Памер шрыфта:

Аб сустрэчы Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з пасламі па асобых даручэннях краін-членаў ЕС па справах Усходняга партнёрства

22 мая 2018 г.

22-05-2018

22 мая 2018 г. Мiнiстр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей прыняў дэлегацыю паслоў па асобых даручэннях па справах Усходняга партнёрства (УП) знешнепалітычных ведамстваў Польшчы (Я.Хофмокль), Швецыі (А.Вестэрхольм), Нідэрландаў (А.Палм), Румыніі (А.Стэнеску), Фінляндыі (А.Хайкінен), Славеніі (Б.Раковец), Венгрыі (Л.Макай), Славакіі (М.Поспішылова), Літвы (С.Шатунас), Вялікабрытаніі (Т.Блейк Джэймс), Аўстрыі ( Т.Буксбаўм) і Германіі (Х.-П.Хінріхсен), а таксама кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі А.Віктарын. Дэлегацыя знаходзіцца ў Беларусі з рабочым візітам.

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі аб стане адносін Беларусь — ЕС і шляхах павышэння практычнай аддачы ад Усходняга партнёрства. Бакі, у прыватнасці, абмеркавалі падрыхтоўку нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў і кіраўнікоў “лічбавых” ведамстваў УП у г.Мінску 21 — 22 чэрвеня 2018 года, а таксама рэалізацыю дамоўленасцей па выніках саміту УП у г.Бруселі 2017 года.

У сувязі з нядаўнімі публічнымі выказваннямі ў адрас Беларусі Міністра замежных спраў Літвы У.Макей заявіў прадстаўнікам ЕС наступнае.

Дзяржаўны суверэнітэт з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю для Рэспублікі Беларусь. У сучасным свеце не існуе цалкам самадастатковых краін. Некаторыя з дзяржаў, якія абвінавачваюць Беларусь у “залежнасці” ад трэціх краін, самі ў значнай ступені залежаць ад Беларусі.

Складанасці, якія ўзнікаюць з перасячэннем беларуска-літоўскай мяжы, галоўным чынам звязаны з недастатковай развітасцю мытнай інфраструктуры на літоўскім баку. У гэтай сувязі літоўскаму боку рэкамендавана давесці яе стан як мінімум да такога ўзроўню, якога дасягнула Беларусь пры садзейнічанні ЕС. Беларускі бок гатовы сумесна з Літвой працаваць над ліквідацыяй бар'ераў для паездак грамадзян і спрашчэннем парадку перасячэння мяжы.

Насуперак заявам кіраўніка літоўскага МЗС Беларусь поўнасцю адкрыта да дыялогу па тэматыцы будаўніцтва Беларускай АЭС з профільнымі міжнароднымі структурамі і, перш за ўсё, МАГАТЭ. Сцвярджэнні аб тым, што Беларусь, нібыта, здольная “маніпуляваць” меркаваннем найбольш аўтарытэтнай у свеце арганізацыі ў сферы бяспекі аб'ектаў ядзернай энергетыкі, бяздоказныя і не сведчаць аб высокім прафесіяналізме іх аўтараў.

У.Макей таксама адзначыў, што Беларусь з'яўляецца надзейным і прадказальным партнёрам ЕС, а не крыніцай нестабільнасці, і не патрабуе для сябе членства ў ЕС, або якіх-небудзь прэферэнцыйных адносін з ім. Беларускі бок зацікаўлены ў нармальным, прагматычным і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве. У сувязі з гэтым неабходна надаць узаемаадносінам больш структураваны і ўстойлівы характар у інтарэсах абодвух бакоў і рэгіянальнай стабільнасці ў цэлым, падкрэсліў Міністр замежных спраў Беларусі.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы