Áåëàðóñü . Ôàêòû

Аб удзеле намесніка Міністра замежных спраў Беларусі А.Дапкюнаса ў 58-й сесіі Камісіі сацыяльнага развіцця ААН

12-02-2020

10-13 лютага 2020 г. беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэем Дапкюнасам прымае ўдзел у 58-й сесіі Камісіі сацыяльнага развіцця ААН.

Да даведкі: Камісія сацыяльнага развіцця ААН (КСР) з'яўляецца дапаможным органам Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН (ЭКАСАС), які займаецца пытаннямі скарачэння беднасці, сацыяльнай няроўнасці, а таксама прасоўваннем міжнароднай палітыкі пабудовы сацыяльнай справядлівасці ў дачыненні да найбольш уразлівых груп насельніцтва. Беларусь з'яўляецца членам КСР на 2016-2020 гады і членам ЭКАСАС на 2018-2020 гады.

10 лютага А.Дапкюнас выступіў падчас агульнай дыскусіі КСР па прыярытэтнай тэме цяперашняй сесіі: “Даступнае жыллё і сістэмы сацыяльнай абароны для ўсіх для вырашэння праблемы бяздомнасці”.

У сваім выступленні беларускі дыпламат адзначыў, што бяздомнасць з'яўляецца комплекснай сацыяльнай праблемай, якая актуальная для розных краін і рэгіёнаў свету. Разам з тым, як падкрэсліў А.Дапкюнас, для Беларусі гэта праблема не з'яўляецца вострай.

Намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што ў Беларусі даступнасць жылля заўсёды была найважнейшым прыярытэтам дзяржавы і разглядаецца як асноўны элемент у прадухіленні бяздомнасці. Пры гэтым у Беларусі надаецца ўвага не толькі даступнасці жылля, але і яго камфортнасці, бяспекі і сучаснасці.

А.Дапкюнас адзначыў таксама актуальнасць разгляду праблемы бяздомнасці сем'яў. У сувязі з гэтым намеснік Міністра падкрэсліў неабходнасць умацавання і абароны інстытута сям'і на міжнародным узроўні, у тым ліку ў кантэксце негатыўных фактараў, якія спрыяюць разбурэнню сем'яў.

У рамках візіту ў Нью-Ёрку 11 лютага А.Дапкюнас сустрэўся з намеснікам Генеральнага сакратара ААН па глабальных камунікацыях Мелісай Флемінг.

Суразмоўцы абмеркавалі падыходы да падрыхтоўкі і правядзення ў ААН урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 75-гадоваму юбілею Арганізацыі, які будзе адзначацца сёлета.

А.Дапкюнас прапанаваў увязаць юбілейную дату ААН з 75-годдзем перамогі ў Другой сусветнай вайне і аб'яднаць намаганні краін пры падтрымцы Дэпартамента па глабальных камунікацыях ААН у правядзенні знакавага мерапрыемства, якое выйдзе за рамкі звычайнага пратакола і падкрэсліць важную ролю дзяржаў, якія ўнеслі свой уклад у перамогу ў вайне, праілюстраваць адзінства і згуртаванасць усіх краін-членаў ААН у дачыненні да гэтай памятнай падзеі.

русская версия   English version