Áåëàðóñü . Ôàêòû

Барацьба з міжнародным тэрарызмам

У рамках супрацоўніцтва па барацьбе з міжнародным тэрарызмам Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных універсальных дагавораў па дадзенай праблематыцы, распрацаваных пад эгідай ААН (спіс гл. ніжэй).

Беларусь падтрымала прыняцце ў 2006 годзе Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН. Дадзеная стратэгія з'яўляецца, па сутнасці, першым глабальным дакументам, які ўтрымлівае агульны стратэгічны падыход да барацьбы з тэрарызмам на аснове камбінаваных нацыянальных, рэгіянальных і міжнародных намаганняў дзяржаў-удзельніц.

Пачынаючы з 2009 года, Беларусь удзельнічае ў Глабальнай ініцыятыве па барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму, якая аб'ядноўвае 85 дзяржаў. Ініцыятыва, якая носіць добраахвотны характар, накіравана на развіццё ў краінах-удзельніцах інфраструктуры ўліку і фізічнай аховы ядзерных і другіх радыёактыўных матэрыялаў, магчымасцей выяўлення і расследавання фактаў кантрабанды названых матэрыялаў, павышэнне бяспекі грамадзянскіх ядзерных аб'ектаў.

На рэгіянальным узроўні ў сферы барацьбы з тэрарызмам актыўнае развіццё атрымала супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД сфарміравана нарматыўная прававая база па дадзенай праблематыцы, уключаючы падпісаны ў Мінску ў 1999 годзе Дагавор аб супрацоўніцтве дзяржаў–удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам. Каардынацыя ўзаемадзеяння кампетэнтных органаў дзяржаў СНД па барацьбе з тэрарызмам ажыццяўляецца спецыялізаваным галіновым органам – Антытэрарыстычным цэнтрам дзяржаў-удзельніц СНД, створаным у 2000 годзе.

У якасці дзяржавы-удзельніцы Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Беларусь удзельнічае ў дзейнасці дадзенай Арганізацыі па барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, іншымі пагрозамі бяспецы. Формамі такой дзейнасці ў рамках АДКБ з'яўляюцца ўзаемадзеянне нацыянальных антытэрарыстычных органаў і спецыяльных падраздзяленняў, правядзенне рэгулярных вучэнняў па барацьбе з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, кіберзлачыннасцю.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам Еўразійскай групы па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму (ЕАГ). Дадзеная рэгіянальная арганізацыя, створаная па тыпе ФАТФ (Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай), прызвана забяспечыць эфектыўную інтэграцыю дзяржаў-членаў ЕАГ у міжнародную сістэму процідзеяння легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму ў адпаведнасці з Рэкамендацыямі ФАТФ і стандартамі другіх міжнародных арганізацый.

Наша краіна ўносіць канкрэтны ўклад у антытэрарыстычную аперацыю ў Афганістане, якая праводзіцца пад кіраваннем НАТА на падставе рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1386 (2001).

З улікам гэтай рэзалюцыі беларускі бок і НАТА дамовіліся аб магчымасці чыгуначнага транзіту праз Беларусь неваенных тавараў альянса, яго дзяржаў-удзельніц і іншых дзяржаў, якія ўносяць уклад у місію Міжнародных сіл садзейнічання бяспецы ў Афганістане (МССБ). Пачынаючы з 2011 года, праз тэрыторыю Беларусі ажыццяўляюцца пастаянныя транзітныя перавозкі неваенных грузаў для патрэб МССБ. Адпаведная дамоўленасць была аформлена праз абмен лістамі паміж Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Генеральным сакратаром НАТА. Беларусь таксама прадастаўляе альянсу сваю паветраную прастору для транзіту ваенных і грамадзянскіх грузаў.

Універсальныя міжнародныя дагаворы па барацьбе з тэрарызмам, удзельнікам якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь:

  1. Канвенцыя аб злачынствах і некаторых іншых актах, якія ўчыняюцца на борце паветраных судоў (1963)
  2. Канвенцыя аб барацьбе з незаконным захопам паветраных судоў (1970)
  3. Канвенцыя аб барацьбе з незаконнымі актамі, накіраванымі супраць бяспекі грамадзянскай авіяцыі (1971)
  4. Канвенцыя аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць асоб, якія карыстаюцца міжнароднай аховай, у тым ліку дыпламатычных агентаў (1973)
  5. Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з захопам закладнікаў (1979)
  6. Канвенцыя аб фізічнай ахове ядзернага матэрыялу (1980)
  7. Пратакол аб барацьбе з незаконнымі актамі насілля ў аэрапортах, якія абслугоўваюць міжнародную грамадзянскую авіяцыю, які дапаўняе Канвенцыю аб барацьбе з незаконнымі актамі, накіраванымі супраць бяспекі грамадзянскай авіяцыі (1988)
  8. Канвенцыя аб барацьбе з незаконнымі актамі, накіраванымі супраць бяспекі марскога суднаходства (1988)
  9. Пратакол аб барацьбе з незаконнымі актамі, накіраванымі супраць бяспекі стацыянарных платформ (1988)
  10. Канвенцыя аб маркіроўцы пластычных выбуховых рэчываў у мэтах іх выяўлення (1991)
  11. Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з бомбавым тэрарызмам (1997)
  12. Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму (1999)
  13. Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму (2005)