Памер шрыфта:

Аб кансультацыях паміж МЗС Беларусі і Ірака на ўзроўні намеснікаў міністраў

11 верасня 2019 г.

11-09-2019

11 верасня 2019 г. у Мінску адбыліся кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Ірака. Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў намеснік Міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, іракскую  – першы намеснік Міністра замежных спраў Нізар Іса Абдул-Хадзі аль-Хайрала.

Пасля візіту Міністра замежных спраў Ірака ў Беларусь у 2015 годзе гэта былі першыя кансультацыі паміж кіраўніцтвам знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Падчас кансультацый дэлегацыі дэталёва абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага парадку дня, а таксама магчымасці і канкрэтныя шляхі пашырэння ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных галінах.

Намеснікі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Ірака адзначылі выключную каардынацыйную і заахвочваючую ролю міністэрстваў замежных спраў у актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку па лініі профільных ведамстваў.

Першы намеснік Міністра замежных спраў Ірака адзначыў істотнае паляпшэнне ў апошнія гады сітуацыі ў Іраку ў галіне бяспекі і з’яўленне шматлікіх новых магчымасцей для развіцця супрацоўніцтва з замежнымі краінамі ў галіне бізнесу, сацыяльнай і камунальнай інфраструктуры, адукацыі і турызму.

Падчас кансультацый была выказана зацікаўленасць іракскіх партнёраў ва ўсталяванні шырокага супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, як у плане імпарту беларускіх прадуктаў харчавання, так і вывучэння магчымасці вырабу беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Іраку і наладжвання ў гэтай краіне сельскагаспадарчай вытворчасці поўнага цыклу на базе перадавых беларускіх тэхналогій гадавання, вырошчвання і перапрацоўкі. 

У сувязі з актуальными нацыянальнымі патрэбами постканфліктнага аднаўлення кіраўнік іракскай дэлегацыі згадаў вялікую запатрабаванасць у Іраку беларускага грамадскага транспарту. Суразмоўцы пагадзіліся з неабходнасцю працягнуць абмеркаванне гэтага пытання па лініі профільных ведамстваў у якасці прыярытэтнага. 

Для пашырэння абазнанасці іракскіх спажыўцоў аб экспартных магчымасцях Беларусі і перавагах беларускіх тавараў і прадуктаў Нізар Іса Абдул-Хадзі аль-Хайрала параіў выкарыстаць магчымасці штогадовага Багдадскага міжнароднага кірмашу.

Падчас абмеркавання суразмоўцы таксама надалі вялікую ўвагу перспектывам пашырэння супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі (навучанне іракскіх студэнтаў у Беларусі), турызму і спорту (арганізацыя футбольнага матчу паміж зборнымі камандамі Беларусі і Іраку).

Намеснікі міністраў падкрэслілі важнасць істотнага павялічэння інтэнсіўнасці наўпроставых кантактаў паміж прадстаўнікамі дзяржаўных ведамстваў і суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін і згадалі чаканыя візіты ў Мінск прадстаўнікоў кіраўніцтва іракскіх міністэрстваў гандлю і вышэйшай адукацыі.

На кансультацыях быў таксама абмеркаваны шэраг канкрэтных пытанняў практычнага ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі ведамствамі дзвюх краін па грамадзянскіх і консульскіх справах.

Намеснікі міністраў адзначылі вялікую ролю ў развіцці шматпланавага двухбаковага супрацоўніцтва, якую адыгрываюць пасольствы Беларусі ў Анкары і Ірака ў Маскве, а таксама ганаровы консул Беларусі ў Іраку Маджыд аль-Кайсі.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы