Áåëàðóñü . Ôàêòû

Галоўная / Знешні гандаль / Экспарт / Дыверсіфікацыя экспарту

Дыверсіфікацыя экспарту

Рэспубліка Беларусь паслядоўна праводзіць шматвектарную знешнегандлёвую палітыку і традыцыйна падтрымлівае знешнеэканамічныя сувязі з многімі замежнымі краінамі. Так, у 2000 годзе беларускія тавары пастаўляліся ў 125 краін свету, у 2009 годзе – у 141 краіну.
 
Дыверсіфікацыя экспарту ажыццяўляецца па двух асноўных напрамках: геаграфічная і таварная дыверсіфікацыя.
 
Геаграфічная дыверсіфікацыя ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння стабільнасці і збалансаванасці экспартных паставак беларускай прадукцыі ў рэгіёны свету ва ўмовах кан’юктурных ваганняў попыту і прапановы на знешніх рынках.
 
 
Як бачна з дыяграм, у 2000 годзе больш за палову агульнага аб’ёму беларускага экспарту пастаўлялася ў Расію (52 працэнты), у 2009 годзе доля Расіі склала менш за адну трэцюю частку ў структуры беларускага экспарту (32 працэнты). Пры гэтым трэба ўлічваць, што вартасны аб’ём экспарту за перыяд 2000 – 2009 гады павялічыўся амаль у 3 разы (з 7,3 млрд. долараў да 21,3 млрд. долараў). Зніжэнне долі Расіі ў якасці рынку збыту беларускай прадукцыі на 20 працэнтных пунктаў не азначае, што скараціліся аб’ёмы паставак. Фактычна прырост паставак у Расію беларускіх тавараў у 2009 годзе склаў 3 млрд. долараў у параўнанні з 2000 годам (з 3,7 млрд. долараў да 6,7 млрд. долараў).
 
За ўказаны перыяд значна вырасла ўдзельная вага беларускага экспарту ў краіны Еўрапейскага cаюза – з 28 працэнтаў у 2000 годзе да 44 працэнтаў у 2009 годзе. У вартасным выражэнні прырост экспарту склаў 7,2 млрд. долараў (з 2,1 млрд. долараў да 9,3 млрд. долараў). Еўрапейскі саюз у 2009 годзе заняў першую пазіцыю сярод асноўных рэгіёнаў паставак беларускай прадукцыі.
 
Доля іншых краін СНД, за выключэннем Расіі, за перыяд з 2000 па 2009 год павялічылася з 9 працэнтаў да 12 працэнтаў, а ў вартасным выражэнні экспарт у гэтыя краіны вырас больш, чым у 3,5 разы (з 0,7 млрд. долараў да 2,6 млрд. долараў).
 
Удзельная вага іншых краін свету ў структуры беларускага экспарту (краіны Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі) павялічылася з 11 працэнтаў у 2000 годзе да 12 працэнтаў у 2009 годзе, у вартасным выражэнні – больш чым у 3 разы (з 0,8 млрд. долараў да 2,7 млрд. долараў).
 
Сусветны фінансава-эканамічны крызіс пацвердзіў важную ролю палітыкі дыверсіфікацыі знешніх рынкаў для нейтралізацыі негатыўных вынікаў, звязаных са значным зніжэннем попыту ў асобных краінах. Створаныя ў папярэднія годы эканамічныя прадпасылкі, а таксама прынятыя дадатковыя меры дазволілі ў 2009-2010 гадах пашырыць геаграфію паставак беларускага экспарту.
 
У 2010 годзе прадоўжылася змяненне геаграфічнай структуры беларускага экспарту, звязанае з комплексам дадатковых мер, прынятых у мэтах дыверсіфікацыі экспарту ў паслякрызісных умовах развіцця міжнароднага гандлю. Гэтыя меры дазволілі ўмацаваць пазіцыі Рэспублікі Беларусь на рынках краін СНД, а таксама краін Азіі, Амерыкі, Акіяніі. Фактычна на долю гэтых краін выпадае ў 2010 годзе амаль трэцяя частка паставак беларускіх тавараў супраць меней за адну чацвёртую часткі – у 2009 годзе. Сукупная ўдзельная вага Расіі і краін ЕС адпаведна скарацілася.
 
 
У 2010 годзе ў параўнанні з 2009 годам геаграфія беларускага экспарту пашырылася на 24 новыя краіны, у якія раней пастаўкі беларускай прадукцыі не ажыццяўляліся (Барбадос, Буркіна-Фасо, Габон, Гаіці, Гібралтар, Гандурас, Джыбуці, Кабо-Вердэ, Камбоджа, Коста-Рыка, Ліберыя, Мальта, Марцініка, Нігер, Папуа-Новая Гвінея, Парагвай, Уругвай, Фіджы, Французская Гвіяна, Чад, Чарнагорыя, Цэнтральна-Афрыкнская Рэспубліка, Эль-Сальвадор, Ямайка).
 
Сумарны аб’ём экспарту ва ўказаныя краіны склаў 24,2 млн. долараў (калійныя ўдабрэнні, шыны, трактары, пруткі са сталі, друкаваныя кнігі і брашуры і інш.).
 
Тэндэнцыя па змяненні геаграфічнай структуры беларускага экспарту захаваецца і ў наступныя гады, калі ў найбольшай ступені праявіцца рэзультатыўнасць прынятых і прымаемых мер па дыверсіфікацыі.
 
Побач з геаграфічнай дыверсіфікацыяй ажыццяўляецца комплекс мер па таварнай дыверсіфікацыі беларускага экспарту. Гэтыя меры скіраваны на павелічэнне аб’ёмаў і наменклатуры паставак беларускай прадукцыі на рынкі замежных краін, як традыцыйных гандлёвых партнёраў, так і тых краін, куды беларуская прадукцыя пастаўляецца ў нязначных аб’ёмах.
 
У 2010 годзе прырост экспарту за кошт павелічэння аб'ёмаў і наменклатуры паставак беларускай прадукцыі на нетрадыцыйныя рынкі склаў 353,4 млн. долараў, у тым ліку:
 
у Албанію (вартасны аб’ём экспорту павялічыўся з 155,7 тыс. долараў да 896 тыс. долараў),
Гвінею (з 420,2 тыс. долараў да 1,3 млн. долараў),
Гватэмалу (з 568,5 тыс. долараў да 12,6 млн. долараў),
Дамініканскую Рэспубліку (з 6,6 тыс. долараў да 201,6 тыс. долараў),
Замбію (з 117,2 тыс. долараў да 736,8 тыс. долараў),
Інданезію (з 21,0 млн. долараў да 129,3 млн. долараў),
Камерун(з 9,3 млн. долараў да 16,6 млн. долараў),
Карэю (з7,6 млн. долараў да 25,1 млн. долараў),
Кот-д'Івуар(з 8,4 млн. долараў да 32,8 млн. долараў),
Кувейт (з 2,3 млн. долараў да 20,9 млн. долараў),
Маўрытанію (з 80,4 тыс. долараў да 1,6 млн. долараў),
Малі(з 433,6 тыс. долараў да 2,9 млн. долараў),
М'янму(з 229,3 тыс. долараў да 2,2 млн. долараў),
Новую Зеландыю (з 257,1 тыс. долараў да 13,3 млн. долараў),
Панаму(з 1,5 млн. долараў да 16,8 млн. долараў),
Сейшэлы (з 50,7 тыс. долараў да 211,5 тыс. долараў),
Тайланд (з 10,5 млн. долараў да 42,2 млн. долараў),
Танзанію (з 179,0 тыс. долараў да 558,8 тыс. долараў),
Шры-Ланку (з 8,4 млн. долараў да 18,2 млн. долараў),
Філіпіны(з 7,7 млн. долараў да 12,1 млн. долараў).
 
Канкрэтныя меры па пашырэнні геаграфіі паставак беларускай прадукцыі ажыццяўляюцца ў рамках рэалізацыі гандлёвых і рэгіянальных праграм развіцця экспарту, праграмы развіцця экспарту на новыя рынкі Азіі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі.
 
Арганізавана сістэма пастаяннага маніторынгу і інфармавання беларускіх вытворцаў аб тэндэрах па закупках тавараў і паслуг, якія праводзяцца ў рамках дзяржаўных праграм замежных краін.
 
Адным з важнейшых механізмаў прадвіжэння і замацавання беларускай пазіцыі на перспектыўных рынках з'яўляецца стварэнне тавараправодзячай сеткі (ТПС), зборачных вытворчасцей беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, сеткі сэрвіснага і гарантыйнага абслуговання.
 
У 2010 годзе за мяжой створана 253 новых суб’ектаў ТПС, у тым ліку 56 з беларускімі інвестыцыямі і 49 зборачных вытворчасцей. У сучасны момант прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці маюць за мяжой 87 зборачных вытворчасцей, на якіх ажыццяўляецца зборка з машынакамплектаў, вузлоў і дэталяў сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, ліфтавой і бытавой тэхнікі пад таварнымі маркамі “МАЗ”, “МТЗ”, “БелАЗ”, “Магілёўліфтмаш”, “Атлант” і інш.