрыцы па колькасці насельніцтва: у краіне пражывае каля 170 млн чалавек. Да ліку нашых цікавых праектаў у Нігерыі, вопыт рэалізацыі якіх мы будзем спрабаваць распаўсюдзіць у іншых краінах, адносіцца адкрыццё ў пачатку чэрвеня гэтага года ў горадзе Лагасе беларускага гандлёвага дома. Ён прадстаўляе інтарэсы Мінскага трактарнага завода, а таксама заводаў «Белаграмаш», «Керамін» і «Атлант». Там жа працуе секцыя наручных гадзіннікаў вытворчасці Мінскага гадзіннікавага завода, плануецца адкрыццё гандлёвай секцыі прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі.
Адзін з найбольш цікавых праектаў — супрацоўніцтва ў галіне экспарту адукацыйных паслуг. Цяпер у беларускіх ВНУ вучыцца каля шасцісот студэнтаў з Нігерыі — найбольш шматлікая група студэнтаў з афрыканскіх краін.
Вядзецца работа па стварэнні ў Нігерыі філіяла факультэта папярэдняй падрыхтоўкі з удзелам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Філіял факультэта ствараецца на базе ўніверсітэта Дэльты Нігеру. Дзвюма гэтымі ВНУ ўжо ўзгоднены праект адпаведнага пагаднення. Пакуль што такое супрацоўніцтва ў сферы адукацыі ўнікальнае для рэгіёнаў Афрыкі і Блізкага Усходу.
Гутарыла Надзея ЮШКЕВІЧ
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіжнародны ІКТ-Форум ТІБО-2022
www.tibo.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр прававой інфармацыі
www.ncpi.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by