Áåëàðóñü . Ôàêòû

Аб круглым стале з удзелам Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея па перспектывах дасягнення Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі

02-03-2020

2 сакавіка 2020 г. у Міністэрстве замежных спраў з удзелам кіраўніцтва МЗС прайшоў круглы стол, на якім былi разгледжаны пытанні работы ў Беларусі ў галіне дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Ісачанка, прызначаны 13 лютага 2020 г. Нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, і Мар’яна Шчоткіна, якая раней займала гэтую пасаду. У круглым стале ўдзельнічалі Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі і кіраўнікі прадстаўніцтваў Праграмы развіцця ААН, Дзіцячага фонду ААН і Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі.

Пры адкрыцці круглага стала Міністр замежных спраў Уладзімір Макей падкрэсліў важнасць захавання пераемнасці ў рабоце па дасягненні Мэт устойлівага развіцця на нацыянальным узроўні. Было адзначана, што вопыт дзейнасці на гэтым кірунку пацвердзіў правiльнасць рашэння аб ускладанні функцый Нацыянальнага каардынатара на парламентарыя высокага ўзроўню, што дазволіла пашырыць кола ўдзельнікаў узаемадзеяння ў сферы ўстойлівага развіцця.

Міністр замежных спраў павіншаваў Анатоля Ісачанку з прызначэннем на пасаду Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і запэўніў у гатоўнасці МЗС аказваць неабходнае садзейнічанне.

За забеспячэнне сістэмнай работы ў галiне ўстойлівага развіцця, унёсак у міжнароднае супрацоўніцтва і ўмацаванне пазітыўнага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне У.Макей уручыў М. Шчоткінай нагрудны знак адрознення органаў дыпламатычнай службы “Партнёрства”.

Падчас далейшай дыскусіі былі закрануты перспектывы сумеснай дзейнасці нацыянальных і замежных партнёраў у кантэксце выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Былі абмеркаваны пытанні каардынацыі нацыянальных намаганняў, міжнароднага супрацоўніцтва і распрацоўкі сумесных з ААН праграмных дакументаў па тэматыцы ўстойлівага развіцця.