Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Венгрыі Аляксандра Хайноўскага газеце «Звязда » (8 красавіка 2015 г.)

Беларусь па факце стала не толькі адной з самых эфектыўных пляцовак для мірных перамоў, але і прэтэндуе на ролю цэнтра прыцягнення еўрапейскіх і кантынентальных полюсаў — як геаграфічных, так і палітычных. Намаганні для гэтага прыкладаюць палітыкі ўнутры краіны і яе прадстаўнікі ў іншых дзяржавах свету. Дзейнасць беларускіх пасольстваў у Цэнтральнай Еўропе - адзін з прыкладаў таго, як гэта робіцца. Наша размова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Венгрыі і Рэспубліцы Славенія Аляксандрам Хайноўскім пра ўзаемную карысць у набліжэнні трох еўрапейскіх краін адна да адной.

Беларускія трактары для іх фермераў
 
— Аляксандр Францавіч, у беларускай місіі ў сталіцы Венгрыі з’явіўся новы ўласны будынак. Ці сведчыць гэта пра новы этап у адносінах паміж Венгрыяй і Беларуссю?
 
 — Сапраўды, у другой палове красавіка мы плануем урачыста адкрыць новы будынак беларускага пасольства ў Будапешце, які цяпер з’яўляецца ўласнасцю нашай краіны. Гэты факт, безумоўна, сведчыць аб тым, што Беларусь прыйшла ў Венгрыю, як той казаў, усур’ёз і надоўга.
 
— Якія вынікі нядаўніх сустрэч на высокім узроўні вы назвалі б найбольш важнымі?
 
 — У снежні мінулага года адбылася двухбаковая сустрэча паміж міністрамі замежных спраў Беларусі і Венгрыі ў швейцарскім Базэлі, дзе праходзіла пасяджэнне АБСЕ. Міністры не толькі наладзілі асабісты кантакт, але, што самае галоўнае, узгаднілі канкрэтныя сумесныя крокі па ўмацаванні беларуска-венгерскага супрацоўніцтва. Бакі таксама прыкладуць намаганні, каб у бліжэйшы час выйсці на 2-3 важныя для абедзвюх краін знакавыя эканамічныя праекты.
 
— Эканоміцы — першую скрыпку?
 
 — І Беларусь, і Венгрыя, і Славенія сярод галоўных прыярытэтаў сваёй знешняй палітыкі вызначаюць эканамічную дыпламатыю — актывізацыю гандлёвых сувязяў, нарошчванне экспарту, прыцягненне інвестыцый, каб краіны маглі ўстойліва развівацца. У гандлёва-эканамічнай сферы намі дасягнутыя асноўныя вынікі. Але ж мне таксама шчыра хацелася б, каб наша агульная праца садзейнічала ўмацаванню міжасабовых кантактаў. На іх грунтуюцца сяброўскія стасункі паміж краінамі. Мы прыкладаем для гэтага значныя высілкі.
 
— Ці існуюць у гандлёвым абароце паміж Беларуссю і Венгрыяй, Беларуссю і Славеніяй свае асаблівасці?
 
 — Па выніках мінулага года гандлёвы зварот складае прыкладна аднолькавую суму — 240-250 мільёнаў долараў ЗША з кожнай з краін, але ж пэўным чынам адрозніваецца яго структура. Калі ў гандлі з Венгрыяй традыцыйна для нашай краіны пераважаюць тавары, а паслугі складаюць толькі 5-6  % ад агульнай лічбы, то са Славеніяй гандаль паслугамі дасягае 55  %. Гэта звязана з рэалізацыяй славенскім бокам, у прыватнасці, славенскай кампаніяй «Рыка», шэрагу буйных праектаў на тэрыторыі Беларусі ў сферы будаўніцтва і энергетыкі. Што ж тычыцца тавараў, то мы экспартуем сельскагаспадарчую тэхніку, калійныя і мінеральныя ўгнаенні, прадукты нафтаперапрацоўкі, матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. Закупляем у абедзвюх краінах лекі, абсталяванне, прадукты харчавання.
 
— Як справы з продажам у Венгрыі нашых трактароў?
 
 — У апошнія гады трактары выйшлі на першае месца сярод нашых больш чым ста экспартных пазіцый у Венгрыі. Штогод мы прадаём у гэтай краіне 1000-1300 адзінак трактарнай тэхнікі на суму больш за 20 мільёнаў долараў. Гэта ў першую чаргу трактары сярэдняй магутнасці. У гэтым сегменце «Беларусы» цвёрда трымаюць больш за палову мясцовага рынку трактарнай тэхнікі. Ні ў якім разе не перабольшу, калі скажу, што дзейнасць МТЗ на тэрыторыі Венгрыі павінна стаць для нашых іншых вытворцаў прыкладам таго, як трэба працаваць і быць канкурэнтаздольным на жорсткім рынку ЕС. Гэта датычыцца не толькі якасна арганізаванай маркетынгавай дзейнасці і эфектыўнай дылерскай сеткі, але і сэрвіснага абслугоўвання тэхнікі, і ўдзелу ў спецыялізаваных выставах, і продажу спадарожных тавараў — кампанентаў і дэталяў, прычэпнага абсталявання і навясных прыстасаванняў. Карацей кажучы, купіўшы беларускі трактар, венгерскі фермер атрымлівае годную тэхніку з пункту гледжання кошт/якасць пад вядомым брэндам, а таксама ўвесь неабходны пакет паслуг.
 
— Ёсць у нашым экспарце ў гэту краіну цікавы радок — шкляныя шары…
 
 — Тут усё проста. У 2010 годзе на Брэсцкім электралямпавым заводзе пры ўдзеле венгерскіх кампаній была пашырана вытворчасць лямпаў агульнага прызначэння і створана вытворчасць энергазберагальных люмінесцэнтных лямпаў. Значная частка гэтай прадукцыі ідзе на экспарт, у тым ліку ў Венгрыю. Па гандлёвай статыстыцы яна праходзіць як «шкло ў выглядзе шароў і трубак».
 
— Наколькі Беларусь цікавая венгерскім і славенскім інвестарам?
 
 — Пасля мадэрнізацыі вытворчасці лямпаў у Брэсце буйных двухбаковых інвестыцыйных праектаў, на жаль, не ажыццяўлялася. Ёсць некалькі напрацовак у галінах фармацэўтыкі, будаўніцтва, вытворчасці аўтакампанентаў, энергетыкі, але пакуль пра іх перавод у праектную стадыю казаць рана. Справа ў тым, што мы імкнёмся працаваць з сур’ёзнымі кампаніямі сусветнага ўзроўню. А ім уласціва ўсебаковае вывучэнне новага рынку, дэталёвая прапрацоўка фінансавай мэтазгоднасці, што папярэднічаюць прыняццю рашэння аб укладанні сродкаў у той ці іншы праект. Спадзяюся, што дадатковымі аргументамі для патэнцыйных інвестараў стануць пачатак функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза, тыя магчымасці, якія адкрываюцца для працы на ёмістым рынку ЕАЭС.
 
Ніткі для палітычнай тканіны
 
— Чым тлумачыцца актывізацыя палітычных стасункаў паміж Венгрыяй і Беларуссю ў апошні час?
 
 — Адказваючы на пытанне, трэба ўзгадаць некалькі фактараў. Па-першае, гэта агульнае паляпшэнне фону адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, якое мы назіраем апошнім часам.
 
Па-другое, гэта вынікі нашай сумеснай з венгерскім бокам папярэдняй руплівай працы. Мы імкнуліся пашыраць тканіну адносін, пранікаць на новыя пляцоўкі двухбаковага ўзаемадзеяння. Гэтая праца закранае не толькі эканоміку і палітычны дыялог, але сферы турызму і консульскіх зносін, міжбанкаўскіх сувязяў, транспарту, навукі, адукацыі, культуры і спорту. Колькасць пачынае пераходзіць у якасць.
 
Важна, што ў нашых стасунках мы маем інструменты, якія дазваляюць не толькі вызначаць мэты і задачы, але ж эфектыўна кантраляваць іх дасягненне. Такімі інструментамі з’яўляюцца рэгулярныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў і штогадовыя пасяджэнні міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. Дарэчы, чарговае пасяджэнне камісіі запланавана ў Будапешце на 17-18 верасня бягучага года. Паралельна пройдзе беларуска-венгерскі бізнес-форум. Я запрашаю нашых вытворцаў і экспарцёраў да актыўнага ўдзелу ў ім.
 
І трэцім важным фактарам з’яўляецца тое, што сённяшні ўрад Венгрыі паслядоўна ўмацоўвае ўсходні кірунак сваёй знешняй палітыкі. Ён надае вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва ў цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне, лічачы, што менавіта ў гэтым рэгіёне хаваецца пакуль яшчэ незапатрабаваны поўным чынам патэнцыял для пабудовы новай агульнай Еўропы. Нам у значнай ступені дапамагло тое, што летась Венгрыя старшынствавала адразу ў дзвюх рэгіянальных арганізацыях — Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве, сябрам якой з’яўляецца і Беларусь, і Вышаградскай групе. Арганізаваныя Венгрыяй шматбаковыя мерапрыемствы, у якіх узялі ўдзел і беларускія прадстаўнікі, дазволілі пашырыць кантакты па міжпарламенцкай лініі, у сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму. Дарэчы, стасункі паміж нашымі афіцыйнымі структурамі аблягчаюцца таму, што дзве краіны і пасля ўступлення Венгрыі ў ЕС здолелі захаваць бязвізавы рэжым паездак грамадзян па дыпламатычных і службовых пашпартах.
 
— Як у Венгрыі і Славеніі ацэньваюць пазіцыю Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу?
 
 — Простыя людзі і палітыкі з хваляваннем і надзеяй сачылі тут за тым, што адбывалася ў Мінску падчас перамоў трохбаковай кантактнай групы, і тым больш — Нармандскай чацвёркі. Тэрмін «Мінск-ІІ» трывала ўвайшоў у палітычны і журналісцкі лексікон, і кожны разумее, што за гэтым тэрмінам стаіць. У абедзвюх краінах вельмі высока ацэньваюць паслядоўную і шчырую пазіцыю беларускага кіраўніцтва ў дачыненні да гэтага няпростага канфлікту. Многім імпануе, што ў сваіх міратворчых намаганнях афіцыйны Мінск не імкнецца да атрымання палітычных дывідэндаў. Галоўнае, каб на братэрскай украінскай зямлі як мага хутчэй усталяваліся мір і згода.
 
Цымбалы без перакладу
 
— Аляксандр Францавіч, раскажыце, як вы вучылі венгерскую мову? Наколькі яна складаная?
 
 — Мову давялося вучыць, прыехаўшы ў Венгрыю, як той казаў, «з колаў». Роўна 15 гадоў таму, калі консулам першы раз наведаў Будапешт у складзе групы беларускіх дыпламатаў для адкрыцця нашага пасольства, літаральна адразу пайшоў на інтэнсіўныя курсы венгерскай. Сумненняў не было — абыходзіцца без яе ў штодзённай працы было б проста немагчыма. І па сёння прыватным чынам у вольны час стараюся займацца з венгерскім выкладчыкам не менш за гадзіну на тыдзень.
 
Венгерская мова адносіцца да рэдкай фіна-ўгорскай групы і лічыцца адной з найскладанейшых. Але ж мова цікавая, у ёй ёсць глыбокая ўнутраная логіка. Адной з уласцівасцяў сучаснай венгерскай мовы, дарэчы, з’яўляецца тэндэнцыя ствараць уласную лексіку замест прыняцця запазычаных слоў. Таму запазычанасці — дастатковая рэдкасць, хоць і сустракаюцца. Ёсць нават некалькі слоў, набліжаных да беларускіх. Скажам, верш, кача (качка), аброс (абрус), вачора (вячэра), ланц (ланцуг), бороштян (бурштын) і з дзясятак іншых.
 
Хацеў бы таксама адзначыць, што да нядаўняга часу ў Беларусі не было магчымасці вывучаць венгерскую мову. Толькі ў мінулым годзе сумеснымі намаганнямі ўдалося ажыццявіць вельмі важны адукацыйны праект — у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце запрошаным з Венгрыі лектарам пачалося факультатыўнае яе выкладанне. Наколькі я ведаю, гэтыя курсы выклікалі ў нашых студэнтаў значную цікавасць.
 
Беларуская ж мова ўжо больш за 20 гадоў выкладаецца на кафедры ўсходнеславянскіх моў Будапешцкага ўніверсітэта імя Ларанда Этвеша. У 2006 годзе быў выдадзены невялічкі падручнік беларускай мовы для венгерскіх студэнтаў, а яшчэ праз год — пры падтрымцы нашага пасольства — першы ў гісторыі венгерска-беларускі слоўнік на 13 тысяч слоў. Вось так, цаглінка да цаглінкі адбудоўваем падмурак беларуска-венгерскай дружбы.
 
— Славенскую мову, магчыма, разумееце без перакладчыка?
 
 — Славенская мова гучыць для нашага вуха больш звыкла і зразумела, і сярод славенцаў беларусу можна хутчэй і лягчэй асвоіцца. Але ж, каб разумець яе дакладна, а тым больш правільна на ёй размаўляць, трэба добра падвучыцца ў прафесіяналаў.
 
— Веданне нацыянальнай мовы павінна дапамагаць зразумець менталітэт народа. Што агульнага вы заўважылі ў менталітэце беларусаў і венграў?
 
 — Я назваў бы агульнымі для нашых народаў, заціснутых паміж вялікіх іншамоўных суседзяў, імкненне да шанавання сваіх нацыянальных традыцый, непераможную прагу да захавання роднай мовы. Прагу, якая нават пасля самых цяжкіх часоў іншаземнага ўладарання ці прымусовага лінгвістычнага ўздзеяння звонку вядзе да адраджэння і развіцця мовы. Міжволі ўзгадваюцца тыя засохлыя зярняткі з «Санета» Максіма Багдановіча, якія, нягледзячы ні на што, прабіваюцца на свет сваёй «жыццёвай сілай».
 
— Пра славенцаў хочацца спытаць наадварот — што адрознівае нашчадкаў славян — беларусаў і славенцаў?
 
 — Скажу хутчэй не пра менталітэт, а пра дух. Славенцы — вельмі спартыўная нацыя, вядуць актыўны лад жыцця. У выхадныя не сядзяць дома, ідуць у пешыя паходы, выходзяць на прабежкі, катаюцца на ролікавых каньках ці веласіпедах. Асаблівасцю з’яўляецца тое, што робяць гэта яны не паасобку, а цэлымі сем’ямі. Толькі ў актыўным адпачынку можна выхаваць у сабе здаровы дух, забяспечыць добры настрой на наступны тыдзень. Думаю, такой паўсюднай фізічнай актыўнасці пакуль бракуе беларусам.
 
— Раскажыце пра развіццё стасункаў у галіне культуры, што ў бліжэйшых планах?
 
 — Прадстаўленне беларускай культуры — адна з важных задач нашай дзейнасці. Менавіта культура звязвае людзей, дапамагае зразумець ментальнасць і душу народаў. За апошнія гады ў рамках арганізаваных намі мерапрыемстваў венгерскія і славенскія аматары мастацтва мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю «Харошак» і Уладзіміра Цэслера. На прэстыжным Люблянскім фестывалі выступала скрыпачка Маймуна. Мы таксама імкнёмся прадставіць на фальклорных фестывалях самабытныя калектывы з невялікіх беларускіх мястэчак, арганізуем выставы для маладых таленавітых мастакоў.
 
Але ж найбуйнейшым праектам стала выстава беларускіх ікон XVІІ-XVІІІ стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, якая прайшла ў Венгрыі летась. Хацеў бы адзначыць вялікі персанальны ўнёсак у гэты ўнікальны і звышскладаны праект дырэктара Уладзіміра Пракапцова і супрацоўнікаў музея. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі 30 самабытных помнікаў беларускага іканапісу былі выстаўлены ў краіне ЕС на адной з самых вядомых сталічных мастацкіх пляцовак. Вельмі важна, што абразы былі паказаны не толькі ў Будапешце, але і ў рэгіёнах, дзе выклікалі непадробную цікавасць. Так, толькі ў горадзе Сольнак з насельніцтвам 75 тысяч выставу пабачылі каля 25 тысяч наведвальнікаў.
 
Калі гаварыць пра планы на будучыню, то пасольства будзе працягваць серыю сваіх традыцыйных вясенніх мерапрыемстваў. Мы ладзім іх у Будапешце ў розных фарматах пад агульнай назвай «May.by — Майскія сустрэчы з Беларуссю» з 2007 года. Паколькі сёлета адзначаецца юбілей Вялікай Перамогі, у гэтым маі плануем арганізаваць паказ шэрагу звязаных з Беларуссю мастацкіх і дакументальных фільмаў па ваеннай тэматыцы.
 
Што датычыцца Славеніі, то, дзякуючы падтрымцы згаданай мною кампаніі «Рыко», беларускія калектывы ўжо некалькі гадоў бяруць удзел у Люблянскім фестывалі мастацтваў. У ліпені гэтага года Любляну другі раз запар наведае беларускі камерны аркестр пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова. Летась выступленне аркестра мела вялікі поспех. Асаблівую ўвагу прыцягнула выступленне таленавітай цымбалісткі Веранікі Прадзед. Цымбалы — незвычайны музычны інструмент для славенцаў, і яны з захапленнем і зачараваннем слухалі іх гучанне. Скажу шчыра, у такія моманты адчуваеш вялікі гонар за сваю краіну.
 
Вольга Мядзведзева

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы