Áåëàðóñü . Ôàêòû

ЗША і Канада

ЗША

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі Амерыкі былі ўсталяваны 28 снежня 1991 года. У 1992 годзе ў Вашынгтоне пачало працаваць Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амерыкі.

У першыя гады існавання дыпламатычных адносін паміж Беларусcю і ЗША быў створаны падмурак супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах. Адбыліся візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у ЗША ў 1995, 2000, 2005 і 2015 гадах, у тым ліку дзеля ўдзелу ў сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. У 1994 годзе Беларусь з кароткатэрміновым візітам наведаў Прэзідэнт ЗША.

Разам з тым з 1997 года Злучаныя Штаты пачалі ажыццяўляць у адносінах да Беларусі палітыку ”выбарчага ўзаемадзеяння“, якая прывяла да паніжэння ўзроўню міждзяржаўнага супрацоўніцтва.

Беларусь ніколі не была зацікаўлена ў пагаршэнні адносін з ЗША. Наадварот, нармалізацыя двухбаковых дачыненняў з’яўляецца важным кірункам знешняй палітыкі Беларусі. Беларускі бок выступае за развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння з ЗША на прынцыпах узаемапавагі і партнёрства.

У апошні час у беларуска-амерыканскіх адносінах назіраецца працэс паступовай нармалізацыі. Павысіліся ўзровень і інтэнсіўнасць кантактаў беларускага боку з дзяржаўнымі структурамі ЗША. Падтрымліваецца і пашыраецца беларуска-амерыканскае супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, барацьбы з міжнародным тэрарызмам, у міжнародных арганізацыях. У прыватнасці, Беларусь і ЗША ўзаемадзейнічаюць па пытаннях прадухілення незаконнага транзіту ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў.

Падчас візіту ў ЗША ў верасні 2015 года адбылася пратакольная сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з Прэзідэнтам ЗША Б.Абамай.

У ліпені 2017 года для ўдзелу ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Беларусь наведала дэлегацыя Кангрэса ЗША на чале з сенатарам Р.Уікерам. Падчас візіту адбылася сустрэча ўдзельнікаў дэлегацыі з Кіраўніком беларускай дзяржавы.

Беларусь і ЗША вядуць работу, накіраваную на развіццё двухбаковых стасункаў, сістэмнае нарошчванне ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы і вырашэнне пытанняў беларуска-амерыканскага парадку дня, якія выклікаюць узаемную занепакоенасць.

З кастрычніка 2015 года прыпынена дзеянне санкцый ЗША ў дачыненні да канцэрна ”Белнафтахім“ і шэрагу прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яго склад.

Злучаныя Штаты з’яўляюцца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, займаючы дзевятае-дзесятае месца па ўзроўні таваразвароту сярод краін па-за межамі СНД.

Беларускі экспарт тавараў у ЗША ў 2016 годзе склаў 129,5 млн. долараў. Беларусь экспартуе ў ЗША калійныя і азотныя ўгнаенні, прадукцыю чорнай металургіі, высокадакладную апаратуру і прылады, мэблю, ільняныя тканіны, прадукты харчавання.

Дынаміка гандлю Рэспублікі Беларусь з ЗША

млн. долараў

Перыяды

Т/абарот

Экспарт

Імпарт

Сальда

2012

705,3

71,3

634,0

-562,7

2013

676,2

89,1

587,1

-498,0

2014

627,6

120,0

507,6

-387,6

2015

568,3

122,7

445,6

-322,9

2016

644,7

129,5

515,2

-385,7

У 2016 годзе экспарт паслуг у ЗША склаў 438,4 млн. долараў. У экспарце паслуг пераважаюць кампутарныя, тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя паслугі, распрацоўшчыкамі якіх з’яўляюцца рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій.

Злучаныя Штаты з’яўляюцца адным з вядучых інвестараў у эканоміку Беларусі: за 2016 год з ЗША паступіла інвестыцый на суму 51,1 млн. долараў.

У Беларусі зарэгістравана каля 400 сумесных і замежных прадпрыемстваў з удзелам амерыканскага капіталу. Працуюць прадстаўніцтвы такіх вядомых амерыканскіх брэндаў, як EPAM Systems, Exadel, Microsoft, Hewlett-Packard, Honeywell, Pfizer, Coca-Cola і McDonald’s.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва Беларусі з рэгіёнамі ЗША, у тым ліку са штатамі Каліфорнія, Паўночная Дакота, Тэхас, Фларыда.

Падтрымліваецца супрацоўніцтва паміж беларускімі і амерыканскімі праваахоўнымі органамі, у тым ліку ў галіне барацьбы са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій.

Беларусь паспяхова ўзаемадзейнічае з ЗША ў гуманітарнай сферы. Працягваецца супрацоўніцтва з амерыканскімі дабрачыннымі арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу Беларусі па чарнобыльскай лініі. У 2016 годзе ЗША з паказчыкам 9,2 млн. долараў увайшлі ў першую тройку краін-донараў па памеры замежнай бязвыплатнай дапамогі, якая аказваецца Беларусі.

У 2016 годзе з Камісіяй ЗША па захаванні амерыканскай спадчыны за мяжой падпісана міжурадавае пагадненне аб ахове і захаванні некаторых культурных каштоўнасцей.

Канада

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Канадай усталяваны 15 красавіка 1992 года. Пасольства нашай краіны адкрыта ў Атаве ў 1997 годзе, канадскія інтарэсы ў Беларусі прадстаўляе Пасольства Канады ў Польшчы.

У перыяд з 2006 па 2015 гады афіцыйныя кантакты паміж Беларуссю і Канадай абмяжоўваліся па ініцыятыве канадскага боку. У 2006 і 2007 гадах Урад Канады таксама прыняў у дачыненні да Рэспублікі Беларусь абмежавальныя меры, выключыўшы Беларусь у рамках двухбаковага гандлю з канадскага рэжыму агульных прэферэнцый і ўвёўшы ліцэнзаванне на экспарт канадскіх тавараў у Беларусь.

У выніку азначанай у апошнія гады нармалізацыі двухбаковых адносін 12 ліпеня 2017 года Канада адмяніла абмежаванні на ажыццяўленне паставак канадскіх тавараў і паслуг на рынак Беларусі.

Беларусь і Канада вядуць работу па развіцці канструктыўных адносін як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках міжнародных арганізацый. Адноўлена практыка рэгулярнага правядзення кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, павысіўся ўзровень двухбаковых кантактаў.

Актывізуецца беларуска-канадскае ўзаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах. Канадская карпарацыя па развіцці экспарту і Камерцыйная карпарацыя Канады аднавілі супрацоўніцтва з Беларуссю. У найбуйнейшых гарадах Канады беларускім бокам арганізуюцца эканамічныя мерапрыемствы, праводзяцца візіты дэлегацый беларускіх дзелавых колаў у рэгіёны Канады.

Беларускі экспарт тавараў у Канаду ў 2016 годзе павялічыўся больш чым у чатыры разы і склаў 53,7 млн. долараў. Аснову экспарту склала прадукцыя металургічнай прамысловасці, а таксама азотныя ўгнаенні, мэбля і клееная фанера.

Дынаміка гандлю Рэспублікі Беларусь з Канадай

млн. долараў ЗША

 

Перыяды

Т/абарот

Экспарт

Імпарт

Сальда

2012

69,3

34,0

35,3

-1,3

2013

63,2

27,3

35,9

-8,6

2014

119,9

42,2

77,7

-35,5

2015

30,6

11,1

19,5

-8,4

2016

73,2

53,7

19,5

34,2

Экспарт паслуг у Канаду ў 2016 годзе склаў 8,3 млн. долараў. У экспарце паслуг пераважаюць кампутарныя, тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя паслугі, а таксама транспартныя паслугі.

У Беларусі зарэгістравана каля 40 сумесных і замежных прадпрыемстваў з канадскім капіталам і прадстаўніцтвы дзвюх канадскіх кампаній.

За 2016 год з Канады паступіла інвестыцый на суму 11,8 млн. долараў.

 

Развіваецца двухбаковае гуманітарнае супрацоўніцтва, у тым ліку па чарнобыльскай лініі.