Áåëàðóñü . Ôàêòû

Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі

Cупрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з расійскімі рэгіёнамі належыць да прыярытэтных напрамкаў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і служыць падмуркам гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і сацыяльна-культурных адносін.

Дагаворна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і рэгіёнаў Расіі ўключае каля 200 дагавораў, пагадненняў і пратаколаў. Большая частка дакументаў носіць практычны характар і накіравана на далейшае развіццё адносін паміж дзвюма краінамі і актывізацыю ўзаемадзеяння па розных напрамках. У асноўным, гэта дамоўленасці эканамічнага характару: нарошчванне аб'ёмаў узаемных паставак тавараў, пашырэнне тавараправоднай сеткі, умацаванне вытворчай кааперацыі, стварэнне зборачных вытворчасцяў. Пры гэтым дзелавыя кантакты выстройваюцца на планавай доўгатэрміновай аснове і ўлічваюць тэндэнцыі сучаснага рынку.
 
Пашырэнне ўзаемавыгадных сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі адбываецца на ўзроўні суб'ектаў гаспадарання, органаў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага кіравання і органаў дзяржаўнага кіравання.  
 
Вядучыя пазіцыі ва ўзаемным гандлі Рэспублікі Беларусь з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі займаюць Цэнтральны, Уральскі, Прыволжскі і Паўночна-Заходні федэральныя акругі.
 
Найбольш плённа Беларусь ўзаемадзейнічае з Масквой і Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Маскоўскай, Смаленскай, Арэнбургскай, Бранскай, Ніжагародскай, Калужскай абласцямі, Рэспублікай Татарстан. Аб'ём знешняга гандлю з гэтымі рэгіёнамі перавышае 70 адсоткаў беларуска-расійскага тавараабароту. Прыносіць свой плён і супрацоўніцтва з раёнамі буйных гарадоў, у прыватнасці, з прэфектурамі Масквы і адміністрацыйнымі раёнамі Санкт-Пецярбурга.
 
Для садзейнічання развіццю ўзаемных кантактаў створаны саветы дзелавога супрацоўніцтва з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Ніжагародскай і Свярдлоўскай абласцямі. Эфектыўным інструментам рэгулявання двухбаковых адносін з'яўляюцца сумесныя рабочыя групы па супрацоўніцтве, створаныя больш чым з 40 рэгіёнамі, а таксама Беларуска-Расійскі Савет па доўгатэрміновым супрацоўніцтве абласцей, міністэрстваў, органаў дзяржаўнага кіравання з Калінінградскай вобласцю.
 
Важным звяном ва ўзаемадзеянні Беларусі і рэгіёнаў Расіі з'яўляюцца таксама 11 аддзяленняў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (у гарадах Ніжні Ноўгарад, Новасібірск, Уфа, Казань, Калінінград, Краснаярск, Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, Хабараўск, Растоў-на-Доне, Смаленск), дзейнасць якіх спрыяе аператыўнаму вырашэнню пытанняў двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі.
 
Развіваюцца партнёрскія адносіны Рэспублікі Беларусь і рэгіёнаў у машынабудаванні, нафтахіміі, энергетыцы і транспарце, будаўніцтве, аграпрамысловым комплексе.
 
Пры гэтым узаемавыгаднае супрацоўніцтва ўжо не абмяжоўваецца толькі тавараабменнымі аперацыямі. Актыўна развіваецца прамысловая кааперацыя. У прыватнасці, ствараюцца сумесныя зборачныя вытворчасці, што, у сваю чаргу, спрыяе стварэнню аб'ектаў спадарожнай інфраструктуры і забяспечвае занятасць насельніцтва.
Асобным напрамкам нашага супрацоўніцтва з'яўляецца абмен распрацоўкамі і тэхналогіямі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў праяўляюць цікавасць да поспехаў нашых аграрыяў з пункту гледжання выкарыстання беларускага вопыту ў развіцці свайго сельскай гаспадаркі.
 
Беларусь пастаўляе ў Расію, галоўным чынам, прадукцыю машынабудавання і сельскай гаспадаркі. У сваю чаргу, беларуская прамысловасць выкарыстоўвае матэрыялы і камплектуючыя расійскіх партнёраў.
 
Расійская Федэрацыя з'яўляецца буйным спажыўцом беларускай сельгастэхнікі, якая характэрызуецца трываласцю, надзейнасцю і высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі. Рэспубліка Беларусь актыўна стварае ў Расіі гандлёвыя дамы і дылерскія цэнтры па продажы і сэрвісным абслугоўванні гэтай тэхнікі.
 
Варта адзначыць высокі ўзровень двухбаковага ўзаемадзеяння і ў сферы будаўніцтва. Беларускія будаўнікі ўзводзяць аб'екты сацыяльнага і прамысловага прызначэння ў шэрагу суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку, у ключавых рэгіёнах-партнёрах (Курскай, Смаленскай, Калужскай абласцях). У прыватнасці, з Масквой і Маскоўскай вобласцю рэалізуюцца праекты інвестыцыйнага ўзаемадзеяння ў галіне будаўніцтва. У сваю чаргу, расійскія будаўнічыя кампаніі ажыццяўляюць будаўніцтва жылля, гасцініц і бізнес-цэнтраў у Мінску.
 
Рэгіянальнае супрацоўніцтва, такім чынам, з'яўляецца адным з найбольш дзейсных напрамкаў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Усталяванне міжрэгіянальных адносін дазваляе ўмацаваць ўзаемавыгадныя эканамічныя сувязі, аб'яднаць грамадзянскі, творчы і інтэлектуальны патэнцыялы для забеспячэння прагрэсу нашых дзяржаў.