Памер шрыфта:

Аб сустрэчы намесніка Міністра замежных спраў Беларусі А.Дапкюнаса з намеснікам Генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва – кіраўніком назіральнай місіі ШАС

16 лістапада 2019 г.

16-11-2019

16 лістапада 2019 г. намеснік Mіністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас сустрэўся з намеснікам Генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Се Сяаюнам, які знаходзіцца ў нашай краіне на чале місіі назірання ШАС за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Суразмоўцы абмеркавалі шырокі комплекс пытанняў, звязаных з удзелам місіі ШАС у назіранні за парламенцкімі выбарамі ў краіне. Се Сяаюн падрабязна інфармаваў аб дзейнасці місіі ў працэсе назірання, а таксама аб назапашаным інстытуцыйным вопыту ШАС у галіне электаральнага маніторынгу і назірання.

Да даведкі: Гісторыя ўдзелу ШАС у назіранні за выбарамі і рэфэрэндумамі налічвае 15 год. За гэты час арганізацыя арганізавала 49 назіральных місій. Колькасць назіральнікаў ад ШАС на сёлетніх парламенцкіх выбарах у Беларусі ўдвая большая за місіі назірання, якія накіроўваліся ў Беларусь раней.

На сустрэчы намеснік Міністра і намеснік кіраўніка Сакратарыята ШАС таксама абмяняліся думкамі аб шляхах далейшага паглыблення супрацоўніцтва Беларусі і ШАС.

Да даведкі: Беларусь мае статус краіны-назіральніка пры ШАС з 2015 года. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і кіраўнік беларускага ўраду традыцыйна бяруць удзел у самітах арганізацыі.

А.Дапкюнас адзначыў, што пры вызначэнні шляхоў павышэння аддачы ад дзейнасці ШАС і ўмацавання яе аўтарытэту ў свеце важна сыходзіць з разумення шматмернай сутнасці міжнароднай бяспекі. На думку намесніка Міністра, калі колькасць дакументаў, прынятых у рамках ШАС за час існавання арганізацыі, адлюстроўвае належную ўвагу краінаў-членаў да яе ваенна-палітычнага вымярэння, у той жа час іншыя аспекты тэмы міжнароднай бяспекі ўяўляюць сабой вельмі перспектыўнае поле для ўвагі і распрацоўкі шматбаковых партнёрскіх захадаў.

У гэтым кантэксце намеснік кіраўніка беларускага МЗС прыцягнуў увагу суразмоўцы да ўзнятых Прэзідэнтам Беларусі на самітах ШАС 2018 і 2019 гадоў тэм неабходнасці забеспячэння харчовай бяспекі ў рамках ШАС, мэтазгоднасці значнага ўмацавання эканамічнага вымярэння дзейнасці арганізацыі, развіцця IT-экасістэмы ШАС, стварэння ў рамках ШАС механізму абмену вопытам і ўзаемадзеяння па пытаннях атамнай энергетыкі і ядзернай бяспекі.

Намеснік Міністра выказаў прапанову аб мэтазгоднасці арганізацыі ў рамках міжнароднага ІТ-форума ў 2020 годзе ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень” адмысловай тэматычнай дыскусіі, прысвечанай вопыту развіцця ІТ галіны ў краінах-членах ШАС і іх падыходам да выклікаў працэсу інфармацыйна-лічбавай глабалізацыі.

На сустрэчы суразмоўцы таксама дамовіліся аб сумесных захадах Беларусі і Сакратарыята ШАС у плане павышэння інфармаванасці грамадства, і ў першую чаргу моладзі, аб дзейнасці ШАС, у т.л. праз удзел у адукацыйным праекце “Мадэль ШАС”.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы