Памер шрыфта:

Ядзернае раззбраенне, нераспаўсюджанне ЗМЗ і экспартны кантроль

Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку ў сферы ядзернага раззбраення, нераспаўсюджання зброі масавага знішчэння (ЗМЗ) і экспартнага кантролю.

Падпісаўшы ў 1992 годзе Лісабонскі пратакол, Беларусь аформіла членства ў Дагаворы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ). Гэты крок быў неразрыўна звязаны з прыняццем найважнейшага палітычнага рашэння аб далучэнні Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй.

У ліпені 1993 г. Беларусь афіцыйна далучылася да ДНЯЗ і стала першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасці валодання ядзернай зброяй, якая засталася пасля распаду СССР. Вітаючы факт далучэння Беларусі да ДНЯЗ у якасці няядзернай дзяржавы Вялікабрытанія, Расія і ЗША далі Беларусі гарантыі бяспекі, якія былі зафіксаваны ў Будапешцкім мемарандуме ад 5 снежня 1994 г.

Вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі быў завершаны ў лістападзе 1996 г. 

Беларусь разглядае абавязацельства ядзерных дзяржаў у рамках артыкула VI ДНЯЗ весці перамовы аб эфектыўных мерах па ядзерным раззбраенні ў якасці галоўнай стратэгічнай мэты Дагавора. Мы падтрымліваем збалансаваны і паэтапны падыход да ядзернага раззбраення. Беларусь падтрымала падпісанне Расіяй і ЗША ў 2010 годзе новай Дамовы аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-3) і прывітала падаўжэнне тэрміну яго дзеяння ў лютым 2021 года на 5 гадоў у якасці чарговага захаду на шляху да скарачэння ядзерных узбраенняў.

З’яўляючыся з 1992 года паўнапраўнай удзельніцай Дагавору аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, наша краіна вывела са сваёй тэрыторыі 584 ракеты сярэдняй і меншай дальнасцi з наступнай ліквідацыяй на палігонах былога СССР.

Беларусь разглядала Дагавор аб РСМД як адзін з найважнейшых элементаў сучаснай архітэктуры міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і са шкадаваннем успрыняла спыненне яго дзеяння ў жніўні 2019 г. З мэтай запаўнення прававога вакууму, які ўтварыўся пасля спынення дзеяння ДРСМД, Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка выступіў з ініцыятывай аб прыняцці шматбаковай палітычный дэкларацыі краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. 

Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Дагавор аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў 13 мая 2000 г. і выступае за яго хутчэйшае ўступленне ў сілу.

У рамках ААН Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці Камітэта Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях раззбраення і міжнароднай бяспекі. Наша краіна — традыцыйны аўтар резалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН аб забароне распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі, а таксама суаўтар шэрагу рэзалюцый, прысвечаных найбольш надзённым праблемам сферы міжнароднай бяспек і раззбраення, у тым ліку рэзалюцый ініцыянаваных Рухам недалучэння.

Беларусь прымае актыўны ўдзел у працы іншых спецыялізаваных форумаў па пытаннях раззбраення і міжнароднай бяспекі – Канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе і Камісіі ААН па раззбраенні ў Нью-Ёрку. У 2020 годзе наша краіна ўваходзіла ў склад бюро старшыняў Канферэнцыі па раззбраенні, а ў жніўні - верасні 2020 года старшынствавала на Канферэнцыі. У 2018 і 2022 гадах прадстаўнікі Беларусі абіраліся на пасаду каардынатара дапаможнага органа V Канферэнцыі, кіруючы работай Канферэнцыі па пытаннях забароны распрацоўкі новых відаў зброі масавага знішчэння, усеагульнай праграмы раззбраення і празрыстасці ў пытаннях узбраення, новых выклікаў і пагроз.

Наша краіна з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці, назапашвання і выкарыстання хімічнай зброі і аб яе знішчэнні (КЗХЗ) і Канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашванняў запасаў бактэрыялагічнай (біялагічнай) і таксічнай зброі і аб яе знішчэнні (КБТО). 

У Беларусі прыняты неабходныя заканадаўчыя акты па выкананні гэтых Канвенцый, а таксама створаны Нацыянальны орган па выкананні Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі, функцыі якога ўскладзены на Міністэрства замежных спраў і нацыянальны кантактны пункт па выкананні КБТО (Цэнтар эпідэміялогіі і мікрабіялогіі).

Беларусь паслядоўна падтрымлівае намаганні міжнароднай супольнасці па прадухіленні распаўсюджвання зброі масавага знішчэння (ЗМЗ) — ядзернай, хімічнай і біялагічнай, а таксама сродкаў яе дастаўкі, недапушчэнні яе пападання ў рукі тэрарыстаў.

Беларусь падтрымала прыняцце рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1540 (2004) па процідзеянні распаўсюджванню ЗМЗ і прадставіла ў Савет Бяспекі ААН адпаведныя даклады аб мерах, якія прымаюцца на нацыянальным узроўні. 

Наша краіна пры садзейнічанні Цэнтра па прадухіленню канфліктаў АБСЕ, Упраўлення ААН па пытаннях раззбраення і Камітэтам Савета Бяспекі ААН 1540 распрацавала нацыянальны рамачны дакумент/«дарожную карту» аб дадатковых мерах па імплементацыі рэзалюцыі 1540 і актыўна прасоўвае рэзалюцыю 1540 у рэгіянальным фармаце.

Беларусь прызнае ролю міжнародных рэжымаў экспартнага кантролю як аднаго з інструментаў па стрымліванні незаконнага распаўсюджвання ядзерных матэрыялаў, абсталявання і тэхналогій. З'яўляючыся з 2000 года членам Групы ядзерных пастаўшчыкоў, Беларусь прытрымліваецца кіруючых прынцыпаў Групы пры прыняцці рашэнняў аб пастаўках прадукцыі, якая кантралюецца. У 2010 годзе было аформлена членства Беларусі ў Камітэце Цангера. Беларусь падтрымлівае мэты і прынцыпы трох другіх міжнародных рэжымаў экспартнага кантролю – Рэжыму кантролю за ракетнай тэхналогіяй, Васенаарскіх дамоўленасцей і Аўстралійскай групы

Наша краіна з'яўляецца адной з дзяржаў – сузаснавальніц Гаагскага кодэкса паводзін супраць распаўсюджвання балістычных ракет і на рэгулярнай аснове рыхтуе штогадовыя дэкларацыі аб адсутнасці ракетнай праграмы і ўдзеле ў міжнародных намаганнях па нераспаўсюджванні ЗМЗ і сродкаў яе дастаўкі.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы